Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ плянуе адмяніць санкцыі супраць Беларусі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.09.2015 13:55
Эўропа падрыхтавала шэраг прапановаў для беларускіх улад.

Dziennik Gazeta Prawna: Паміж Брусэлем і Менскам назіраецца пацяпленьне стасункаў. Эўразьвяз прапануе Беларусі візавую лібэралізацыю й эканамічную супрацу.

Прэзыдэнцкія выбары 11 кастрычніка будуць вырашальнымі для адмены санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску. У выпадку, калі яны ня скончацца хваляй рэпрэсій, як у 2010 годзе, хутчэй за ўсё яны будуць адменены.

«Мы з задавальненьнем прымаем сытуацыю ў Беларусі, асабліва вызваленьне палітычных вязьняў 22 жніўня», – чытаем у заяве кіраўнічкі зьвязаўскай дыпляматыі Фэдэрыкі Магерыні, выдадзенай пасьля суботняй сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЭЗ. Сустрэча была прысьвечана міграцыйнаму крызысу, але палітыкі размаўлялі таксама пра сытуацыю на Ўсходзе.

Пачаткова эўрапейскія палітыкі ня выключалі, што рашэньне аб адмене санкцый (імі ахоплены 201 асоба й 18 фірм) будзе прынятае цяпер. Канчаткова, беручы пад увагу нэгатыўны досьвед з папярэдняй адлігі ў гадах 2008-2010, было вырашана пачакаць да выбараў. Пасьля выбараў будзе прынятае рашэньне, ці прадаўжаць санкцыі, якія заканчваюцца напрыканцы кастрычніка. «Пакуль мы сочым за сытуацыяй», – адзначыў кіраўнік бэльгійскай дыпляматыі Дзідзье Рэйндэрс.

У сваю чаргу Гэрнот Эрлер зь нямецкага МЗС паведаміў, што пасьля выбараў ня выключаны іншыя крокі, якія павінны заахвоціць прэзыдэнта Лукашэнку да палітычнай лібэралізацыі. Сярод іх – прысьпяшэньне размоваў аб візавых спрашчэньнях, арганізацыя сустрэчы ахвотных інвэставаць у Беларусі й падтрымка Беларусі ў захадах далучыцца да Сусьветнай арганізацыі гандлю. Эўразьвяз таксама хоча падрыхтаваць для Армэніі й Беларусі спэцыяльныя эканамічныя прапановы.

Калі пасьля выбараў паявяцца новыя палітычныя вязьні, то дыялёг зноў будзе замарожаны.

Беларуская апазыцыя ў гэтым пытаньні падзеленая. Яе памяркоўная частка спадзяецца на паляпшэньне зносін з ЭЗ. Іншыя апазыцыйныя прадстаўнікі адзначаюць, што Лукашэнка вельмі неверагодны партнэр, каб ісьці зь ім на супрацу.

ав


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт