Logo Polskiego Radia
Print

Тытунёвы джыхад

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 01.04.2015 15:11
Самазваны Ісламскі халіфат слыве зь велізарнай колькасьці забаронаў.

Аднак, сярод іх ёсьць такая, якой джыхадысты найменш хочуць падпарадкоўвацца. Тэму асьвятляе штодзёнка “Gazeta Wyborcza”.

Абрубленымі галовамі нікога ў Ісламкім халіфаце ня зьдзівіш. Аднак нядаўняе адкрыцьцё ў сырыйскім горадзе Аль-Маядын выклікала хвалю нараканьня. Справа ў тым, што “галава” належала да аднаго з чыноўнікаў Халіфата, а яе знайшлі з цыгарэтай у вуснах. Побач зь целам ляжала цыдулка, што курэньне забаронена.

Нараканьне мусульман, піша польскае выданьне, выклікае той факт, што іслам не забараняе курыць. Зусім іншага меркаваньня прытрымліваецца Ісламская дзяржава. Кіраўніцтва гэтага руху карае за ўсё, што лічыць грахом. У гэты сьпіс уваходзіць піцьцё алькаголю, чужалоства, слуханьне папулярнай музыкі, ды брыдкаслоўе. Што тычыцца курэньня, то фундамэнталісты лічаць, што гэта “павольнае самагубства”, то бок грэх.

На тэрыторыях, захопленых баевікамі руху, забаронена продаж тытуню ды шышы, зачыніліся кавярні для курцоў, “грахоўнасьць” жыхароў кантралюе адмыслова створаная паліцыя нораваў.

Гэтыя меры выклікаюць незадавальненьне мясцовага насельніцтва. Да вайны ў Сырыі ды Іраку паліў кожны трэці, а паводле некаторых дадзеных, нават кожны другі мужчына. Цяпер людзі паляць патаемна, здалёк ад баевікоў Ісламскай дзяржавы. Тытунь ды цыгарэты прывозяць кантрабандысты. Нікатынавая залежнасьць змусіла аднаго з баевікоў выйсьці з шэрагаў ІД. Прывязанасьць да цыгарэт была мацнейшая за веру ў перамогу ісламістаў у француза Флавіяна Маро. Свой сыход ад ісламістаў ён патлумачыў нежаданьнем кінуць курыць, піша польскае выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт