У Крамлі быццам бы ўжо ў 2013 быў плян на Ўкраіну
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
16.01.2015 12:49
У адным можна быць упэўненым – нішто, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне, не павінна нас зьдзіўляць.
Хроніка прадказанага распаду Ўкраіны – пад такім злавешчым загалоўкам выданьне Polityka друкуе артыкул пра тое, як можа разьвіваца сытуацыя ва Ўкраіне. Сяргей Пашынскі, былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, сьцьвярджае, што яшчэ ў траўні 2013 году ў Крамлі была гатовая карта Ўкраіны, на якой не было Крыму і Данбасу. Але былі два варыянты – забіраюць толькі Крым або таксама Данбас. Гэтыя словы Пашынскага перадаў быццам бы Аляксандар Лукашэнка. Калі ім верыць, то канфлікт быў непазьбежны.
У адным можна быць упэўненым – нішто, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне, не павінна нас зьдзіўляць, паколькі аб гэтых сцэнарах у Расеі гавораць ужо апошнюю чвэрць стагодзьдзя. Але праблема ў тым, што ніхто на Захадзе ня верыў, што гэта ўсё сапраўды можа здарыцца, паколькі гэтыя сцэнары былі, паводле заходняга пункту гледжаньня, надта вар’яцкія. А калі Ангела Мэркель адкрыла, што “Пуцін жыве ў іншай рэчаінасьці”, было ўжо позна.
Расейцы ніколі не трактавалі сур’ёзна ўкраінскую незалежнасьць. У Расеі мяркуюць, што культура “хахлоў” – гэта горшы варыянт расейскай высокай культуры, а ўкраінская гісторыя – частка расейскай гісторыі. З атачэньня Ельцына на Захад высылалі сыгнал, што ня варта адкрываць ва Ўкраіне амбасады. У Крамлі рыхтавалі пляны, якія амаль не адрозьніваліся ад таго, што цяпер адбываецца, але ніхто на Захадзе ня верыў, што Расея паставіць на карту ўсё, каб вярнуць Украіну.
Аднак пасьля Майдану, анэксіі Крыму і паўстаньня “Наварасіі” аказалася, што сіла ўдару Расеі намнога меншая, чым здавалася, а Ўкраіна больш зьяднаная, чым меркаваў Пуцін. Многія расейцы ў Данбасе адкрываюць са зьдзіўленьнем, што ўкраінскія жаўнеры, якія зь імі змагаюцца, размаўляюць на расейскай мове. І дзе тут украінскі фашызм? Варыянт “Б”, які прадбачваў адарваньне ад Украіны Наварасіі – ад Данецка па Прыднястроўе, аказаўся поўнай паразай. Магчыма, цяпер Крэмль шкадуе, што ўвязаўся ў гэтую аванцюру, але Пуціну ўжо нялёгка выйсьці з яе, не губляючы твару, - падсумоўвае выданьне.
Polityka/нг