Logo Polskiego Radia
Print

Пуцін на Крыме: дэманстрацыя посьпехаў, якіх няма

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.08.2015 18:55
  • Пуцін на Крыме дэманстрацыя посьпехаў, якіх няма.mp3
Праз паўтара года пасьля анэксіі датацыйнасьць паўвыспы вырасла ў 15 разоў.

Уладзімер Пуцін наведаў Крым – у трэці раз за паўтара гады, якія прайшлі пасьля анэксіі паўвыспы. Асноўнай тэмай візыту, паводле расейскіх дзяржаўных СМІ, стала разьвіце турызму. Ці ёсьць турызм на Крыме? Як выглядае жыцьцё крымчанаў у складзе Расеі? Пра гэта ў экспэртаў пытаўся Аляксандар Папко.

Уладзімер Пуцін у суправаджэньні чальцоў расейскага ўраду і губэрнатараў наведаў Крым. Афіцыйнай тэмай візыту было разьвіцьцё турыстычнай сфэры на паўвысьпе. На паседжаньні прэзыдыюму Дзяржаўнага савету (дарадчага воргану, які складаецца з расейскіх губэрнатараў) кіраўнік Расеі сур’ёзна разважаў, ці варта прадвааць віно ў крымскіх санаторыях і запытваўся, куды падзеліся грошы, высланыя з Масквы на разьвіцьцё культуры.

Экспэрты ў такую прычыну паездкі, як разьвіцьцё турызму, ня вераць. Гэта піяр-акцыя – кажа прафэсар Кіева-Магілянскай акадэміі, палітоляг Аляксей Гарань. Пуцін хоча паказаць, што на Крыме валадарыць ён, і аддаваць назад паўвыспу ён не зьбіраецца – кажа экспэрт.

А. Гарань: З-за Крыму Расея апынулася пад санкцыямі, ідзе вайна, а Пуцін прыяжджае на Крым, каб паразмаўляць пра разьвіцьцё турыстычнай галіны! Калі б не ішла вайна, не працягвалася перасьледаваньне праўкраінскіх сілаў і крымскіх татараў, то ўспрымаць такую навіну можна было б са сьмехам...

Пасьля таго, як Расея анэксавала Крым, эканоміка паўвыспы моцна зьмянілася. Колькасьць турыстаў упала ў 2 разы: з 6 да 3 мільёнаў чалавек. Украінцы, якія раней складалі 70% тых, хто адпачываў на Крыме, цяпер на злашчасны курорт ня едуць: з патрыятычных меркаваньняў і з-за новага парадку перасячэньня мяжы. З тэрыторыі Ўкраіны на Крым сухапутным шляхам могуць патрапіць толькі тыя, у каго на паўвысьпе ёсьць маёмасьць і родныя. Расейцы жа і нешматлікія замежнікі трапляюць на курорт альбо самалётам, льбо адсаяўшы догую чаргу на паромнай пераправе.

У паўночных рэгіёнах Крыму зьнікла земляробства, бо туды перастала паступаць вада з Дняпра. Расея пачала нарошчваць ваенную прысутнасьць, таму на паўвысьпе вырасла колькасьць вайскоўцаў і чыноўнікаў.

Крым ня мае магчымасьці зарабляць на ўласнае ўтрыманьне. Варта зазначыць, што больш за траціну яго насельніцтва (каля 800 тысячаў з 2,2 мільёнаў) складаюць пэнсіянэры і бюджэтнікі. Залежнасьць паўвыспы ад зьнешняй падтрымкі, у параўнаньні з мінулымі часамі, вырасла ў разы. Калі Ўкраіна, па словах яе былога прэм’ера Мікалая Азарава, накіроўвала на разьвіцьцё Крыма каля 120 мільёнаў даляраў у год, то Расея штогод будзе траціць ня менш за 2 мільярды даляраў – прадказваюць самі расейскія экспэрты.

Нягледзячы на маштабныя фінансавыя ўліваньні, узровень жыцьця на Крыме не палепшыўся – канстатуе журналіст «Радыё Свабода» крымчанін Павал Казарын.

П. Казарын: Адразу пасьля анэксіі бюджэтнікі атрымлівалі зарплаты са шматлікімі надбаўкамі, пэнсіянэры атрымлівалі павялічаныя пэнсіі. Аднак гэты сацыяльны рай скончыўся 1 студзеня 2015 году. Тады большасьць надбавак былі скасаваныя, і людзі пачалі атрымліваць голыя аклады. З улікам таго, што цэны на Крыме вырасьлі ў 2,5-3,5 разы, сытуацыя для звычайных жыхароў Крыма стала сумнай. Рост цэнаў «зьеў» павялічаныя да ўзроўню расейскіх пэнсіі і заробкі.

Нягледзячы на тое, што турыстаў на Крыме паменшала ўдвая, санаторыі не пустуюць – кажа Павал Казарын. Расея субсідуе авіяпералёты й высылае ў дзяржаўныя здраўніцы бюджэтнікаў ды працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. А вось уласьнікі прыватных гатэляў і тыя, хто здаваў жытло турыстам – «дзікунам», свой даход страцілі – кажа журналіст.

П. Казарын: Ільвіная доля людзей, якія цяпер едуць на паўвыспу – гэта людзі, якія едуць па пуцёўках. Напрыклад, гэта працаўнікі дзяржпрадпрыемстваў, дзе раз на год цэнтралізавана выдаюць пуцёўкі ў санаторыі. Проста раней яны высылалі людзей у санаторыі Краснадарскага краю, а цяпер высылаюць у Крым. Казаць пра тое, што крымскія здраўніцы пустуюць – будзе няпраўдай. Крэмль пераразьмяркоўвае турыстычны паток, якія ад яго залежыць. А вось прыватны сэктар, які быў арыентаваны на індывідуальных турыстаў, моцна «прасеў».

Расейскія ўлады спадзяюцца, што павялічыць паток турыстаў на Крым і хоць нейкім чынам зьменшыць залежнасьць курорту ад грошай з Масквы, дапаможа мост праз Керчанскі праліў. Папярэдні кошт праекту – каля 3,5 мільярдаў даляраў. Мост павінен быць пабудаваны ў вельмі неспрыяльных геалягічных умовах: на нестабільным дне, у цясьніне з моцным цячэньнем.
Калі Крэмль паставіць сабе такую задачу, ён яе выканае – лічыць кіеўскі палітоляг Яўген Магда. Аднак выдаткі на будову, у тым ліку карупцыйныя, будуць вельмі высокімі – прадказвае экспэрт.

Я. Магда: Учора была ўбітая першая свая Керчанскага мосту – вельмі сымбалічны крок. Мост магчыма пабудаваць. Аднак яго будуе кампанія Аркадзя Ротэнберга – блізкага сябра Пуціна, якія праславіўся падчас Сочынскай алімпіяды. Калі гэты праект будзе рэалізаваны, ён будзе вельмі дарагім.

Такім чынам, Крым пасьля анэксіі ня стаў эканамічным раем. За адну толькі працу на гэтай тэрыторыі кампаніі трапляюць пад міжнародныя санкцыі, таму ўтрыманьне і разьвіцьцё паўвыспы поўнасьцю лягло на расейскі бюджэт і набліжаныя да Крамля кампаніі. Дзякуючы маштабным грашовым уліваньням, расейскаму кіраўніцтву ўдалося не дапусьціць рэзкага падзеньня узроўню жыцьця людзей. Аднак павышэньне цэнаў і ізаляцыю паўвыспы адчулі на сабе ўсе жыхары Крыму.

Ўладзімер Пуцін з вышэйшым кіраўніцтвам Расеі прыехалі ў Крым, каб пераканаць расейскую публіку ў тым, што жыцьцё на паўвыспе нармалізавалася, пераканаць у перамогах, якіх насамрэч няма – канстатуюць украінскія экспэрты.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт