Польскіх эпіскапаў усьцешыла інфармацыя, што міністэрства адукацыі вярнула назву Божае нараджэньне ў бясплатны падручнік для першклясьнікаў. Аб гэтым паведамляе Бюро праграмаваньня катэхізісу. Аўтары ўнесьлі назву калядных сьвятаў у падручнік пасьля паведамленьняў ад бацькоў. Да гэтага часу ў разьдзеле “Сьвяточныя пакупкі” ішла гаворка пра сьвяты, але ніводзін раз не было напісана, якія гэта сьвяты.
Мы абсалютна не згаджаемся, што гэта нейкая ідэалягічная рэлігійная апрацоўка, - адзначае доктар Анэта Райзахэр-Маеўска зь Бюро праграмаваньня катэхізісу.
А. Райзахэр-Маеўска: Важная вернасьць нашай культурнай спадчыне. Нашая культура паходзіць ад хрысьціянства, таму павінна быць Божае нараджэньне ў польскіх падручніках. Адсутнасьць згадкі пра калядныя сьвяты можна зразумець як жаданьне падабацца заходнім асяродзьдзям, дзе даўно ўжо кажуць пра зімовыя або вясеньнія (вялікодныя) сьвяты, без згадваньня пра тое, якія гэта сьвяты, што яны носяць рэлігійны характар.
Посьпех ёсьць, але не да канца ён задавальняе польскі касьцёл. У падручніку ўжо гаворыцца пра сьвяты Божага нараджэньня, але вельмі агульна, завуаляваным чынам.
А. Райзахэр-Маеўска: Божае нараджэньне паяўляецца ў падручніку, але толькі ў такім пытаньні: “Ці ўсе адзначаюць Божае нараджэньне?”. На так пастаўленае пытаньне можна адказаць толькі коратка – так або не. Няма падрябазнай інфармацыі пра калядныя сьвяты, няма абмеркаваньня тэмы або прапановы яе абмеркаваць. Ёсьць таксама іншае пытаньне – раскажыце пра самыя важныя сьвяты, якія адзначаюцца ў вашых сем’ях. Зразумела, што дзеці раскажуць пра дзень нараджэньня, імяніны, дзень бабулі, дзядулі, дзіцяці. Напэўна ня ўсе згадаюць пра Божае нараджэньне як самае важнае сьвята.
Міністэрства адукацыі тлумачыць гэта тым, што працягваецца грамадзкае абмеркаваньне падручніка, аўтары зьбіраюць заўвагі і калі зь імі згаджаюцца, то ўносяць іх у кнігу.
У новым навучальным годзе вучні першых клясаў атрымаюць падручнікі бясплатна. Але бацькі павінны памятаць, каб купіць падручнік па рэлігіі або этыцы. За гэтыя кніжкі ўрад не заплаціць, - нагадвае наш госьць.
А. Райзахэр-Маеўска: Да нас зьвяртаюцца часам бацькі, якія ведаюць, чулі, што ў гэтым годзе ня трэба купляць падручнікі для першаклясьнікаў. Яны пытаюцца, ці зусім ня трэба купляць ніякіх падручнікаў. Мы адказваем, што падручнікі па рэлігіі не ўваходзяць у склад пакету бясплатных кніжак, за іх адказвае касьцёл. І гэтыя падручнікі бацькі купляюць асобна, незалежна ад падручніка, за які плаціць міністэрства.
Палякі мяркуюць, што дзеці ў школе павінны вывучаць рэлігію. Апошняе апытаньне Цэнтра дасьледаваньня грамадзкай думкі (CBOS) паказала, што 72% апытаных згаджаюцца, каб дзеці ў школе мелі ўрокі рэлігіі.
****************************************************************
Больш чым палова палякаў мяркуе, што дактары не павінны адмаўляцца выконваць некаторыя працэдуры, нават калі ім не дазваляе гэта рабіць уласнае сумленьне. Гаворка ідзе ў асноўным пра спагнаньне цяжарнасьці, а таксама некаторыя іншыя працэдуры. Некаторыя польскія лекары падпісалі гэтак званую Дэклярацыю сумленьня і адмаўляюцца рабіць аборты, нават у тых нешматлікіх выпадках, калі законы гэта дазваляюць.
59% апытаных заявіла, што лекар не павінен адмаўляць у скіраваньні пары на экстракарпаральнае апладненьне, калі ёсьць мэдычныя паказаньні, нават калі гэта супярэчыць ягоным поглядам.
На пытаньне, ці супрацоўнік аптэкі можа адмовіцца выдаць кантрацэптывы, абсалютная большасьць (3/4) апытаных адказала, што ён не павінен у гэтым выпадку кіравацца ўласным сумленьнем. У сваю чаргу 37% заявіла, што лекар не павінен адмаўляць у выдачы рэцэпту на гэтыя сродкі, нават калі ён мяркуе, што жанчыны не павінны ўжываць такія прэпараты.
***************************************************************
Біскупы на Філіпінах выступаюць рашуча супраць вяртаньня сьмяротнага пакараньня ў краіне. У адмысловым звароце яны падкрэсьліваюць, што з аднаго боку Езус прынёс сьвету Евангельле жыцьця, а з другога адзначаюць, што справядлівасьць заключаецца не ў тым, каб забіць віноўнага, а ў тым, каб вярнуць яго ў грамадзкае жыцьцё.
Ерархі касьцёла пішуць, што казьнь злачынцы не адказвае аніводнаму з гэтых пастулятаў. Яны таксама нагадалі, што дэбаты пра вяртаньне да сьмяротнага пакараньня, якія ідуць цяпер на Філіпінах, парушаюць канвэнцыю ААН, якую падпісала дзяржава. Згодна гэтаму дакумэнту, Філіпіны абавязаліся поўнасьцю адмовіцца ад вышэйшай меры пакараньня.
нг