Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрт: расейская эканоміка ня рухне

Polskie Radio
Alaksandar Papko 22.06.2015 21:13
  • Экспэрт расейская эканоміка ня рухне.mp3
Але Расея будзе станавіцца ўсё больш беднай, ізаляванай і варожай да Захаду.
Moskwa, KremlMoskwa, Kremlfot. Wikimedia Commons/CC

Рэзкае падзеньне цаны на нафту і заходнія санкцыі не прывялі да каляпсу расейскай эканомікі. Прэзыдэнт краіны Ўладзімер Пуцін нават заявіў, што глыбокага крызысу ў Расеі няма. Пры сёньняшнім узроўні цэнаў на нафту расейская эканоміка можа пратрымацца некалькі гадоў – сьцьвярджае экспэрт маскоўскага Інстытуту Гайдара Кірыл Рогаў. Аднак Расея будзе станавіцца ўсё больш беднай, ізаляванай і варожа настаўленай да Захаду. Колькі пражыве пуцінская эканоміка – высьвятляў у эканаміста Аляксандар Папко.

Доўгія гады, дзякуючы высокім цэнам на нафту, у Расеі расьлі заробкі, павялічваліся выдаткі на інфраструктуру, армію й паліцыю, падтрымліваўся эканамічны рост. Аднак у 2014 годзе цэны на нафту рэзка ўпалі. З-за санкцыяў, накладзеных на Расею пасьля анэксіі Крыму, Масква страціла магчымасьць пазычаць грошы за мяжой.

Расейская эканоміка не абвалілася ў выніку санкцыяў. Аднак яна ўвайшла ў доўгі пэрыяд павольнага падзеньня. Пра гэта піша эканаміст Кірыл Рогаў у сваім дакладзе «Ці можа «пуціноміка» выжыць?», апублікаваным Эўрапейскай радай па замежных стасунках.

Спад даходаў насельніцтва выклікае падзеньне попыту і вытворчасьці, закручваючы сьпіраль стагнацыі – кажа экспэрт.

К. Рогаў: Скарачэньне ўнутранага спажываньне выклікае скарачэньне вытворчасьці, якое, у сваю чаргу, выклікае скарачэньне занятасьці і далейшае падзеньне спажываньня. Эканоміка Расеі зараз разьвіваецца паводле гэтай базавай мадэлі.

Дэвальвацыя расейскага рубля падштурхнула вытворчасьці, якія працуюць на экспарт. Гэта дрэваапрацоўка, вытворчасьць угнаеньняў, мэталюргія і вытворчасьць абсталяваньня. Аднак падзеньне заробкаў прывяло да абвалу ў галінах прамысловасьці, якія працавалі на ўнутраны расейскі рынак. Скарацілася вытворчасьць аўтамабіляў, тэкстылю, бытавой тэхнікі, спынілася будаўніцтва.

Золатавалютныя рэзэрвы за год упалі на чвэрць – з 510 мільярдаў даляраў да 385. Цяпер падзеньне золатавалютных рэзэрваў спынілася. Аднак яно ўзновіцца, калі цэны на нафту пойдуць уніз.

К. Рогаў: Вялікі карпарацыйны доўг і немагчымасьць яго рэфінансаваць шляхам пазыкаў на зьнешніх рынках робіць макраэканамічныя паказчыкі Расеі менш прывабнымі. Калі кошты на нафту ўпадуць яшчэ больш і сальда яшчэ больш пагоршыцца, то праблема карпарацыйнага доўгу абвострыцца. Ціск на рубель узмацніцца.

Скарачэньне попыту на расейскім рынку моцна ўдарыла па беларускіх прадпрыемствах. Сытуацыя хутка ня выправіцца. Пастаўкі беларускіх тавараў у Расею ўзновяцца толькі тады, калі яны стануць нашмат больш таннымі за заходнія – кажа Кірыл Рогаў.

К. Рогаў: Калі беларуская прамысловасьць зможа скараціць выдаткі і стаць больш канкурэнцыйнай, то яна ў пэрспэктыве зможа замяніць тавары заходніх краінаў, якія ў выніку дэвальвацыі рубля, сталі менш даступнымі.

У 2015 годзе Расея павялічыла выдаткі на войска, міліцыю і выплату пэнсіяў. Павялічылася субсыдыяваньне прадпрыемстваў у так званых «монагарадах». Акрамя таго Масква павялічыла выдаткі на прапаганду. Прыярытэтам Крэмль лічыць устойлівасьць улады, а не эканамічнае разьвіцьцё – кажа Кірыл Рогаў.

К. Рогаў: У «антыкрызысным» бюджэце 2015 году выдаткі на абарону, унутраную бясьпеку і праваахоўную дзейнасьць складаюць 35%. Таксама высокія выдаткі на сацыяльныя патрэбы, на дзяржаўны апарат. Рэсурсаў на тое. Каб інвэставаць у эканоміку, ужо не хапае.

Як будзе разьвівацца сытуацыя ў расейскай эканоміцы й палітыцы ў бліжэйшыя гады? Расейская эканоміка, насуперак прагнозам шматлікіх камэнтатараў, не разваліцца. Аднак краіна будзе станавіцца ўсё больш беднай, ізаляванай і варожай да Захаду.

К. Рогаў: Улады спрабуюць стварыць больш бедную, зачыненую, немадэрнізаваную эканоміку. Яна будзе знаходзіцца ў стагнацыі й пры гэтым будзе даволі самадастатковай. А варожасьць да Захаду будзе заставацца дамінантай палітычнага курсу.

«Аднак я не стаў бы заяўляць, што ізаляваная стагнуючая расейская эканоміка пратрымаецца 10-15 гадоў», – кажа Кірыл Рогаў. На думку экспэрта, эканамічныя працэсы разгайдаюць канструкцыю Пуціна нашмат хутчэй.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт