Logo Polskiego Radia
Print

Сусьветны дзень здароўя

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.04.2014 15:07
У гэтым годзе лейтматыў мерапрыемстваў - хваробы, якія пераносяц камары і кляшчы.

Клопат пра здароўе нацыі – адна з важнейшых задачаў кожнай сумленнай дзяржаўнай улады. Як правіла чалавек пачынае задумвацца пра сваё здароўе толькі тады, калі яно ўжо кульгае – пачынае балець тут і там, і тады згадваюцца словы Адама Міцкевіча са славутага “Пана Тадэвуша” – Літва, мая айчына – ты як здароўе, той толькі ведае, як цябе трэба цаніць, хто цябе страціў. І таму як мінімум раз у год, у Сусьветны дзень здароўя, лекары ды ўсе, хто займаецца лячэньнем і прафіляктыкай, стараюцца нагадваць людзям аб важнасьці прафіляктычных мерапрыемстваў.

pl.wikipedia.org
pl.wikipedia.org

Сусьветны дзень здароўя адзначаецца кожны год 7 красавіка, у гадавіну ўступленьня ў сілу статуту Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Кожны раз Сусьветны дзень здароўя праходзіць пад адным лейтматывам, адной тэмай, якой прысьвечаны мерапрыемствы як 7 красавіка, так і доўгі час пасьля гэтай даты. Сёлета асноўнай тэмай зьяўляецца прафіляктыка захворваньняў, якія пераносяцца насякомымі і павукападобнымі – гэта значыць, камарамі ды кляшчамі. Маленькі ўкус можа стаць крыніцай вялікай праблемы. У нашым клімаце камары не пераносяць хваробаў, але асабліва небясьпечнымі могуць быць кляшчы, паколькі яны пераносяць вірусы і бактэрыі, якія могуць стаць прычынай барэліозу, які інакш называюць хваробай Лайма.

Найбольш характэрным сымптомам барэліозу зьяўляецца мігруючая эрытэма – моцнае пачырваненьне скуры, якое сьведчыць пра запальны працэс, - адзначае прафэсар Станіслава Тылеўска-Вежбаноўска.

С. Тылеўска-Вежбаноўска: Пачырваненьне ў месцы ўкусу кляшча, якое паяўляецца не адразу, а праз прыкладна 10 дзён і паступова павялічваецца. Можа ахапіць нават вельмі вялікі абшар цела. І гэта характэрны сымптом толькі барэліозу – хваробы Лайма. Калі лекар бачыць такую эрытэму, ён ведае, нават без аналізаў, якая гэта хвароба і неадкладна пачынае лячэньне.

Як пазьбегнуць укусу кляшча і заражэньня хваробай? Прафэсар Тылеўска-Вежбаноўска падкрэсьлівае, што вельмі важна карыстацца рознымі сродкамі, якія адпужваюць насякомых і кляшчоў . А пасьля вяртаньня з прагулкі па лесу неабходна вельмі дакладна аглядзець цела, каб адразу выдаліць кляшча.

С. Тылеўска-Вежбаноўска: Клешч – гэта не камар, які кусае хутка і ляціць далей, і за гэты кароткі час укусу перадае мікробы чалавеку. Клешч заражае, калі п’е кроў. А гэты працэс працягваецце некалькі дзён, прынамсі ў дарослых індывідуумаў. І таму, калі мы выдалім кляшча цягам некалькіх першых гадзін з таго моманту, калі ён укусіў, то заражэньня ня будзе.

У гэтым годзе была вельмі цёплая зіма, і таму на лугах і ў лясах выключна многа кляшчоў. Можна зрабіць прывіўку ад запаленьня мозгу, якое таксама пераносяць кляшчы, але няма прывіўкі ад барэліозу. Так што неабходна памятаць пра некалькі простых правілаў, аб якіх згадала лекар.

Здароўе ў кожнага сваё, але палітыкі не былі б палітыкамі, калі б ня выкарысталі такую нагоду дзеля таго, каб паказацца ў СМІ ды нагадаць пра сябе. У польскім сэнаце адбыліся дэбаты пра грамадзкае здароўе з нагоды Сусьветнага дня здароўя. Сустрэчу наладзіла галоўная апазыцыйная партыя Права й справядлівасьць. Яе лідар Яраслаў Качыньскі даўно запрашаў на дэбаты прэм’ер-міністра Дональда Туска, але той не згадзіўся прыйсьці, высылаючы свайго міністра здароўя.

Міністар Барташ Арлуковіч прадставіў на сустрэчы пакет законаў, датычных аховы здароўя, якія былі перададзеныя дзеля грамадзкіх слуханьняў. Гаворка ідзе пра зьмяншэньне чэргаў да лекараў, лячэньне анкахворых ды новую арганізацыю Нацыянальнага фонду здароўя – грамадзкай установы, якая фінансуе лячэньне.

Б. Арлуковіч: У мяне ёсьць падрыхтаваны пакет законаў і распараджэньняў, якія мы сёньня перададзім дзеля грамадзкіх слуханьняў. Гэтыя законы датычаць часу чаканьня візыту ў лекара-спэцыяліста і новых прынцыпаў працы фонду здароўя, а таксама прынцыпаў лячэньня ў анкалёгіі.

Для лідара Права й справядлівасьці Яраслава Качыньскага рашэньне Дональд Туск не прыходзіць на дэбаты сьведчыць аб тым, што прэм’ер-міністар аказаўся баязьліўцам. Пасьля такога заяўленьня Качыньскі пакінуў залю паседжаньня.

Я. Качыньскі: Мне шкада, што я не магу падыскутаваць з прэм’ерам. Таму - што мне застаецца рабіць – падзякаваць вам. Я кажу адкрыта, што я прыйшоў на сустрэчу з Тускам, але сустрэчы не было. І таму ўсім дзякую.

Такім чынам тэма здароўя, такая важная для палякаў, аказалася зусім ня важнай для старшыні галоўнай партыі апазыцыі Яраслава Качыньскага. Яго не цікавіла тое, аб чым казалі сабраныя экспэрты, а толькі тое, што на дэбаты не прыйшоў яго палітычны супернік, - падсумаваў прадстаўнік Грамадзянскай плятформы Анджэй Галіцкі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт