Ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі мінае 27 гадоў. Чарнобыльская зона адчужэньня зьяўляецца мэтаю навукоўцаў, дасьледчыкаў, звычайных турыстаў, сталкераў.
Адзін зь іх - вядомы расейскі блёгер, сталкер, дасьледчык Чарнобыльскай зоны адчужэньня Андрэй МШ (гэта нік сталкера ў сеціве). У ЧЗА ён быў тройчы. Свае паходы блёгер дакладна дакумэнтуе на відэа й разьмяшчае на сваім канале ў YouTube.
Што сёньня сабой уяўляе ЧЗА, які там узровень радыяцыі, якія пагрозы на сваім шляху можа сустрэць сталкер? Мы зьвязаліся з МШ па тэлефоне й папрасілі расказаць пра свой досьвед наведваньня Чарнобыльскай зоны.
Калі прасачыць гісторыю відэаролікаў сталкераў, якія былі ў ЧЗА, то можна заўважыць, што яны робяць гэта нелегальна. Атрымліваецца, што наведваньне ЧЗА самастойна забаронена?
МШ: Гэта нязгодна з законам. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць. У выпадку, калі пры затрыманьні будзе знойдзена нешта радыёактыўнае, то гэта крымінальная адказнасьць. Так рабіць нельга. Але калі паглядзець у інтэрнэце, то можна заўважыць, што ёсьць мноста рапартаў аб такіх наведваньнях ЧЗА. Таму пры адпаведнай падрыхтоўцы ўсё магчыма.
Што сёньня сабой уяўляе Чарнобыльская зона?
МШ: У 10-кілямэтровай зоне вядуцца працы. Ёсьць больш забытыя месцы, ёсьць менш закінутыя. У асноўным праца дзейных прадпрыемстваў накіраваная на будову саркафага. Туды езьдзяць электрычкі, прыязджаюць працаўнікі. Туды ходзяць экскурсіі. Жыцьцё ёсьць.
А які Ваш досьвед, калі казаць пра радыяцыю. Меркаваньні на гэтую тэму моцна паміж сабой адрозьніваюцца. Адныя пераконваюць, што там высокі й небясьпечны ўзровень выпраменьваньня, а іншыя кажуць, што там менш радыяцыі, чым у буйных эўрапейскіх сталіцах?
МШ: Узровень радыяцыйнага заражэньня ня сталы. Калі адбылася аварыя ўзровень заражэньня быў абумоўлены вятрамі й іншымі фактарамі. У 30-кілямэтровай зоне ёсьць чыстыя й ня вельмі чыстыя месцы. Ёсьць месцы, дзе можна браць ваду й не перажываць. Ёсьць нават месцы, дзе можна зьбіраць грыбы й ягады.
30-кілямэтровая зона выдзелена, паколькі ў ёй забруджаных месц значна больш. Але калі глядзець шырэй, то ў Гомельскай вобласьці таксама шмат адчужонных тэрыторый, бо там высокі ўзровень заражэньня стронцыем. Аднак яны не ўключаны ў ЧЗА. Усё ж трэба быць вельмі асьцярожным з грыбамі ці ягадамі, бо рызыка сабраць заражанае высокі.
Што б Вы адказалі асобам, якія абвінавацілі б Вас у безадказнасьці, у тым, што Вы падвяргаеце сябе радыяцыйнай небясьпецы? І пэўна мелі б часткова рацыю, паколькі Вы наведваеце вельмі небясьпечныя месцы, напрыклад, падвал медсанчасткі ў Прыпеці, дзе дагэтуль на падлозе ляжыць вопратка першых ліквідатараў, а яе радыяцыйны фон зашкальвае?
МШ: Калі ўзяць самую вялікую небясьпеку, якая мяне чакае ў такіх паходах, гэта, канешне, павышаны радыяцыйны фон. Аднак, ён не паўсюль настолькі высокі. А калі нават і павышаны, то не аж так моцна. Умоўна кажучы, калі я знаходжуся ў Чарнобыльскай зоне тыдзень, то атрымлівае крыху большую дозу, чым падчас прыбываньня ў іншых месцах. Таму ўсё ня так страшна. Ёсьць праўда асобныя месцы, дзе ўсё можа закончыцца дрэнна. Так, я наведваў падвал медсанчасткі, дзе можна лёгка атрымыць нешта ў сярэдзіну, удыхнуўшы нешта надзвычай шкоднае. Унутраная заражэньне – гэта, безумоўна, дрэнна. Таму трэба быць падрыхтаваным і ведаць, дзе цябе можа чакаць небясьпека. Тады значна прасьцей.
Ёсьць яшчэ дзьве небясьпекі. Гэта канструкцыя будынка, якая развальваецца. На цябе ў любы момант можа нешта ўпасьці. Трэцяе – гэа дзікія жывёлы. Іх шмат. І невядома, як яны сябе будуць паводзіць.
Трэба разумець рызыку. Мне сядзець на канапе ці займацца нейкімі іншымі справамі значна нецікавей, чым пайсьці ў паход, якія насычаны прыгодамі. Акрамя таго, гэта лепш для здароўя, як бы парадаксальна гэта не гучала. Мы ідзем па 30 кілямэтраў туды назад, едзем столькі ж на раварах. Гэта больш дадае здароўя, чым сядзеньне перад тэлевізарам.
Вернемся да падвалу медсанчасткі. На ногі Вы апранулі звычайныя пакеты, на твары маска. І ўсё. Што было з Вашай вопраткай, ці Вы яе выкінулі, зьнішчылі?
МШ: З вопраткай было ўсё нармальна. Мне было цікава й я яе праверыў. Я хадзіў там вельмі акуратна, не падымаў пылу. Самае небясьпечнае, што там магло здарыцца – гэта калі б на маіх падэшвах засталіся якія-небудзь часьціцы. Маёй задачай было не насіць за сабой гэты пыл, зрабіць усё магчымае, каб ён ня трапіў мне ў лёгкія. Аднак гэта складанае пытаньне, паколькі памер пылу там ад некалькіх атамаў да асягальных часьціц. Пэўна, у лёгкія нешта й папала, але я потым хадзіў і правяраўся на спэцыяльнай апаратуры ў Пецярбурзе. Усё было нармальна. Тая мінімальная падрыхтоўка, якую я зрабіў, мне дапамагла.
Далей усё залежыць ад узроўня радыяфобіі ці радыяэйфарыі. Я ведаю людзей, якія хадзілі туды ўвогуле без нічога. І ведаю тых, хто хадзіў у поўнай амуніцыі, хімкасьцюме й працівагазе. Трэба разумець, дзе праходзіць мяжа дурноты.
І апошняе, адкуль у Вас зьявілася такое зацікаўленьне ЧЗА?
МШ: Мне заўсёды было цікава куды-небудзь езьдзіць, а не сядзець у адным месцы. Аднак Чарнобыль мяне асабліва не цікавіў. Але паехаўшы туды на легальную экскурсію, я зразумеў маштаб трагедыі. Я атрымаў пэўную інфармацыю. Але некалькі гадзін для такой вялікай тэрыторыі, для такой колькасьці інфармацыі – гэта ні аб чым. Экскурсія праходзіла ў вельмі хуткім тэмпе, галопам па Эўропам. Таму зьявілася жаданьне пайсьці туды самастойна. Захацелася больш пранікнуцца, паглядзець, дзесьці звычайна памаўчаць. Потым, калі я пачаў вывучаць праблему больш глыбока, чытаць кнігі, то пачаў разумець маштаб трагедыі. Якую колькасьць людзей яна закранула. Якія сродкі, тэхнічныя, матэрыяльныя й інтэлектуальныя, туды ўкладваліся. Мне захацелася дзяліцца гэтым з маімі гледачамі. Што я й раблю на маім канале.
Дзякуй за размову.
Нашым госьцем быў вядомы расейскі блёгер, сталкер – Андрэй МШ. Калі нехта зацікаўлены відэа, якія робіць МШ, то іх можна знайсьці на канале URBANTURIZM на You Tube.
Поўную гутарку з МШ слухайце ў далучаным гукавым файле.