Logo Polskiego Radia
Print

Генэрал Вайцяхоўскі - афіцэр гонару

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 09.09.2015 15:29
  • Генэрал Вайцяхоўскі.mp3
Беларускі дакумэнтальны фільм «Сяргей Вайцяхоўскі. Генэрал без Айчыны» перамог на варшаўскім фэстывалі гістарычных і ваенных фільмаў.

Беларускі дакумэнтальны фільм «Сяргей Вайцяхоўскі. Генэрал без Айчыны» перамог у катэгорыі Дакумэнтальнага гістарычнага кіно на варшаўскім VI Міжнародным фэстывалі гістарычных і ваенных фільмаў.

На пачатку ХХ стагодзьдзя землі Чэхіі й Славакіі ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Калі пачалася Першая сусьветная тысячы чэхаў і славакаў перайшлі на бок Расейскай імпэрыі змагацца супраць Аўстра-Венгрыі й яе саюзьнікаў. Неўзабаве з добраахвотнікаў быў сфарміраваны Чэхаславацкі легіён. У жніўні 1917 года на пасаду начальніка штаба 1-й дывізіі прызначылі ўраджэнца Віцебшчыны Сяргея Вайцяхоўскага. Ні адзін іншы афіцэр ня карыстаўся ў чэхаславацкіх легіянераў такой павагай, як ён.

Пасьля рэвалюцыі 1917 года легіянеры зразумелі, што працягваць барацьбу бессэнсоўна. Іх хвалявала толькі адно: як можна вярнуцца на Радзіму? Бальшавікі дазволілі корпусу пакінуць Расею... праз Уладзівасток. Шлях няблізкі, але, як тады здавалася, самы бясьпечны. Ён аднак прывёў да гібелі многіх жаўнераў.
У пэўным моманце генэрал Вайцяхоўскі змагаўся ў Белай гвардыі Калчака, выдатна кіраваў жаўнерамі, ня раз ратуючы іх жыцьцё. Пасьля быў вымушаны са сваімі жаўнерамі пераправіцца ў Канстантынопаль. Адтуль яго запрасілі ў Прагу ствараць чэскую армію. Вайцяхоўскі займаў высокія ваенныя пасады.

Калі пачалася Друкая сусьветная вайна, расейцы знайшлі Вайцяхоўскага, арыштавалі, вывезьлі ў лягер у Сыбір, дзе ён памёр.

/

Рэжысэр стужкі – Настасься Мірашнічэнка. Але аўтарамі ідэі зьяўляюцца Аляксандар і Іна Радаевы.

А. Радаеў: У 2005 годзе, будучы ў Празе, мы купілі кнігу «Дом у выгнаньні» пра лёсы расейскай іміграцыі ў Чэхаславакіі пасьля рэвалюцыі. Адзін з артыкулаў быў пра генэрала Вайцяхоўскага. Калі мы даведаліся, што ён нарадзіўся ў Віцебску, то вырашылі, што такі трагічны лёс дастойны на пачатку выставы, а потым і фільму.

У беларускіх архівах пра генэрала Вайцяхоўскага няма нічога. Асноўны матэрыял быў у праскіх архівах. Але найбольш нам далі асабістыя кантакты. Мы зьвязаліся з патомкамі генэрала, якія пражываюць у Амэрыцы. Гэта яго ўнукі. Зь яго ўнучкай Хэлен Згагоўскі мы заключылі ліцэнзійную дамову й яна дала нам усе дакумэнты.

Іна Радаева кажа, што Сяргей Вайцяхоўскі – гэта афіцэр, для якога паняцьце гонару было не пустым гукам ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Асаблівую ўвагу яна зьвяртае на ролю ўнучатага пляменьніка генэрала.

І. Радаева: Вельмі важную ролю ў арганізацыі выставы й стварэньні фільма адыграў унучаты пляменьнік Вайцяхоўскага, аўтар артыкула, які мы прачыталі першым. На жаль, ён памёр годам раней, мы не сустрэліся. Але для мяне быў важным факт, што Сяргей Цілі жыў у Менску 20 гадоў. У яго таксама быў вельмі цяжкі лёс. Там ён таксама памёр. Яго прах пахаваны ў двух месцах – у Менску й Празе. Мы пасябравалі зь яго ўдавою. Менавіта намаганьнямі Цілі з архіва НКУС былі прывезены асабістыя справы Вайцяхоўскага.

Заслугі Сяргея Вайцяхоўскага яго другая радзіма, Чэхія, ацаніла шмат пазьней, пасьмяротна. 28 кастрычніка 1997 году прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл падпісаў указ аб узнагароджаньні генэрала Вайцяхоўскага вышэйшай узнагародай рэспублікі – ордэнам Белага Льва «за выдатныя заслугі ў галіне абароны й бясьпекі дзяржавы».

Поўную гутарку з Аляксандрам і Інай Радаевымі слухайце ў далучаным гукавым файле.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт