Logo Polskiego Radia
Print

Пабочны эфэкт выхаду з крызысу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.11.2013 15:39
Эўразьвяз пачынае паволі выходзіць з крызысу.

/

Пра гэта сьведчаць ня толькі эканамічныя дадзеныя, але й такі паказчык, як рост нелегальнай іміграцыі. Стары канктынэнт зноў становіцца прыцягальным месцам для нелегалаў, піша штодзёнка “Dziennik Gazeta Prawna”.

Пра гэта нагадала нядаўняя трагедыя ў водах Міжземнага мора, калі непадалёк італьянскай выспы Лямпэдуза затануў карабель зь нелегальнымі мігрантамі, загінула 359 чалавек. Сытуацыя гэтай выспы, колькасьць жыхароў якой зраўнялася з колькасьцю асобаў, якія знаходзяцца ў асяродку для імігрантаў – далёка ня самая горшая. Шлях у Эўропу праз цэнтральную частку Міжземнага мора, празь Лямпэдузу, Сыцылію ды Мальту, далёка ня самы папулярны. У першай палове гэтага году ў два разы больш нелегалаў затрымана на мяжы ЭЗ у раёне Заходніх Балканаў ды Ўсходняга Міжземнамор’я.

Пры гэтым, зазначаюць спэцыялісты, далёка ня ўсе жадаючыя трапіць у ЭЗ уцякаюць ад перасьледу ў сваёй краіне. У выпадку эрытрэйцаў, сырыйцаў, самалійцаў ды афганцаў, якія ірвуцца ў Эўропу праз цэнтральную ды ўсходнюю частку Міжземнага мора, прычынай ёсьць грамадзянская вайны ды рэпрэсіі. Аднак большасьць нелегалаў прыбывае ня з гэтых краінаў. Паводле дадзеных Фронтэксу, службы памежнай аховы ЭЗ, сёлета найбольш уцекачоў было з Косава ды Альбаніі. Пра гэтыя краіны нельга сказаць, што там пануюць дыктатуры ды ідзе вайна. Падобная сытуацыя й са зваротамі па палітычны прытулак. У 2013-м годзе прытулку ў ЭЗ прасіла найбольш расейцаў ды сэрбаў. Сырыйцы былі далёка за імі.

Гэта яшчэ раз сьведчыць, што нашмат часьцей нелегальныя імігранты кіруюцца эканамічнымі прычынамі, жаданьнем зарабіць, а не перасьледам і вайной. Статысты кажуць, што рост колькасьці затрыманых на межах зьвязаны наўпрост з паказьнікамі эканамічнага росту. Цягам апошніх 6 гадоў паказчык нелегальнай міграцыі быў найвышэйшым у 2008-м годзе, то бок у дакрызысны год. У 2011-м годзе колькасьць нелегалаў змалела. Аднак, ЭЗ не змог выкарыстаць гэтую каньюнктуру. Брусэль ня ведае, як вырашыць праблему нелегальных імігрантаў.

Узмацненьне памежнага кантролю крыху палепшыла сытуацыю, але не разьвязала. Краіны поўдня Эўропы, з першай лініі наплыву імігрантаў, патрабуюць дапамогі й салідарнасьці. Аднак рэшта ЭЗ гатова плаціць выключна за ўмацаваньне межаў ды новыя асяродкі для эмігрантаў. Што зрабіць з прыбылымі – ніхто ня ведае, піша польскае выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт