Беларусь – “бэрмудзкі трохкутнік” для польскіх кіроўцаў
PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic
18.02.2015 13:54
Часопіс Wprost апісвае пекла польскіх вадзіцеляў, якія трапілі ў аварыю ў Беларусі.
- Калі вы ня хочаце страціць здароўе ў беларускай турме, то не едзьце туды – раіць на старонках часопіса “Wprost” польскі кіроўца Анджэй Галушка.
Выданьне піша, што Беларусь – гэта “бэрмудзкі трохкутнік”, у якім зьнікаюць польскія кіроўцы й што там самыя непрыязныя ў Эўропе законы для вадзіцеляў.
У студзені 2014 года з-за віны Анджэя Галушкі адбылося ДТЗ непадалёк ад Барысава. Ён трапіў у турму, дзе, як апісвае, сьцены былі акрываўленыя й дзе ён быў вымушаны сядзець разам з вар’ятам. Пазьней яго перавялі ў Жодзіна, турму, дзе выконваюцца сьмяротныя пакараньні. Паводле героя артыкула, ён неаднаразова чуў стрэлы. Пацярпелыя беларусы, быццам бы, патрабавалі ад паляка за маральныя страты 75 тысяч эўра. Але й гэта не гарантуе вызваленьня.
Іншая польская сям’я сабрала для свайго сваяка ў беларускай турме 100 тысяч даляраў, але й гэта не дапамагло.
Галушка быў асуджаны да 3 гадоў калёніі. Яго фірма спыніла зь ім дамову й адмовілася дапамагаць. Добрых слоў паляк не знаходзіць і для польскіх дыпляматаў, якія не асабліва зацікавіліся дапамогай свайму суграмадзяніну. Аднак тры месяцы таму Галушку дэпартавалі на радзіму.
Цягам двух апошніх гадоў у беларускіх турмах сядзела 10 палякаў.
дг/wprost
tags: