Выстава “Беларусь у Першай сусьветнай вайне” вайне адчынілася ў адным з самых вядомых музэяў Польшчы – Музэі Незалежнасьці ў Варшаве. Выстава прыгадвае нашчадкам пра забытыя трагедыі, сярод якіх – трагедыя мільёнаў бежанцаў, якія былі прымусова выдвараныя з прыфрантавой паласы й адпраўленыя ў нікуды. На адкрыцьці выставы пабываў Аляксандар Папко.
Выстава “Беларусь у Першай сусьветнай вайне” была падрыхтаваная Нацыянальным гістарычным музэем Беларусі. З больш як паўтары тысячы здымкаў стогадовай даўніны аўтары выставы адабралі каля сотні, якія дазваляюць убачыць вайну вачыма простага салдата, бежанца, дзіцяці. Унікальная фотавыстваа зьвярнула на сябе ўвагу польскіх экспэртаў і звычайнай публікі – кажа дырэктар Культурнага цэнтру Беларусі ў Варшаве Эдуард Швайко.
Э. Швайко: Нам вельмі прыемна, што мы маем праекты, якія варта паказваць за мяжой. І колькасьць іх павялічваецца. Нам вельмі прыемна, што экспазыцыя прыцягнула шмат зацікаўленых, якія ўжо прапаноўваюць паказаць гэтую выставу ў сябе, арганізаваць іншыя сустрэчы, круглыя сталы, канфэрэнцыі, прысьвечаныя тэматыцы Першай сусьветнай вайны.
Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музэю Алег Рыжкоў вельмі спадзяецца, што выстава “Беларусь у Першай сусьветнай вайне” пакладзе пачатак супрацоўніцтва зь іншымі вядомымі музэямі Польшчы.
А. Рыжкоў: Для нас гэта ўнікальны шанец ня толькі паказаць выставу пра Першую сусьветную вайну, але й заявіць пра сябе, знайсьці партнэраў для далейшых праектаў. Таму мы вельмі ўдзячныя Музэю Незалежнасьці й Культурнага цэнтру Беларусі за тое, што нам удалося адчыніць гэтую выставу. Мы спадзяемся, што яна паспрыяе наладжваньню сувязяў зь іншымі музэямі Варшавы й Польшчы.
Фатаграфіі невялічкага памеру, зробленыя некалі са шкляных нэгатываў, уражваюць сваёй якасьцю. На іх можна ўбачыць дробныя палявыя кветкі, пасмы валасоў і маршчыны на тварах людзей, якія адышлі ў вечнасьць сто гадоў таму. Выстава пачынаецца з фота мірнага часу: сяляне, якія апранаюцца ў сьвяточныя строі, каб як мага прыгажэй выглядаць на здымках этнографаў; фота 17-гадовай беларускай сялянкі Каці Барысевіч з букетам кветак...
Людзі пачатку 20-стагодзьдзя не былі маральна падрыхтаваныя да масавага забойства. У 1915 годзе афіцэры яшчэ здымаюць лірычныя краявіды, аднак у цэнтар здымкаў закрадаюцца жахі вайны: разбураныя вёскі, варонкі ад снарадаў.
Штабс-капітан Мікалай Гаген акуратна падпісвае здымкі: “Пэрыяд пашырэньня пляцдармаў на баку немцаў праз раку Шчара. Бярозавы гай, вішнёвы сад”. І збоку ставіць допіс: “У нашых шэрагах штодзённа гіне каля ста чалавек”.
У пэрыяды бясконцых газавых атакаў жаўнеры Расейскай арміі не пасьпявалі выносіць целы забітых. Іх хавалі адразу за лініяй акопаў. Таму ваяваць прыходзілася літаральна сярод крыжоў на магілах загінулых таварышаў.
Яшчэ адзін рэдкі здымак – газавая атака. Вузкая паласа цёмнага дыму аддзяляе жыцьцё ад сьмерці.
Выстава прыгадвае аб забытай трагедыі – бежанстве. Восеньню 1915 году расейскія ўлады загадалі прымусова высяляць людзей з тэрыторыяў, якія адыходзілі да ворага. Дапамога ўцекачам была арганізаваная толькі праз паўгода. Сотні тысячаў людзей памерлі ад голаду й эпідэміяў. Пра гэта расказвае куратар выставы Аляксей Шынкарэнка.
А. Шынкарэнка: Людзей адпраўлялі ў нікуды. Іх проста высялялі й адпраўлялі ў дарогу. Доўгі час не прымалася распараджэньня наконт таго, як уладкаваць такую колькасьць людзей. Каля паўтара мільёну людзей апынуліся на дарогах сучаснай Беларусі. Гэтыя людзі ня мелі практычна нічога. Гэта быў проста абоз, які намагаўся выжыць. Жонкі гублялі мужоў, бо мужчынаў прызывалі ў армію, а жанчынаў і дзяцей зьбіралі на буйных чыгуначных станцыях і перавозілі ўглыб Расеі – у асноўным у Сібір.
Ёсьць шмат сьведчаньняў таго трагічнага становішча, якое перажывалі людзі на працягу многіх месяцаў. Людзі ня мелі мэдыкамэнтаў, ежы. Не было вады. Жывёла гінула, шырыліся эпідэміі. Людзі ішлі й глядзелі на трупы іншых людзей, якія ляжалі проста на ўзбочынах. І ўсё гэта адбывалася не так даўно – усяго сто гадоў таму.
На адным са здымкаў мы бачым твары нямецкіх жаўнераў. Усім ім ня больш за 19 гадоў. На касцы аднаго зь іх стаіць маленькая пяцёрка. І тут жа подпіс рукой расейскага афіцэра: “Зьнята з забітага немца №5”.
Іншая тэма выставы – дзеці. Тыя, якіх катаюць на цялежцы нямецкія жаўнеры, якія ядуць убогую ежу ў лягерах уцекачоў, якіх фатаграфуюць на дакумэнты ўлады Германскай імпэрыі. Тэма дзіцяці была падабраная невыпадкова - Аляксей Шынкарэнка.
А. Шынкарэнка: Гэта зразумелы спосаб распавесьці з дапамогай мінулага пра будучыню. Мы бачым дзяцей, якія вырасьлі сярод гэтых падзеяў і ўжо падрыхтаваныя да новых войнаў. Гэта добрая нагода задумацца дарослым. Любая вайна заўсёды пакідае невылечны сьлед на будучыні, якое ўвасабляюць нашыя дзеці. таму гэтая выстава завяршаецца здымкам маленькага сіраты, які згубіў бацькоў. Ён знаходзіцца пад наглядам жаўнераў і ўжо апрануты ў вайсковую форму.
Выстава “Беларусь у Першай сусьветнай вайне” будзе праходзіць ў Музэі Незалежнасьці ў Варшаве да канца ліпеня. Пазьней яе пакажуць у Беластоку, а пасьля – у Бэльгіі ды Галяндыі. Куратар выставы Аляксей Шынкарэнка паведаміў, што ўнікальныя здымкі будуць выдадзеныя ў форме паштовак, а акалі ўдасца знайсьці сродкі, то будзе выдадзены адмысловы альбом.
Аляксандар Папко
Жаўнеры выкарыстоўваюць варонку ад снарада як рамку для здымка...
Сцэна братаньня. Пад канец вайны жаўнеры з абодвух бакоў у абыход камандаваньня дамаўляліся не ўжываць зброю. Ваяваць ужо не не хацелася нікому...
Берасьцейскі мір. Усё яшчэ дысцыплінаваныя нямецкія вайскоўцы і дэмаралізаваныя жаўнеры былой расейскай арміі...