Інтэрнэт-краму imbryk.by адкрыў месяц таму прадпрымальнік Алесь Мазанік. Ён знаёмы нам па сваіх папярэдніх культурніцкіх акцыяй – перавыданьні кнігі Міхася Чарняўскага, выданьні кружэлкі зь беларускім софтам, перавыданьні фільмаў зь беларускай агучкай, прадусаваньні некалькіх музычных дыскаў. Алесь займаецца гэтай справай ужо блізу 10 год. Гутарым зь ім, ці лёгка гэта – стварыць інтэрнэт-краму прабеларускіх тавараў.
Алесь, Ваш сайт працуе ўжо амаль месяц. Распавядзіце, калі ласка, чым канкрэтна Вы займаецеся?
Алесь Мазанік: На дадзены момант я ажыцьцявіў сваю даўнюю мэту – афіцыйна зарэгістраваўся прадпрымальнікам і вось ня так даўна, з 1 красавіка адкрыў уласны сайт. Галоўная мэта сайту – папулярызацыя ды распаўсюд рознага кшталту літаратуры, музыкі, сувэніраў, цішотак і г.д. Праз гэтую дзейнасьць я хачу ў пэўнае ступені павялічыць культурніцкі ўзровень нашага грамадзтва, бо, на вялікі жаль, кожны дзень па некалькі разоў чую, што па-беларуску чытаць хочацца, але няма дзе ўзяць, фільмы праглядаць хочацца, але няма дзе прыдбаць і г.д.
Вашая інтэрнэт-крама, якая спэцыялізуецца на такіх беларускіх таварах, кнігах, дысках, цішотках, яна ўжо ня першая. Чым Вы збіраецеся заваёўваць рынак у барацьбе з канкурэнтамі?
Алесь Мазанік: Я адразу хачу сказаць, што не лічу тыя інтэрнэт-крамы, якія цяпер ёсць, канкурэнтамі па адной простай прычыне, што, па вялікім рахунку, у нас на ўсю Беларусь, акрамя майго “Імбрыку”, толькі 4 інтэрнэт-крамы зь беларускім зьмесьцівам у большае ці меншае ступені. Што датычыцца канкурэтных перавагаў, я магу так сказаць: калі падыходзіць сур’ёзна, то ў мяне ёсьць бясплатная дастаўка й па Менску, калі я сам разводжу, і па Беларусі, калі я дасылаю поштай. Раней, замаўляючы ў розных інтэрнэт-кнігарнях нешта, заўсёды лавіў сябе на думцы, што той кошт, які я бачу на сайце, ён не канчатковы, і для мяне, як чалавека пэдантычнага па натуры, гэта дастаткова напружна. Таму ў мяне людзі будуць атрымліваць тавар менавіта па тым кошце, які бачаць на сайце.
Ці няма ў Вас недахопу тавараў, ці шмат увогуле кніг, беларускай прадукцыі выходзіць у нас новых?
Алесь Мазанік: Вось гэта складанае пытанне. Калі браць, напрыклад, некаторыя менскія кнігарні, альбо нават кніжныя кірмашы, то вельмі часта людзі сутыкаюцца з тым, што яны прыходзяць і ня могуць знайсьці пэўнае колькасьці беларускамоўнае прадукцыі. Перакананы, тут галоўная праблема ў простай ляноце гандляроў. Калі, напрыклад, я прыязжаю ў нейкае выдавецтва, дзе ёсць шмат літаратуры, ня толькі беларускай, то мне трэба аб’ехаць, умоўна кажучы, 10-15 выдавецтваў, каб займець 100 найменьняў беларускае прадукцыі. Звычайнаму прадпрымальніку дастаткова дзеля гэтага паехаць на 1-2 склады. Нейкая праца за ідэю - гэта ўжо даўно досыць вялікая рэдкасьць.
Ці актыўна купляюць беларускія кнігі й дыскі? Ці можна на гэтым зарабіць і жыць з гэтага?
Алесь Мазанік: Безумоўна, тыя аб’ёмы, што цяпер ёсьць, недастатковыя для нашай амаль 10-мільённай Радзімы, аднак возьмем прыклад пачатку 90-х. Шмат хто любіць казаць, што, маўляў, тады розныя змагары ўсім казалі пра тое, што вернем мову, вернем сцяг, будзем гэта ўсё прасоўваць, але паглядзім наклады тых кніжак, нават канец 80-х-пачатак 90-х. 10, 20, 50 тысяч! І цяпер я магу сьмела сьцьвярджаць, што на сучасным кніжным рынку дзесьці 75-80% запатрабаванай літаратуры – гэта букіністычныя выданьні. Галоўная праблема беларускай распаўсюднай дзейнасці ў тым, што людзі ня ведаюць, што нешта такое існуе ўвогуле. Трэба спачатку ім гэта паказаць, а пасля яны гэта сабе захочуць, таму што калі мы ідзем па горадзе, мы не чакаем там пабачыць, напрыклад, вокладкі на пашпарт зь гістарычным гербам Пагоня, альбо фільм “Адзін дома” ў беларускім перакладзе, альбо нават таго ж “Мауглі” па-беларуску. Калі ж казаць, ці можна зарабляць на беларускім, як бы гэта не прагучэла, я лічу, што цалкам магчыма, пры пэўных намаганьнях і прафэсыяналізьме. Але з асабістага досведу запатрабаванасьці беларускага тавару, я перакананы ў тым, што беларускі бізнэс можа быць развіты ў нашае краіне нармалёва ды прыносіць прыбытак значна вышэйшы за сярэднестатычны.
А ці ўвогуле лёгка гэта - адкрыць інтэрнэт-краму зь беларускімі таварамі? Колькі для гэтага трэба заплаціць і якія падаткі сёння для такой крамы?
Алесь Мазанік: Для пачатку трэба заплаціць за стварэнне ўласнага сайту. Гэта каштуе розных грошаў, я заплаціў 1000 даляраў. Таксама ёсць штомесячныя падаткі, якія сёння складаюць, у маім выпадку 3,5 мільёны, што не залежыць ад продажаў абсалютна. Рэч у тым, што можна выбіраць розную сістэму падаткаабкладаньня, але я, як эканаміст-мэнэджар паводле адукацыі, сыходжу з таго, што бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы, таму лепш заплаціць зараз і рабіць на поўную моц, чым рухацца вельмі павольна і адпаведна атрымоўваць горшы вынік.
Скажыце, калі ласка, увогуле такая незвычайная назва для сайту з кнігамі, дыскамі – “Імбрык” – адкуль яна зьявілася, што яна значыць?
Алесь Мазанік: Калісьці, як толькі я вырашыў зрабіць інтэрнэт-краму, у мяне гэтая назва прыйшла амаль на падсьвядомым узроўні. Упершыню я хачу спалучыць сучаснасьць і архаіку, у пэўнае ступені. Імбрык – гэта такі новатвор, якога не было, умоўна кажучы, 20 гадоў таму, але гэта такое слова, якое выклікае ўсьмешку амаль ва ўсіх людзей, хто яго чуў. Для мяне імбрык - гэта як сымбаль таго, што варта разьвівацца, каб не быць імбрыкам у пэўнае сфэры жыцьця. І ў выпадку з інтэрнэт-крамай – набывайце беларускае, ня будзьце імбрыкамі!
Арцём Багданаў, Менск