Калі падзеі ва Ўкраіне будуць разгортвацца паводле найгоршага сцэнару, у Беларусі могуць зьявіцца ўцекачы з Украіны – не выключае палітоляг Павал Усаў. Аднак тыя, хто лічыць, што міграцыя дапаможа вырашыць праблему недахопу працоўных рук – памыляюцца. Пэрспэктывы міграцыі з Украіны, павышэньне камунальных аплатаў ды іншыя тэмы тыдня абмяркоўваюць у “Палітычным люстэрку” Павал Усаў і Аляксандар Папко.
Беларусы пачнуць аплачваць 100% коштаў электрычнасьці й газазабесьпячэньня ўжо ў 2015 годзе. Пра гэта 9 красавіка заявіў беларускі віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін. Іншыя камунальныя паслугі будуць аплачвацца на 60%. Сёньня беларусы аплачваюць толькі 28% коштаў камунальных паслугаў. Пляны павышэньня аплатаў да 100% іх коштаў агучваліся ўжо шмат разоў, але ніколі не рэалізаваліся. Ці будуць яны выкананыя цяпер? Ці не выкліча рэзкае павышэньне “камуналкі” пратэсты?
П. Усаў: У апошнія гады ўлады мэтанакіравана павышаюць аплаты за камунальныя паслугі, уводзяць дадатковыя тарыфы за перарасход электраэнэргіі, вады. Павышэньнем аплатаў улады намагаюцца залатаць дзіры ў бюджэце. Доўгія гады падтрымка Лукашэнкі трымалася на там, што дзяржава забясьпечвала нізкія тарыфы камунальных паслугаў. Цяпер па прычыне глыбокага сыстэмнага крызысу эканамічная сытуацыя пагаршаецца. Рэфармаваць сыстэму Лукашэнка не зьбіраецца. таму яму застаецца толькі павышаць тарыфы для грамадзянаў.
Ці прывядзе гэта да пратэстаў? Наўрад ці. Беларусы ўжо прызвычаіліся да росту коштаў. Яны псыхалягічна гатовыя да таго, што эканамічная сытуацыя будзе пагаршацца.
11 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сотні ўкраінцаў ужо просяцца ў Беларусь. Ці ў Беларусь сапраўды накіруецца хваля мігрантаў з Украіны? Да якіх наступстваў гэта прывядзе? Ці ўдасца, напрыклад, коштам міграцыі вырашыць вострую праблему недахопу працоўных рук?
П. Усаў: Калі сытуацыя ва Ўкраіне дасягне вяршыні напружанасьці, гэта значыць калі пачнуцца сапраўдныя баявыя дзеяньні, то можна спадзявацца хвалі міграцыі ва ўсе суседнія дзяржавы. Аднак цяжка сказаць, ці такая міграцыя вырашыць праблему недахопу працоўных рук. Бежанцы не зьяўляюцца кваліфікаванай рапцоўнай сілай. Гэта жанчыны, дзеці, людзі без кваліфікацыі. Трэба забясьпечваць іх дахам над галавой, ствараць лягеры для ўцекачоў, даць мінімальныя грошы на жыцьцё. Таму для суседніх краінаў гэта будзе больш цяжарам, чым магчымасьцю вырашыць эканамічныя праблемы.
Аляксандар Лукашэнка востра раскрытыкаваў працу піваварнай галіны і фактычна загадаў абмежаваць імпарт замежнага піва. За апошнія гады ў прыватныя і дзяржаўныя бровары было ўкладзена 300 мільёнаў даляраў. Аднак нават з сучасным абсталяваньнем піўзаводы выпускаюць дарагую прадукцыю й рынак займаюць замежныя брэнды. Чаму так адбываецца? І чаго чакаць мільёнам аматараў піва ад абмежаваньня імпарту?
П. Усаў: Абмежаваньне канкурэнцыі заўсёды нэгатыўна адбіваецца на якасьці прадукцыі. з 2011 году беларускія ўлады намагаюцца зачыніць беларускі рынак ад любой прадукцыі, як з Захаду, так і з Усходу. Абмежаваньне імпарту піва ўкладаецца ў агульную лёгіку беларускіх уладаў. Але гэты крок прывядзе толькі да падзеньня якасьці беларускага піва, якое й так не карыстаецца посьпехам. І прычына гэтага не ў высокай цане, а ў ніжэйшай, у параўнаньні з, перш за ўсё, украінскімі вытворцамі, якасьцю. Улады могуць адміністрацыйна абараніць беларускіх вытворцаў піва, але гэта ня будзе ў інтарэсах звычайнага спажыўца. Хаця, як мы ведаем, беларускія ўлады ніколі ня думалі ў інтарэсах звычайнага спажыўца і грамадзяніна.
11 красавіка мінула тры гады з дня тэракту ў менскім мэтро. 12 чалавек тады загінула, больш за 200 былі параненыя. Тэракт не пахіснуў ўяўленьня пра Беларусь як пра спакойную краіну, не зьмяніў ладу жыцьця менчукоў. Ці знойдзеныя адказы на ўсе пытаньні, зьвязаныя з выбухам? Ці ёсьць гарантыя таго, што тэракт не паўторыцца?
П. Усаў: Гарантыяў ніякіх няма. Да канца існаваньня гэтага рэжыму застанецца пытаньне, ці былі Канавалаў і Кавалёў ня тое што выканаўцамі тэракту, а ці ўвогуле яны ўдзельнічалі ў яго падрыхтоўцы. Невядомай застаецца матывацыя меркаванага выканаўцы гэтага тэракту Канавалава. Нават у ахвяраў выбуху засталося адчуваньне, што ўлады нешта хаваюць.
Усе доказы, якія б маглі выклікаць пытаньні й ініцыяваць новае да расьсьледаваньне, былі зьнішчаныя. Калі зьменіцца палітычная сыстэма, то матэрыяльных доказаў для новага сьледзтва ужо ня будзе. Застанецца толькі выцягваць інфармацыю са сьледчых, судзьдзяў, пракурора. Асноўным пытаньнем насамрэч застаецца, ці былі ўлады альбо нейкія каляўладныя групоўкі замешаныя ў гэты выбух.
Размаўляў Аляксандар Папко