Logo Polskiego Radia
Print

Рэкамэндацыі ЭП - гэта „ідэі ўчорашняга дня”

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 13.09.2013 11:11
  • raport pe.mp3
Гэтак палітоляг У.Мацкевіч пракамэнтаваў даклад Эўрапарлямэнту па сытуацыі ў Беларусі зь яго радамі для апазыцыі.

/

Эўрапарлямэнт ухваліў даклад аб сытуацыі ў Беларусі, прадстаўлены дакладчыкам па Беларусі Юстасам Палецкісам (Летува). Эўрадэпутаты заклікалі афіцыйны Менск паважаць правы чалавека й рухацца ў кірунку дэмакратычных рэформ, каб спыніць самаізаляцыю краіны ад Эўропы.

У выніковым варыяньце дакладу адзначаецца: "Нягледзячы на зьмяншэньне ў абсалютных лічбах палітычна матываваных арыштаў (паводле зьвестак праваабарончага цэнтру "Вясна", з 868 у 2011 годзе да 235 у 2012-м), захоўваецца атмасфэра рэпрэсій і запалохваньня".

У дакумэньце таксама гаворыцца, што саміт „Усходняга партнэрства” ў Вільні ў лістападзе гэтага года "можа стаць важнай магчымасьцю для паляпшэньня адносін паміж Беларусьсю й ЭЗ пры ўмове, што беларускія ўлады вызваляць і рэабілітуюць усіх палітзьняволеных".

Як мяркуе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, беларускія ўлады мусяць цяпер пралічыць, наколькі ім аплочваецца вызваленьне палітвязьняў.

А. Янукевіч: Беларускі бок можа такое рашэньне прыняць і ажыцьцявіць у любы момант. Перашкодаў для гэта няма. На мой погляд, ідуць развагі на гэты конт, хоць не заўсёды нейкімі рацыянальнымі прычынамі можа тлумачыцца дзеяньне беларускіх уладаў. Мне здаецца, што ім важна сфармуляваць для сябе, што яны разьлічваюць пабачыць у адказ з боку Эўрапейскага Зьвязу. І на гэтым фоне зацьверджаньне дакладу сп-ра Палецкіса Эўрапейскім Парлямэнтам, на маю думку, дае нейкія падставы меркаваць, што гэты дакумэнт паспрыяе таму, каб беларускія ўлады пайшлі на збліжэньне з Эўразьвязам, бо там больш-менш канкрэтна пералічваюцца накірункі, сфэры, у якіх можа ісьці супрацоўніцтва на міжурадавым узроўні ў выпадку, калі будзе прадэманстраваная павага да правоў чалавека і адбудзецца вызваленьне палітычных вязьняў.

У палітычны дыялёг паміж Менскам і Брусэлем, які магчымы пасьля вызваленьня палітвязьняў, павінны быць уцягнутыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці й апазыцыі Беларусі, падкрэсьліваецца ў дакладзе. Аднак з боку беларускіх уладаў пакуль ня бачна нават памкненьня ісьці на саступкі Эўразьвязу, мяркуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

У. Мацкевіч:
Гэта хутчэй добрае пажаданьне з боку Эўрапарлямэнту. Праблема з палітвязьнямі даволі складаная, бо нават на Ўкраіне падпісаньне дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам таксама ўпіраецца ў гэтую праблему — гэта тычыцца Юліі Цімашэнкі. У Беларусі гэта таксама першасная праблема. Аднак з боку беларускіх уладаў ня бачна нават намеру пайсьці на гэтую саступку.


Эўрадэпутаты лічаць, што беларускай апазыцыі неабходна працаваць над стварэньнем агульнай стратэгіі й пляну дзеяньняў. Стварэньню такой стратэгіі, гаворыцца ў дакумэнце, садзейнічалі б канкрэтныя меры — такія, напрыклад, як агульны сьпіс кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах 2014 года, агульная палітычная праграма, вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 года.

Гэтыя рэкамэндацыі Эўрапейскага Парлямэнту датычна выбарнай дзейнасьці беларускай апазыцыі палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць „ідэямі ўчорашняга дня”.

У. Мацкевіч: Выбараў у Беларусі як не было, так і няма. І ў бліжэйшы час ня будзе. Таму нават калі б беларуская апазыцыя са сваімі слабымі сіламі зрабіла агульныя сьпісы, вылучыла адзінага кандыдата і гэтак далей, то гэта быў бы дэманстратыўны крок. Аднак удзел у гэтых выбарах будзе тармазіць і шкодзіць разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ў краіне. Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту трохі спазьняецца, адстае ад разьвіцьця падзеяў у гэтым пункце. Гэта ідэі ўчорашняга дня. Тут хутчэй павінна быць адваротная сувязь. Было б карысна і вельмі добра, каб эўрапейскія палітыкі падтрымлівалі слушныя беларускія ініцыятывы. Але ж ініцыятывы, прапановы дзеяньняў павінны зыходзіць з самой Беларусі. На сёньня ў Беларусі пашыраецца думка, што выбарныя спэктаклі сёньняшняга беларускага рэжыму трэба калі не байкатаваць, то ставіцца да іх такім чынам, каб не станавіцца марыянэткамі ў гульні Лукашэнкі і ягонага рэжыму.

Даклад Эўрапарлямэнту па сытуацыі ў Беларусі адрасаваны Эўракамісіі, Вярхоўнаму прадстаўніку ЭЗ па зьнешняй палітыцы й палітыцы бясьпекі, Радзе ЭЗ і дзяржавам супольнасьці.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт