Logo Polskiego Radia
Print

Ці даведаемся пра лёс палякаў, дэпартаваных у СССР?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.12.2014 13:07
У гэтым сьледчым павінны дапамагчы перададзеныя Казахстанам дакумэнты.

Інстытут нацыянальнай памяці (IPN) плянуе стварыць рэестар палякаў, сасланых у Казахстан. Гісторыкі спадзяюцца, што пры нагодзе можна будзе вызначыць лёс дзяцей, якія апынуліся ва Ўсходняй Эўропе.

Падрыхтоўка сьпісу жыхароў Падляшша, дэпартаваных саветамі ў гады 1939-1941, стане магчымай дзякуючы дакумэнтам, якія польскі бок атрымаў з Казахстана, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

Беластоцкі аддзел Камісіі па расьсьледаваньні злачынстваў супраць польскага народа праводзіць сьледзтва па справе дэпартацыі палякаў. Таму камісія зьвярнуўся да ўладаў Казахстана з просьбай аб перадачы дакумэнтаў, датычных вывезеных у гэтую краіну палякаў. У адказ IPN атрымаў больш за 2 300 старонак копій дакумэнтаў.

Як кажа пракурор Дарыюш Альшэўскі, сярод гэтых старонак апынуліся таксама сьпісы прозьвішчаў асобаў, дэпартаваных у Казахстан. Гаворка ідзе пра, як мінімум, некалькі тысяч прозьвішчаў.

Сьледчых найбольш цікавяць матэрыялы, датычныя дэпартаваных у Казахстан польскіх дзяцей.

„Я хачу раскрыць мэханізм рашэньняў, паводле якога адно дзіця пасьля заканчэньня вайны магло вярнуцца ў Польшчу, а другое не”, - кажа пракурор Альшэўскі, дадаючы, што частка дэпартаваных з Польшчы дзяцей апынулася ў савецкіх сям’ях.

Тым часам сярод перададзеных палякам дакумэнтаў знаходзяцца таксама падрабязныя зьвесткі пра колькасьць польскіх і габрэйскіх дзяцей, якія знаходзіліся ў дзіцячых дамах у Казахстане.

Тым ня менш, асноўнай мэтай сьледзтва IPN зьяўляецца вызначэньне падрабязнай колькасьці дэпартаваных. Па гэтай справе сьледчыя правялі слуханьні каля 3 тысяч былых ссыльных. На падставе іх паказаньняў і сабраных дакумэнтаў можна ацэньваць, што да 1941 году на тэрыторыю Савецкага Саюза былі дэпартаваныя як мінімум 30 тысячаў жыхароў Падляшша, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт