Logo Polskiego Radia
Print

Палякі жывуць у цеснаце

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.01.2015 14:21
У сярэднім на аднаго паляка выпадае 25 мэтраў карыснай плошчы.

Палякі жывуць у страшэннай цеснаце. Горш чым у Польшчы сытуацыя выглядае толькі ў Латвіі й Румыніі. У сярэднім на аднаго паляка выпадае 25 мэтраў карыснай плошчы, паведамляе тыднёвік „Newsweek”.

Прадаўшчыца з Варшавы Кляўдыя раз у месяц бярэ адзін дзень выхаднога. Ейны муж - спэцыяліст па кандыцыянэрах, - робіць перапынак у працы й на гадзіну або дзьве прыязджае дадому. Толькі тады сямейная пара можа спакойна займацца сэксам.

Яны жывуць у двухпакаёвай кватэры разам з бацькамі, а больш падрабязна - у 9-мэтровым пакойчыку разам з двума дзецьмі. Кожны вечар яны пампуюць сабе матрац, на якім сьпяць пасярэдзіне пакойчыка.

„Нас ніхто дома не наведвае. Проста нам вельмі сорамна, што мы жывем у такой цеснаце”, - тлумачыць Кляўдыя.

Паводле жанчыны, найгорш сытуацыя выглядае па суботах, калі ўсе застаюцца дома. „Мы пастаянна перашкаджаем адзін аднаму. Кожная субота заканчваецца агульнай сваркай, пасьля якой зачыняемся ў сваім пакойчыку й на некалькі гадзінаў усталёўваецца цішыня. Іншым разам мы проста на палову дня забіраем дзяцей на шпацыр”, - расказвае жанчына.

Кожны новы тыдзень Кляўдыя пачынае ад наведваньня ўпраўленьня мясцовай гміны, дзе яна просіць прызнаць сям’і сацыяльную кватэру.

Паводле дадзеных Эўрастата на сярэднестатыстычнага жыхара Даніі выпадае 53 мэтры карыснай прасторы. У Аўстрыі й Люксэмбурзе – 52 мэтры. Далей ідзе Швэцыя й Нямеччына - больш за 40 мэтраў, і Фінляндыя ды Гішпанія - больш за 35 мэтраў. Польшча апынулася на самым канцы. З 15 дасьледаваных краінаў больш цесна чым палякі маюць толькі румыны (15 м) і латвійцы (18 м).

На сярэднестатыстычнага паляка выпадае 25 м.

Статыстыка паказвае, што паверхня кватэры, якая выпадае на адну асобу ў Польшчы, паступова павялічваецца. У 1970 годзе яна складала ўсяго 13 м, у 1988 годзе - 17 м, у 2002 - 21 м, цяпер гэта 25 мэтраў.

Аднак ня ўсе могуць сабе дазволіць пераехаць у вёску, купіць дом ці кватэру. Усё часьцей дарослыя дзеці жывуць разам з бацькамі. У 2005 годзе гэтую групу складала 36% людзей ва ўзросьце ад 25 да 34 гадоў, у 2011 годзе - 44%, а ў 2013 годзе – 43%, нагадае тыднёвік „Newsweek”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт