Logo Polskiego Radia
Print

Дзень Перамогі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.05.2013 16:02
За апошні год вэтэранаў вайны ў Беларусі стала на 5 тыс. меней. Усё менш іх таксама ў Польшчы.
Польські ветераниПольські ветераниИсточник: zolnierzywykleci.pl

9 траўня ў Беларусі вельмі гучна сьвяткуецца гадавіна заканчэньня Вялікай Айчыннай вайны. Нагадаем, акт капітуляцыі Нямеччына падпісала 8 траўня, але Сталін прымусіў яе зрабіць гэта паўторна 9 траўня ў Бэрліне пры ўдзеле прадстаўнікоў Савецкага Саюзу. Таму ў Расеі ды Беларусі сьвята перамогі адзначаецца на дзень пазьней, чым у іншых краінах сьвету.

Сёлета ў Менску галоўнай падзеяй цэнтральных урачыстасьцяў стала шэсьце вэтэранаў вайны. Па традыцыі калёну ўзначалілі А. Лукашэнка ды іншыя высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі. Гадзіньнік быццам бы затрымаўся ў Беларусі з часоў Савецкага Саюзу. Дзяржаўнае сьвята – Дзень перамогі, са сьвяточным парадам, шэсьцем вэтэранаў, пасьля шэсьця масавыя гуляньні, а вечарам, па традыцыі, адзначэньне гадавіны завершыць сьвяточны салют. Інсцэніроўка мала адрозьніваецца ад той, якая была 30 і 40 гадоў таму, але ёсьць адна істотная розьніца – вэтэранаў вайны становіцца ўсё менш і менш. Час бяжыць няўмольна, вайна закончылася ўжо 68 гадоў, таму лёгка палічыць, колькі гадоў самаму маладому вэтэрану, калі ёй пачаў змаганьне нават у 15-16 гадоў – ужо за 80.

Паводле дадзеных Міністэрства працы, за апошні год вэтэранаў стала менш на 5 тыс. Цяпер у Беларусі пражывае іх крыху больш за 25 тыс. Калі так далей пойдзе, празь 5 гадоў не застанецца амаль нікога. Тым больш дзіўна, што сёлета дзяржава не знайшла сродкаў, каб выплаціць ім традыцыйную грашовую дапамогу, прымеркаваную да Дня перамогі. Грошы ў краіне ёсьць, але яны прызначаюцца на іншыя мэты. У гэтым годзе кіраўнік дзяржавы вырашыў абмежавацца цёплымі словамі, а грошай ня даць, - заўважае эканаміст Станіслаў Багданкевіч.

С. Багданкевіч: Вэтэранаў засталося вельмі мала, грошы на гэта знайшліся б. Гэта проста рашэньне ўладаў. Самастойнае, без абмеркаваньня. Так вырашыў А.Лукашэнка, што хопіць дапамагаць вэтэранам. А грошы ёсьць, ідуць на іншыя мэты, патрэбныя й непатрэбныя. У Беларусі вэтэранаў засталося мала, але яны ёсьць. Неабавязкова ўсе былі ў акопах, але ўсе хадзілі пад агнём, маглі быць забітыя. Я шаную тых людзей, якія прайшлі вайну. Канешне, іх вельмі мала, але гэтыя людзі ўдзельнічалі на баку пераможцаў у гэтай вялікай вайне.

Праўда, вэтэраны ў Беларусі атрымліваюць дадаткі да пэнсіі, маюць шэраг ільготаў на транспартныя й мэдычныя, камунальныя паслугі ды паслугі сувязі, але крыўдна, што не знайшліся грошы на аднаразовыя выплаты з нагоды Дня перамогі. А праз год, калі ўлады абяцалі выплаціць дапамогу на 70-ую гадавіну вызваленьня Беларусі, вялікай часткі вэтэранаў ужо можа ня быць у жывых.

У Польшчы вэтэраны таксама сьвяткуюць Дзень перамогі. Афіцыйна ён адзначаецца 8 траўня, але чальцы Саюзу вэтэранаў супрацоўнічаюць з калегамі з Расеі, Беларусі, Украіны. І сёньня яны разам з прадстаўнікамі амбасадаў ускладвалі кветкі да помніка савецкім жаўнерам у Варшаве. Але й у Польшчы вэтэранаў становіцца ўсё менш. Як сказаў нам старшыня Саюзу вэтэранаў РП і былых палітычных вязьняў Генрык Стшэлецкі, цяпер засталося толькі каля 7% чальцоў з таго часу, калі арганізацыя была створаная 23 гады таму.

Г. Стшэлецкі: Калі быў створаны наш саюз у 1990 годзе, ён налічваў 700 тыс. вэтэранаў вайны. Цяпер жа ў нас 51 тыс. чальцоў, гэта толькі 7,3%. Гэта жаўнеры з усіх франтоў. Нас запрашаюць на ўрачыстасьці адзначэньня гадавін розных важных бітваў, напрыклад, 6 чэрвеня будзе гадавіна высадкі дэсанту ў Нармандыі, у якім прымалі ўдзел і польскія жаўнеры. Учора ў Парыжы мы ўдзельнічалі ў адзначэньні гадавіны заканчэньня Другой сусьветнай вайны. У сваю чаргу, сёньня нас запрасілі ўдзельнічаць ва ўскладаньні вянкоў да помніка савецкім жаўнерам у Варшаве.

А якую дапамогу аказвае польская дзяржава вэтэранам вайны? Па словах Генрыка Стшэлецкага, гэта каля 100 эўра ў месяц, а таксама іншая падтрымка.

Г. Стшэлецкі: У нас вэтэраны атрымліваюць дапамогу – кожны месяц па 400 злотых. Зразумела, гэтыя сродкі вельмі патрэбныя пажылым людзям, якія часта хварэюць, ім неабходна купляць лякарствы, часам дарагія. Таксама польская дзяржава бярэ на сябе частку выдаткаў, зьвязаных з пахаваньнем вэтэрана. Ва ўрачыстасьці прымае ўдзел ваенны аркестар ды ганаровая варта.

Гэтыя людзі, якія прайшлі празь пекла ў ваенныя часы, заслугоўваюць пашаны й дапамогі. А, што цікава, у Польшчы Саюз вэтэранаў гуртуе ня толькі вэтэранаў вайны, але таксама былых палітычных вязьняў, якія змагаліся за незалежнасьць польскай дзяржавы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт