Пакуль у Кіеве палалі пакрышкі ды аўтобусы “Беркуту”, беларусы масава ішлі пакланіцца Дарам вешчуноў. Пад Гомелем пахавалі забітага на Майдане Беларуса Міхаіла Жызьнеўскага. Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз даў надзею чыноўнікам, заявіўшы, што ён не супраць стварыць партыю ўлады. А Белстат падлічыў, што кожны беларус за месяц выпівае ня менш за 4 бутэлькі гарэлкі. Ці зьяўляюцца беларусы рэлігійнымі людзьмі? Навошта Аляксандру Лукашэнку ствараць сваю партыю? Чаму навучыліся беларусы на кіеўскім Майдане? Гэтыя ды іншыя тэмы ў “Палітычным люстэрку” абмяркоўваюць Павал Усаў і Аляксандар Папко.
Менск абагнаў Маскву па колькасьці людзей, якія прыйшлі пакланіцца праваслаўнай сьвятыні – Дарам вешчуноў. За 5 дзён пакланіцца рэліквіі прыйшлі 460 тысячаў чалавек. Чым растлумачыць такую цікавасьць людзей? Ці гэта прыкмета таго, што рэлігійнасьць беларусаў расьце, а праваслаўная царква становіцца ўсё больш папулярнай і ўплывовай?
П. Усаў: На маю думку, гэта яскравая праява дактрыны “праваслаўнага атэізму”. Людзі ня маюць веры, не жывуць паводле запаветаў, але выконваюць усю абраднасьць, якая навязваецца зьверху. Сытуацыя прыгадвае мне Эўропу часоў Сярэднявечча, калі грамадзтва жыло насамрэч у ідэалягічным вакууме й пакланялася пальцам сьвятых, шчэпкам ад крыжа Хрыста, цьвікам, якімі прыбівалі Хрыста да крыжа. А іх былі сотні па ўсёй Эўропе!
У савецкія часы людзі хадзілі да помніка Леніну, цяпер зноў ходзяць пакланяцца не каштоўнасьцям. а штучным рэчам. Складваецца такое ўражаньне, што беларусам, як і расейцам, па-сутнасьці бяз розьніцы каму пакланяцца. Гэтую духоўную неадукаванасьць выкарыстоўваюць для маніпуляцыяў улады, а таксама праваслаўная царква.
Палітычную сэнсацыю агучыў 23 студзеня Аляксандар Лукашэнка. Ён заявіў, што не супраць стварэньняў Беларусі партыі ўлады. Ці такая партыя сапраўды зьявіцца і навошта яна патрэбная Аляксандру Лукашэнку?
П. Усаў: Па-першае, такія заявы гучалі ўжо не адзін раз. Па-другое, патрэбы ствараць такую партыю ў сёньняшняй сытуацыі няма. Па-трэцяе, гэта патрабуе даволі вялікіх фінансавых выдаткаў. У Беларусі ёсьць і піянэрская арганізацыя, і БРСМ, якія пахлынаюць даволі шмат грошай, а рэальных вынікаў не даюць. Наўрад ці такая партыя ўзмоцніць аўтарытэт улады.
Уся намэнклятура і так зьяўляецца, па-сутнасьці партыяй улады. Дык навошта тады ствараць дадатковы штучны інстытут? Хацелася б яшчэ зазначыць, што стварэньне партыі можа прывесьці да зьяўленьня новага цэнтру ўлады. А ў будучыні гэта можа дэстабілізаваць палітычную сыстэму Лукашэнкі.
Трывожныя лічбы агучыў 25 студзеня Белстат. Беларусы ў мінулым годзе спажылі 90,5 мільёнаў тонаў чыстага сьпірту. Такім чынам, на кожнага беларуса – ад немаўля да старога, прыходзіцца па 48 бутэлек гарэлкі ў год. Сярэдні дарослы чалавек, паводле такіх разьлікаў, за год выпівае каля 80 бутэлек – больш за 6 бутэлек у месяц. Чаму беларусы столькі п’юць?
П. Усаў: Да гэтага прывялі й старая традыцыя ды ўплыў савецкай культуры, а таксама сыстэмная дэградацыя – людзі шукаюць у бутэльцы магчымасьць уцячы ад цяжкой рэальнасьці. Трэцяя прычына – малая прастора для ўласнай рэалізацыі. Маладыя мужчыны п’юць, бо не знаходзяць сабе месца ў жыцьці. Гэта вялікая праблема, але ўлады ня бачаць патрэбы яе вырашаць. П’яны дурны народ – гэта аснова стабільнасьці сёньняшняга рэжыму.
У аўторак пад Гомелем разьвіталіся з Міхаілам Жызьнеўскім – беларусам, забітым на кіеўскім Майдане. За два дні да гэтага ў Чаркасах моцна зьбілі журналістаў “Белсату”. З усіх народаў-суседзяў Украіны беларусаў на ўкраінскіх барыкадах было хіба найбольш. Ці зьмяніў Майдан нешта ў сьвядомасьці беларусаў? Вобразна кажучы, ці дзесяткі маладзёнаў, якія біліся на вуліцы Грушэўскага будуць так жа дзейнічаць у Менску?
П. Усаў: Беларускія “легіянэры”, якія сёньня змагаюцца ва Ўкраіне, былі б вельмі прыдатныя для працэсу зьменаў у Беларусі. Аднак пакуль што сыстэма эфэктыўна нэўтралізуе ўсе пагрозы. Беларусы, якія знаходзяцца ці яшчэ паедуць ва Ўкраіну, змогуць набрацца каштоўнага досьведу, які пазьней можа быць выкарыстаны ў Беларусі.
Што ж тычыцца самой Украіны, то драматычныя падзеі, якія там адбываюцца, прынясуць пазытыўны вынік толькі тады, калі апазыцыя дойдзе да ўлады й пачне праводзіць сур’ёзныя эканамічныя рэформы. Рэформы гэтыя павінныя прывесьці да пазытыўных, рэальных і відавочных зьменаў у краіне.
Калі гэтага не адбудзецца, то ўсе ахвяры Майдану акажуцца дарэмнымі, а Лукашэнка й Пуцін змогуць яшчэ раз сказаць, што рэвалюцыі нічога добрага не прыносяць. У Кіеве ідзе сур’ёзная барацьба за правы й каштоўнасьці, але права быць свабодным павінна быць сур’ёзна падмацаванае дабрабытам усяго насельніцтва. Бяз гэтага свабода вельмі хутка згіне.
Размаўляў Аляксандар Папко