Logo Polskiego Radia
Print

Калі б не Расея, ДНР не было б...

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.10.2014 10:15
  • Калі б не Расея.mp3
17 кастрычніка беларускі кіраўнік правёў прэсавую канфэрэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх СМІ.

Па выніках гэтай сустрэчы можна цэлы раман пісаць, зазначылі журналісты. Больш стрымана да агучаных заяваў паставіліся экспэрты.

Прэсавыя туры для расейскіх журналістаў у Беларусь – гэта ўжо традыцыя. Сёлетні прыезд стаў дванаццатым. У Менск прыехала больш за 100 прадстаўнікоў СМІ з 50 суб'ектаў Расейскай Федэрацыі. Сустрэча з Лукашэнкам прайшла ў фармаце “гутаркі”, паводле просьбы беларускага боку. Гутарыў жа беларускі кіраўнік некалькі гадзін. Адной з галоўных тэмаў размовы стала сытуацыя ва Ўкраіне.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што баявыя дзеяньні ды сьмець людзей на ўсходзе Ўкраіны павінны быць канчаткова спынены. Ён у чарговы раз выступіў у падтрымку ўкраінскага сувярэніэту, прыгадаўшы міжнародныя гарантыі, у тым ліку й з боку Расеі. Разам з тым ён ускосна назваў Маскву вінаватай у канфлікце. Маўляў, калі б не Расея, ДНР і ЛНР праіснавалі б лічаныя дні. У чарговы раз беларускі кіраўнік заклікаў бакі да перамоваў. Маўляў, у гэтай вайне пераможцаў ня можа быць, і трэба аднаўляць мір празь перамовы.

Мы пацікавіліся ў экспэртаў, чым выкліканыя такія вострыя заявы Лукашэнкі, ды ці будуць яны пачутыя. Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў сумняваецца ў эфэктыўнасьці міратворчай палітыкі беларускага кіраўніка, але разумее яе, таму што пасьля Ўкраіны наступнай можа стаць Беларусь.

Андрэй Фёдараў: Гэта выклікана тым, што ў Лукашэнкі ёсьць апасеньні, што за Ўкраінай прыйдзе чарга й Беларусі. Такія ёсьць падазрэньні. Разам з тым, ён ня можа актыўна выказвацца супраць Расеі, бо вядома, якую эканамічную падтрымку аказвае афіцыйнаму Менску Масква. На месцы Лукашэнкі гэта адзінае выёсьце, і ягоныя такія паводзіны можна зразумець. Аднак, яны будуць малаэфэктыўныя, таму што, калі Маскве ня ўдасца захапіць усю Ўкраіну, яна зможа паспрабаваць зрабіць тое самае зь Беларусьсю. Тут абарона будзе слабейшай. Беларусь жа для іх зьяўляецца часткай “рускага міра”. Яны будуць імкнуцца аб’яднаць усё пад эгідай Масквы. Беларускае кіраўніцтва мае мала шанцаў прадухіліць такое разьвіцьцё падзей.

У сваю чаргу маскоўскі палітояг Андрэй Суздальцаў яшчэ больш крытычна глядзіць на пазыцыю Лукашэнкі ва ўкраінскім крызысе. Маўляў, афіцыйны Менск у чарговы раз спрабуе згуляць на супярэчнасьцях паміжа Крамлём і Захадам, якія абвастраюцца.

Андрэй Суздальцаў: Прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі супала з самітам у Міляне. Лукашэнка быў перкананы, што пасьля перамоваў у Менску, ён узяў пад кантроль каналы камунікацыі паміж Захадам і Расеяй. Ён ужо бачыў сябе пасярэднікам. Высьветлілася, што гэта далёка ня так. Вось ён і раззлаваўся. Насамрэч, Лукашэнка моцна залежыць ад Масквы, ад яе падтрымкі. Разам з тым ён вядзе ўвесь час барацьбу з Масквою, якая ім не задаволеная. Лукашэнка круціцца, нападае на Маскву, выкарыстоўваючы моманты, калі ёй цяжка, як цяпер, калі яна супрацьстаіць усяму заходняму сьвету, калі ўведзеныя санкцыі. Лукашэнка гэтым шантажуе Крэмль. Што тычыцца ДНР і ЛНР, то яны адмаўляюцца вяртацца за стол перамоваў у Менску. Я сумняюся, што яны яшчэ раз зьбяруцца ў Менску.

У Менску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з расейскімі журналістамі. Падчас прэсавай канфэрэнцыі беларускі кіраўнік заклікаў спыніць баявыя дзеяньні ва Ўкраіне.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт