Ёсьць грошы для беспрацоўных, але браць іх страшна
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
07.07.2015 15:53
Зьвязанае гэта з тым, што невыкананьне праграмаў, каэфіцыэнтаў, абавязацельстваў у канчатковым рахунку прымушае вярнуць атрыманыя грошы.
Адсутнасьць грошай або незразумелыя працэдуры выклікаюць праблемы ў фінансаваньні курсаў для беспрацоўных. Змагаюцца зь імі цэнтры занятасьці па ўсёй краіне.
«Хаця прайшло толькі паўгоду, выкарыстаны ўжо ўсе сродкі на актывізацыю беспрацоўных. Гутарка ідзе пра сродкі з Фонду працы і Дзяржаўнага фонду рэабілітацыі інвалідаў», – кажа намесьнік дырэктара варшаўскага цэнтру занятасьці.
Лех Антковяк: Гэтыя грошы скончыліся. Іх вельмі мала ў параўнаньні з патрэбамі беспрацоўных. Калі мы супаставім колькасьць магчымых кліентаў нашага цэнтру і сродкі, выдзеленыя на праграмы для іх, атрымліваецца, што гэтыя лічбы поўнасьцю разыходзяцца.
Яшчэ ёсьць сродкі на курсы з Эўрапейскага грамадзкага фонду. «Праблема ў тым, што іх трэба выдаваць вельмі прадумана», – кажа Антковяк.
Л.Антковяк: Нягледзячы на тое, што мы ведаем, якія сродкі даступныя, то ня можам іх спакойна выдаваць для нашых беспрацоўных. Зьвязанае гэта з тым, што невыкананьне праграмаў, каэфіцыэнтаў, абавязацельстваў у канчатковым рахунку прымушае вярнуць атрыманыя грошы.
У Польшчы беспрацоўнымі застаюцца 1 млн 700 тысяч чалавек – гэта 10,4% агулу працаздольнага грамадзтва.
яс