Logo Polskiego Radia
Print

25 гадоў таму быў пакліканы ўрад Тадэвуша Мазавецкага

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.09.2014 14:59
  • урад Тадэвуша Мазавецкага.mp3
Гэта быў першы некамуністычны кабінэт, сфарміраваны пасьля часткова свабодных выбараў 1989 г.
Экспозе первого некоммунистического премьера Тадеуша Мазовецкого.Экспозе первого некоммунистического премьера Тадеуша Мазовецкого.Фото: РАР/архив

25 гадоў таму, 12 верасьня 1989 году гэтак званы кантрактны Сэйм ПНР паклікаў урад пад кіраўніцтвам Тадэвуша Мазавецкага. Гэта быў першы некамуністычны кабінэт, пакліканы пасьля чэрвеньскіх, часткова свабодных выбараў у Польшчы.

У складзе новага кабінэта апынуліся 12 прадстаўнікоў апазыцыйнай палітычнай арганізацыі „Салідарнасьць” і 11 прадстаўнікоў былой урадавай кааліцыі.

Прапанаваную Тадэвушам Мазавецкім Раду міністраў падтрымалі амаль усе дэпутаты. Вынікі галасаваньня абвясьціў тагачасны сьпікер Сэйму Мікалай Казакевіч.

Мікалай Казакевіч: За прагаласавалі 402 дэпутаты. Супраць – ніводзін, устрымаліся – 13 дэпутатаў.

У сваёй праграмнай прамове кіраўнік польскага ўраду пераконваў, што палякам неабходна аб’яднаць усе сілы.

Тадэвуш Мазавецкі: З узаемаадносін трэба выцясьніць нянавісьць, якая магла б стаць сур’ёзнай разбуральнай сілай. Мы, як народ павінны пераадолець пачуцьцё безнадзейнасьці й супольнымі сіламі справіцца з актуальнымі выклікамі, то бок эканамічнай катастрофай і рэканструкцыяй дзяржавы.

Дырэктар Варшаўскага аддзелу Інстытута нацыянальнай памяці (IPN) Ежы Эйслер нагадае, што першы польскі некамуністычны ўрад быў прымушаны дзейнічаць у вельмі складаных палітычных умовах.

Ежы Эйслер: Існавала Варшаўская дамова й Савецкі Саюз, як атамная супердзяржава. У гэтым часе камуністы кіравалі амаль усімі краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

За кароткі час Рада міністраў пад кіраўніцтвам Тадэвуша Мазавецкага ажыцьцявіла шэраг фундамэнтальных рэформаў.

Была цалкам зьменена палітычная сыстэма краіны, уведзены поўны спэктар грамадзянскіх свабодаў і шматпартыйнасьць. Адбылася зьмена дзяржаўнага герба й назвы краіны з Польскай Народнай Рэспублікі на Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska).

Урад рэалізаваў таксам „плян Бальцэровіча”, які ажыцьцявіў эканамічныя рэформы, вярнуў самакіраваньне й значэньне мясцовай супольнасьці ў Польшчы.

Паводле Генрыка Вуйца, былога апазыцыянэра, дарадцы прэзыдэнта Браніслава Камароўскага, менавіта эканамічныя рэформы, а таксама наладжаньне моцных сувязяў з Захадам – гэта найбуйнейшы посьпех першага пасьля 1989 году незалежнага польскага ўраду.

Генрык Вуец: Бяз гэтых падставаў краіна выглядала б зусім інакш. Я нават баюся задумоўвацца, як.

Сьведкам падзеяў, якія 25 гадоў таму адбыліся ў польскім Сэйме, быў цяперашні дэпутат Ян Жымэлка. Паводле яго, тагачасную сытуацыю ў Польшчы можна параўнаць да таго, што зараз адбываецца ва Ўкраіне.

Ян Жымэлка: Украіна хоча зрабіць падобным чынам, як мы зрабілі 25 гадоў таму. Вось, як цяжка, у параўнаньні з намі, ім гэта атрымліваецца. Многія краіны па ўсім сьвеце зайздросьцяць нам „круглага стала”. Многія краіны хочуць браць з нас прыклад, але ім не атрымліваецца. Паводле мяне, Польшчы 25 гадоў таму паспрыяла тое, што самі расейцы хацелі праверыць, ці палякам удасца выйсьці з сацыялістычнай сыстэмы й выправіць эканамічную сытуацыю ў краіне.

З нагоды сёньняшняй гадавіны Сэйм Польшчы прыняў адмысловую рэзалюцыю. Ейны зьмест зачытала сьпікерка палаты Эва Копач.

Эва Копач: Урад Тадэвуша Мазавецкага стварыў трывалы падмурак моцнай і незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Сёньня, пасьля 25-ці гадоў, мы з гонарам можам сказаць, што Рэспубліка Польшча зьяўляецца важнай краінай ня толькі ў Эўразьвязе, але й па ўсім сьвеце. Сэйм РП выказвае ўдзячнасьць ураду прэм’ера Тадэвуша Мазавецкага.

Прынятая адзінагалосна рэзалюцыя называе шматлікія выклікі, зь якімі прыйшло справіцца тагачаснаму польскаму ўраду.

У сваю чаргу прэзыдэнт адзначыў 25-ю гадавіну ўраду Тадэвуша Мазавецкага, адкрываючы мэмарыяльную дошку ў яго памяць у школе ля Ўроцлава. Адукацыйная ўстанова названая ў гонар першага некамуністычнага прэм'ер-міністра пасьля Другой сусьветнай вайны.

Тэрмін паўнамоцтваў кабінэту Тадэвуша Мазавецкага працягваўся амаль паўтара году. На пачатку 1991 году яго замяніў новы ўрад Яна Кшыштафа Бялецкага.

аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт