Logo Polskiego Radia
Print

Рэйтынг Лукашэнкі ўпаў да 34%

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.01.2014 16:50
  • nisepd.mp3
Назіраецца таксама значнае зьніжэньне ўзроўню даверу насельніцтва практычна да ўсіх інстытутаў улады.

Упершыню з сакавіка 2012 года рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі пачаў выразна зьмяншацца. Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) у выніку апытаньня грамадзкай думкі выявіў, што ў сьнежні мінулага года за Лукашэнку гатовыя былі прагаласаваць толькі 34,8% рэспандэнтаў. У верасьні 2013 года гэта было на амаль 8% больш – 42,6%. Якія прычыны зьмяншэньня папулярнасьці беларускага лідара й ці гэта трывалая тэндэнцыя?

Гэты рэйтынг пацьвярджаецца такама адказам на закрытае пытаньне, згодна з якім за Лукашэнку гатовыя галасаваць яшчэ менш - 32,6% апытаных. Упершыню за апошнія два гады колькасьць людзей, якія лічаць, што пасьля сыходу Лукашэнкі будзе лепш, перавысіла лічбу тых, хто мяркуе, што жыцьцё ў краіне пагоршыцца (адпаведна 25,2% і 21,5%). Беларусы страцілі надзею на лепшае жыцьцё – гаворыць прафэсар сацыялёгіі Алег Манаеў.

А. Манаеў: Калі ўзяць дынаміку за ўвесь 2013 год – дынаміку адносінаў народу да ўладаў, палітыкі ды эканомікі, то вынікі гэтага апытаньня відавочныя: надзеі беларускага грамадзтва на тое, што сытуацыя сур’ёзна палепшыцца і будзе далей паляпшацца ў параўнаньні з крызысам 2011 года, не апраўдаліся. Паводле ўсіх паказчыкаў назіраецца падзеньне. Прычым, гэта значнае падзеньне, не ў межах статыстычнай памылкі, а каля 6-8%, а нават да 10 адсоткаў.

Наступны наш суразмоўца – Віталь Рымашэўскі. Лідар Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі мяркуе, што папулярнасьць Лукашэнкі цяпер ня больш за 30%. Ён скептычна ставіцца да апытаньня - прыводзіць прыклад апошніх выбараў у краіне, калі НІСЭПД памыліўся ў сваіх ацэнках.

В. Рымашэўскі: Пачынаючы ад кампаніі ў парлямэнт у 2012 годзе, я не магу давяраць НІСЭПД, таму што ўсе назіральнікі зафіксавалі байкот, а НІСЭПД даў яўку ў 55%. Празь некалькі месяцаў разыходжаньні патлумачылі тым, што яны не ўлічылі 1,5 млн. працоўных эмігрантаў зь Беларусі. А наконт рэйтынгу Лукашэнкі я сумняюся, што ён зараз нават 30%. Ад НІСЭПД я чакаю, што ў 2015 годзе, пасьля выбараў прэзыдэнта, рэйтынг у іх будзе 50 зь нечым адсоткаў. Гэта зноў перадрукуе Савецкая Беларусія і будзе падстaва казаць – маўляў, ён усё ж такі перамог. Гэта няпраўда.

8% - гэта немалая лічба, але ня трэба перабольшваць – гэта яшчэ не трывалая тэндэнцыя. Сацыялягічны маніторынг мае вартасьць толькі тады, калі можна параўнаць нейкія доўгія трэнды. Па пытаньні рэйтынгу Лукашэнкі няма такой тэндэнцыі. Аб гэтым перакананы палытычны аглядальнік, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

У. Мацкевіч: Вось калі гэта стане трэндам, то тады да гэтага трэба ставіцца больш грунтоўна. Гэтае падзеньне можа быць зьвязанае з тым, што трохі зьменшылася “накачка” у афіцыйных СМІ – больш уплывовымі сталі крытычныя заўвагі. Самі ўлады падавалі дастаткова шмат крытычных матэрыялаў пра сaміх сябе. Кадравыя зьмены, разносы, якія рабіў Лукашэнка сваім чыноўнікам і гэтак далей. Усё гэта ўплывае, але гэтыя ўплывы сытуацыйныя. Трэба сачыць за тым, як будзе мяняцца грамадзкая думка.

Назіраецца таксама значнае зьніжэньне ўзроўню даверу насельніцтва практычна да ўсіх інстытутаў улады: арміі, судоў, дзяржаўных СМІ, КДБ, міліцыі і г.д. Людзі заўважаюць, што сытуацыя агулам пагаршаецца, справы ідуць у дрэнным напрамку. Але нельга рабіць выснову, што народ пачне бунтавацца – адзначае Алег Манаеў.

А. Манаеў: Там ёсьць канкрэтны паказчык – як вы думаеце, ці сытуацыя ў краіне паляпшаецца, ці пагаршаецца. Расьце адсотак тых, хто мяркуе, што справы ідуць у няправільным напрамку. Але нават гэты факт я б не пераацэньваў. Калі б мы з вамі селі і прасачылі за падобнымі апытаньнямі, якія праводзіліся цягам апошніх 20 гадоў, то заўважылі б, што такое ўжо было. Таму я не магу сказаць на падставе гэтых апытаньняў, што праз паўгода-год усё зьменіцца ў краіне.

У падсумаваньні апытаньня зазначаецца, што яно праводзілася да таго часу, калі Беларусь атрымала ад Расеі двухмільярдны крэдыт ды іншыя прэфэрэнцыі, якія дазволяць ёй залатаць дзіркі ў бюджэце. Магчыма, пасьля гэтага рэйтынг беларускіх уладаў зноў пойдзе ўверх.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт