Logo Polskiego Radia
Print

Бруднае паветра забівае кожны год 40 тыс. людзей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.06.2015 13:11
Эўрапейская Камісія пагражае Польшчы штрафам – чвэрць мільёна эўра за адзін дзень перавышэньня нормаў чысьціні паветра.

на зд. - смог у Кракаве

Восеньню заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў ніжэйшай палаты польскага парлямэнту (Сэйму), а дэпутаты ўсё яшчэ не прынялі нормаў, якія дазволяць змагацца са смогам – чытаем у выданьні Gazeta Wyborcza. У Польшчы па прычыне забруджаньня паветра памірае кожны год заўчасна звыш 40 тыс. асобаў.

На мінулым тыдні актывісты, якія змагаюцца за чысьціню паветра, а таксама кракаўскія палітыкі, зьвярнуліся ў Сэйм з заклікам паскорыць працу над зьмяненьнямі ў закон аб ахове навакольнага асяродзьдзя, каб паявілася магчымасьць змагацца з забруджаньнем. Гаворка ідзе перш за ўсё пра інструмэнты прэсінгу на ўладальнікаў старых абагравальных катлоў і печак у дамах, якія выкідваюць у паветра вельмі многа небясьпечных рэчываў з дымам. Цяпер гміны ня маюць мэханізмаў уплыву на від паліва, якое выкарыстоўваецца ў хатніх печках, ня могуць таксама абмяжоўваць аўтамабільны рух у цэнтрах гарадоў, паколькі няма адпаведных прававых нормаў.

Законапраект аб зьменах нормаў аховы асяродзьдзя ляжыць у стале сьпікера Сэйму ўжо больш за год, а дэпутаты ніяк ня могуць дагаварыцца наконт гэтак званых зонаў абмежаванага руху, куды машыны ня змогуць уехаць, калі ня будуць выконваць жорсткіх нормаў. Парлямэнтары сварацца як за самі нормы, так і за мэтады вырашаньня, якія машыны ў якую зону могуць мець доступ.

Эўрапейская Камісія папярэдзіла Польшчу, што калі ў краіне не палепшыцца якасьць паветра, то яна можа атрымаць пакараньне ў выглядзе штрафу – чвэрць мільёна эўра за адзін дзень перавышэньня нормаў.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт