Logo Polskiego Radia
Print

Каб зразумець беларускую песьню – трэба яе прасьпяваць

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.09.2013 09:12
  • Каб зразумець беларускую песьню – трэба яе прасьпяваць.mp3
Сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства прадставілі ў Варшаве ўнікальныя беларускія песьні.

Нашыя сёньняшнія суразмоўцы – абаяльныя дзяўчыны, якія займаюцца незвычайнай справай. Яны адраджаюць старажытныя беларускія сьпевы. Юлія Лісіца й Аліцыя Зарэмба абвергнуць міты пра тое, што на вёсцы ніхто ўжо ня памятае старажытных песень, а таксама растлумачаць, чаму меркаваньне пра сумны характар беларускіх сьпеваў – беспадстаўнае.

Калі слухаеш старажытную народную мэлёдыку песьні, цяжка паверыць, што яе сьпяваюць дваццацігадовыя дзяўчыны. Юля Лісіца й Аліцыя Зарэмба зьяўляюцца сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Юля тлумачыць, што падштурхнула яе уступіць у таварыства й заняцца адраджэньнем народных сьпеўных традыцыяў.

Ю. Лісіца: Я вельмі захапілася тым адчуваньнем беларускасьці, якое да мяне прыйшло праз песьню. Слухаць народныя песьні было для мяне нечым цікавым, але ня надта “модным”. Але калі я паспрабавала засьпяваць, то зразумела, што ўсе мае ранейшыя ўяўленьні былі памылковымі. Калі ты сьпяваеш, то ў цябе зьяўляецца зусім іншае адчуваньне песьні.

Аліцыя Зарэмба зьяўляецца полькай і працуе ў рэклямным бізнэсе. Яна занялася адраджэньнем беларускіх сьпеўных традыцыяў, бо была зачараваная Беларусьсю й яе культурай.

А. Зарэмба: Так здарылася, што я проста закахалася ў Беларусь. У Беларусі ў мяне ўжо безьліч сяброў, у тым ліку СЭТ. Мы нават разам калядавалі. Калі я пачула беларускія калядкі, то захапілася імі.

Старажытныя мэлёдыі сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства знаходзяць у вандроўках, якія ладзяць па ўсёй краіне. І казаць, што старых песень ужо ніхто ня памятае, можа толькі той, хто фальклёру ніколі не шукаў – кажа Юля.

Ю. Лісіца: Мы зьбіраем песьні ў фальклёрных экспэдыцыях, якія рэгулярна ладзім па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Апошнім часам мы наведвалі Магілёўскую й Віцебскую вобласьць, але мы стараемся кропкава ахапіць іншыя рэгіёны. Часта мы сустракаемся зь меркаваньнем, што вёска бедная, што знаўцы песень ужо памерлі й запісваць няма чаго. Магчыма, так усё выглядае, калі глядзіш збоку й гэтым не займаесься. Але варта адзін раз паспрабаваць – і пераконваесься ў адваротным.

Песьні спадарожнічалі кожнай падзеі ў жыцьці чалавека. І кожны цыкл песьняў меў сваю сымболіку, свой настрой. Даволі добра апісаныя калядныя ці вясельныя сьпевы, аднак пра тое, што ў Беларусі багатая традыцыя жаўнерскіх песень, ведаюць нямногія. Гэта як баявыя песьні, так і песьні рэкруцкія. У царскае войска хлапцоў забіралі на 25 гадоў, таму, сыходзячы з дому, яны разьвітваліся з сям’ёй назаўсёды, кажа Юля Лісіца.

Ю. Лісіца: Гэтыя песьні адлюстроўвалі пераходны пэрыяд у жыцьці мужчыны. Ён сыходзіў у невядомы сьвет і ня ведаў, ці выжыве. Што тычыцца песень, то іх можна падзяліць на тыя, якія прыдаюць баявога духу й тыя, якія напоўненыя тугой па сям’і.

Аднак несправядліва казаць пра тое, што ўсе беларускія песьні – тужлівыя, кажа Юля Лісіца. І нават за зьнешнім сумам можа хавацца зусім іншы настрой.

Ю. Лісіца: Звычайна народныя песьні сапраўды ў мінорным ладзе. Але як мінор, так і мажор можа быць розны. Мінор бывае станоўчы й натхняльны, а мажор бывае разбуральны. Адчуваць гэта вельмі важна. Староньні крытык ня зможа адчуць напоўніцу твору. Трэба яго прасьпяваць.

Суполкі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства дзейнічаюць у Менску, Магілёве, Віцебску, Гародні. Магчыма, неўзабаве суполка па вывучэньні беларускіх песень зьявіцца і ў Варшаве, куды Юлія Лісіца прыехала на вучобу. Першая сустрэча ўжо прайшла пасьпяхова.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт