Беларускія піраты
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
18.09.2013 12:57
Фабрыкі ва ўсім сьвеце падрабляюць славутыя маркі, але дзіўна, што ў гэтым адкрыта прызнаецца чыноўнік.
“Піраты зь Беларусі” – артыкул з выданьня „Dziennik – Gazeta Prawna”. У сьпісе дзяржаўных сьвятаў адно з важнейшых месцаў займаюць дажынкі. У гэтым годзе кіраўнік Белдзяржхарчпраму заявіў, што фабрыка Спартак рыхтуе прыемны сюрпрыз на дажынкі. Яна пачне выпускаць шакаладныя батончыкі з нугой, такія, як Марс ці Снікерс, каб беларусы не куплялі замежнай прадукцыі, а спажывалі сваё.
Зразумела, у тым, што фабрыкі ва ўсім сьвеце спрабуюць падрабляць славутыя маркі, няма нічога дзіўнага. Але дзіўна, што ў гэтым адкрыта прызнаецца чыноўнік на старонках дзяржаўнага выданьня. Праўда, гэта ня першы раз, калі беларуская дзяржава небясьпечна набліжаецца да пірацтва. Перад чэмпіянатам сьвету па футболе ў 2002 годзе дзяржаўная тэлевізія БТ вырашыла ашчадзіць на правах трансляцыі. Стартавы матч Францыя – Сэнэгал быў без дазволу ўзяты з расейскай тэлевізіі, разам з голасам дыктара. Зразумела, пачаўся скандал, тым больш, што пакараньне пагражала таксама расейцам, якія ні пра што ня ведалі. У выніку Менск заплаціў за чарговыя матчы.
Беларуская тэлевізія часам таксама транслявала амэрыканскія фільмы, спампаваныя з сайтаў зь пірацкімі стужкамі. У сваю чаргу, дзяржаўная тэлекампанія СТВ паказала чатыры сэрыі ўласнага сэрыялу “Тэарэтыкі”, які аказаўся вернай копіяй вядомага замежнага сэрыялу. Паўтараліся сцэны, а нават імёны герояў. СТВ зьняла з праграмы фільм, калі аказалася, што частка актораў парвала кантракты, баючыся скандалу.
Гэта забаўныя прыклады, але яны паказваюць, як беларускія ўлады разумеюць свабодны рынак і ягоныя правы. У прававой дзяржаве патрэбныя ня толькі сумленныя выбары й свабодная прэса, але таксама правілы, без якіх капіталізм становіцца ўласнай пародыяй.
Dziennik Gazeta Prawna/нг