Logo Polskiego Radia
Print

Ісьляндыя больш ня хоча ў ЭЗ

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 23.05.2013 14:57
  • Ісьляндыя.mp3
Эканамічная сытуацыя краіны больш не вымагае падтрымкі й чалецтва ў эўрапейскай супольнасьці.

/

Першым крокам новага ўраду Ісьляндыі будзе спыненьне перамоваў з Эўразьвязам аб падпісаньні дамовы аб асацыяцыі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар пакліканага ўчора прэзыдэнтам новага ўраду. Размовы аб асацыяцыі могуць быць адноўленыя толькі ў выпадку, калі гэта падтрымаюць грамадзяне падчас рэфэрэндума.

Новы кааліцыйны ўрад у Рэйк’явіку ўзначаліў Сігмундур Давід Гунлаўгсан - старшыня цэнтрысцкай “Прагрэсіўнай партыі”. Лідар кансэрватыўнай “Незалежніцкай партыі”, якая атрымала крыху менш галасоў у красавіцкіх выбарах, Б’ярні Бэнэдыксан заняў пасаду міністра фінансаў.

Выбары прайгралі партыі “Сацыял-дэмакратычны саюз” і “Зялёны рух левых”, якія прыклалі шмат намаганьняў, каб вывесьці краіну з глыбокага й яшчэ незавершанага крызысу, імкнучыся адначасова да далучэньня Ісьляндыі да ЭЗ. Цяпер эканамічная сытуацыя краіны не вымагае падтрымкі й чалецтва ў эўрапейскай супольнасьці.

Наш госьць - Лідзія Пука зь Інстытуту міжнародных стасункаў, адзначае, што для Ісьляндыі гэта азначае вяртаньне да нормы.

Л. Пука: Пачатак перамоваў аб асацыяцыі з ЭЗ з пункту гледжаньня гісторыі Ісьляндыі было свайго роду выключэньнем з правіл, выкліканым крызысам і абвалам банкаўскага сэктара ў 2008-2009 гадах. Цяпер лідар “Прагрэсіўнай партыі”, новы прэм’ер вярнуўся да ранейшай палітыкі. Нягледзячы на гэтае рашэньне, у стасунках Ісьляндыя-Эўразьвяз эканамічная супраца застаецца бязь зьмен. Яна адбываецца на прынцыпах Эўрапейскай эканамічнай прасторы. Таму калі гаворка ідзе пра адзіны рынак ці працу, то гэтыя правілы будуць абавязваць як і раней, паводле зьвязаўскіх прынцыпаў.

Пакуль невядома, калі адбудзецца плянаваны рэфэрэндум. Як адзначае Лідзія Пука, для Эўразьвязу заява новага ўраду Ісьляндыі азначае адтэрміноўку перамоваў аб асацыяцыі на неакрэсьлены час, магчыма, дастаткова доўгі. А з пункту гледжаньня ЭЗ гэты працэс быў бы вельмі карысны.

Л. Пука: Ісьляндыя зьяўляецца стабільным эканамічным партнэрам, дзяржавай з эканамічным ростам, а беспрацоўе складае каля 5%. Але найперш гаворка ідзе пра два ключавыя моманты. Краіна мае вельмі разьвіты сэктар рыбалоўства, да якога ў выпадку асацыяцыі з ЭЗ мелі б доступ усе краіны супольнасьці. Акрамя гэтага, Ісьляндыя зьяўляецца істотнай краінай з пункту гледжаньня паўночнай Арктыкі. А гэта напрамак, які ЭЗ хоча разьвіваць. Таму стабільная эканамічна краіна, рыбалоўства й Арктыка адтэрміноўваюцца ў часе, і трэба будзе шукаць іншыя шляхі супрацы ў гэтых галінах паміж ЭЗ і Ісьляндыяй.

З пункту гледжаньня Ісьляндыі асацыяцыя з ЭЗ больш не зьяўляецца неабходнасьцю з увагі на стабілізацыю эканомікі. Сярод самых ісьляндцаў таксама пераважае меркаваньне, што чалецтва пагражае самастойнасьці краіны, абмяжоўваючы, між іншым, рыбалоўства. Лідзія Пука бачыць прычыну такога нежаданьня ў тым, што гэта невялікая па колькасьці жыхароў краіна. Абгрунтаваным зьяўляецца пытаньне, які б сапраўдны ўплыў ісьляндцы мелі на палітыку зьвязу.

Экспэрт зьвяртае ўвагу яшчэ на адзін аспэкт.

Л. Пука: У Ісьляндыі падтрымка асацыяцыі з ЭЗ складае крыху больш за 20%. Але ў дадзены момант больш за палову грамадзтва выказваецца за працягам перамоваў. І так як прэм’ер заявіў пра правядзеньне рэфэрэндума па працягу перамоваў у справе асацыяцыі, то нельга быць упэўненымі, што вынік быў бы нэгатыўным. Цалкам магчыма, што падчас рэфэрэндуму ісьляндцы сказалі б, што хочуць працягваць перамовы. Ну а тое, ці ўвогуле й калі яны стануць поўнапраўнымі цальцамі ЭЗ заставалася б “песьняй будучыні”.

Агульная колькасьць насельніцтва Ісьляндыі складае толькі 320 тысяч чалавек. Ісьляндцы складаюць 85% насельніцтва, рэшта – мігранты, найбольшую групу якіх утвараюць палякі (каля 10 тысяч.)

ав




Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт