Размова з Джэфры Саксам, адным з найважнейшых сусьветных эканамістаў. Ён быў дарадчыкам урадаў Лацінскай Амэрыкі, Расеі, Азіі й Афрыкі. Цяпер - спэцыяльны дарадчык генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна. У 1989 годзе разам з Дэвідам Ліптанам Джэфры Сакс падрыхтаваў плян эканамічных рэфромаў для Польшчы, які стаў падставай гэтак заванага пляну Бальцэровіча.
Newsweek: У жніўні 1989 вы напісалі 10-старонкавы тэкст, які стаўся падставай эканамічных рэформаў у Польшчы. Праўда, што вы атрымалі на гэта ледзь некалькі гадзін?
Джэфры Сакс: Праўда. Усё пачалося ў кватэры Яцэка Кураня (адзін зь лідэраў апазыцыі ПНР, двойчы міністар працы і сацыяльнай палітыкі- рэд.), аднаго з найвялікшых людзей, якіх я сустрэў у маім жыцьці. Кватэра была маленькая, а Курань паліў як паравоз. Некалькі гадзін я тлумачыў, як можна выправіць беспарадак, які пакінулі камуністы. Курань наканец сказаў: „Я зразумеў, а вы ўсё гэта напішыце”. Была 11-ая ночы. Я хацеў разьвітацца: Заўтра адлятаю ў Амэрыку. Вышлю вам дакумэнт праз два тыдні”. На што Курань сказаў: „Не, мне гэта патрэбна заўтра раніцою”. Я засьмяяўся. Але ён упіраўся: „Я сур’ёзна кажу, мне гэта патрэба на заўтра”. І такім чынам я разам з Дэвідам Ліптанам у сядзібе „Газэты Выборчай”, якая тады знаходзілася ў дзіцячым садку, працаваў да чатырох раніцы і адразу мы перадалі тэкст Кураню, Герэмку, Міхніку.
Newsweek: Вы верылі, што гэта ўдасца?
Джэфры Сакс: Я ведаў адно: што гэта неабходна рэалізаваць, але прызнаюся, што я ня быў упэўнены, што гэтыя рэформы ўдасца ажыцьцявіць. Трэба было сказаць: „Заўтра кашмар скончыцца”. Не было гарантыяў, што людзі ў гэта павераць. Але не было іншага выйсьця. Прэм’ер Мазавецкі падтрымаў мае радыкальныя прапановы, за што я яму вельмі ўдзячны. А Бальцэровіч (віцэ-прэм’ер і міністар фнансаў ва ўрадзе Т.Мазавецкага – рэд.) – чалавек жалезнага характару, вырашыў, што мая лінія правільная і не адступаў ні на крок. І гэта Польшчы дало карысьці.
Newsweek: Некаторыя ўкраінцы кажуць, што добра было б пайсьці польскім шляхам. Вы лічыце гэта мрояй, і кожны, хто думае, што Ўкраіна можа стаць стабільнай без супрацоўніцтва з Расеяй, ашалеў. І што Захад павінен адкрыта гэта сказаць.
Джэфры Сакс: Украінцы, якія імкнуцца адарвацца ад Расеі і далучыцца да Захаду, як Польшча, зусім памыляюцца. Мы гэты сцэнар спрактыкавалі ў 2008 у Грузіі. Я сустрэўся тады з прэзыдэнтам Саакашвілі. І ён таксама казаў, шо Грузія далучыцца да NATO і ЭЗ. Мне прыкра гэта сказаць, але я тады падумаў, што Саакашвілі зусім адарваны ад рэчаіснасьці. Справа не ў тым, каб ахвяраваць Украіну на алтары гісторыі. Спрацоўніцтва з ЭЗ прынясе Ўкраіне карысьці, але трэба гэта зрабіць такім чынам, каб Украіна не парывала з Расеяй. Украіна, нягледзячы на тое, ці мы гэта жадаем, ці не, не вызваліцца ад расейскага мядзьведзя. Расея - гэта галоўны эканамічны партнэр Украіны і галоўны пастаўшчык паліва і крэдытаў. Пуцін паводзіў сябе вельмі дрэнна, парушыў міжнароднае права. Затое Захад быў вельмі наіўны, калі думаў, што зьвяржэньне ўраду Януковіча ня выкліча ніякай рэакцыі Крамля. Трэба зусім ня ведаць расейскай гісторыі, каб так думаць. Расея ніколі не пагодзіцца мець вялікага прозаходняга суседа пад сваім носам. Таму што Расеяй кіруе страх.
- сказаў у размове з Newsweek Polska Джэфры Сакс, адзін з найважнейшых сусьветных эканамістаў, які быў дарадчыкам ўраду Расеі, а таксама ўраду Т. Мазавецкага, і стварыў дакумэнт, які стаў падставай для рэформаў Бальцэровіча.
яс