Узнагародай за ўдзел у лукашэнкаўскіх выбарах для Тацьцяны Караткевіч можа стаць прызначэньне ў Палату прадстаўнікоў – лічыць наш палітычны аглядальнік. У сёньняшнім «Палітычным люстэрку» Павал Усаў і Аляксандар Папко таксама разважаюць, ці зьявіцца ў Беларусі расейская авіябаза, чаму беларусы масава ходзяць на выбары і навошта Аляксандар Лукашэнка арганізаваў з сынамі масавы малебен.
На выбары як на сьвята?
У аўторак 6 кастрычніка ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне. Традыцыйна ля выбарчых участкаў выбудаваліся чэргі са студэнтаў, якім адміністрацыя «настойліва рэкамэндавала» прагаласаваць раней. Аднак далёка ня ўсе ідуць да урнаў пад прымусам. Яўка на прэзыдэнцкіх выбарах складзе каля 72% – прагназуе дасьледчы цэнтар НІСЭПД. Чаму ў Беларусі, дзе на сцэне 21 год знаходзіцца толькі адзін палітык, тысячы людзей усё яшчэ ходзяць на выбары? Што цікава, галасаваць пойдуць ня толькі прыхільнікі дзейснай улады, якіх налічваецца каля 46%. На ўчасткі прыйдуць і больш за 20% тых, хто ведае, што выбары фальсыфікуюць. Чым растлумачыць такі фэномэн?
П. Усаў: Гэта рытуал. У савецкія часы людзі хадзілі па традыцыі, не ўдаючыся ў дэталі. Такі самы рытуал склаўся і ў цяперашняй Беларусі. Вялікая частка грамадзянаў не разумее фальшывасьці цяперашніх выбарчых кампаніяў. Адны кажуць, што альтэрнатывы Лукашэнку няма, таму трэба галасаваць за яго. Іншыя наіўна лічуць, што галасаваньне можа нешта зьмяніць. Апазыцыя не здолела выпрацаваць стратэгіі байкоту. Яна не правяла кампаніі, якая б інфармавала, што ня варта ісьці на выбары, што лепш трэба неяк паказаць сваю нязгоду. Грамадзтва засталося дэзарыентаваным. Тыя заклікі пайсьці на выбары, якія людзі чуюць з дзяржаўных СМІ, замацоўваецца ў памяці, і яны не задумваючыся ідуць на ўчасткі.
«Я думаю, што Караткевіч узнагародзяць»
У адрозьненьне ад папярэдніх выбарчых кампаніяў, дзяржаўныя СМІ не палівалі брудам кандыдатаў ад апазыцыі, а дакладней адзіную кандыдатку Тацьцяну Караткевіч. Трэцяга кастрычніка дзяржаўнае тэлебачаньне ўпершыню за 15 гадоў паказала ў прамым эфіры дэбаты з удзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі, праўда Лукашэнка ўдзельнічаць у іх адмовіўся. Ці выступы па тэлебачаньні і сустрэчы ў рэгіёнах зрабілі з Тацьцяны Караткевіч сапраўднага палітыка? Ці пачуем мы пра яе пасьля заканчэньня выбарчага спэктаклю з даволі прадказальным канцом?
П. Усаў: «Гавары праўду» зьяўляецца новым фэномэнам у беларускім палітычным жыцьці, якія я называю «гібрыдная апазыцыя». Ад апазыцыі ў «Гавары праўду» й Караткевіч толькі назва. Яе словы, дзеяньні супярэчаць прынцыпам апазыцыі. Яна заклікае людзей ісьці галасаваць, хоць усе ведаюць, што выбары будуць фальсыфікаваныя. Яна казала, што Беларусь будзе працягваць інтэграцыйныя працэсы з Расеяй. Дзейнасьць «Гавары праўду» скіраваная на дэрадыкалізацыю і апазыцыі, і грамадзтва.
Калі выбары пройдуць згодна з плянам Адміністрацыі прэзыдэнта, я думаю, што Караткевіч узнагародзяць месцам у Палаце прадстаўнікоў. Яе прысутнасьць у парлямэнце будзе выкарыстана, каб легітымізаваць парлямэнцкія выбары 2016 года, а таксама, каб зрабіць Палату прадстаўнікоў легітымнай у вачах Захаду.
Малебен царскай сям’і
Аляксандар Лукашэнка адмовіўся праводзіць традыцыйны «Усебеларускі народны сход». Пахваліцца перад «прадстаўнікамі народу» за мінулае пяцігодзьдзе няма чым – мяркуюць экспэрты. Намэнклятурны сход быў заменены «Малітвай за Беларусь» – ня менш намэнклятурнай і ўрачыстай. Другога кастрычніка на богаслужэньне ў у храм Усіх сьвятых запрасілі міністраў і замежных амбасадараў, а таксама сагналі некалькі сотняў людзей з «масоўкі».
Пасьля малебну на параднай на лесьвіцы перад народам у адным шэрагу выстраіліся лідары чатырох канфэсіяў, а таксама Аляксандар Лукашэнка з трыма сваімі сынамі. Прычым Мікалай падчас богаслужэньня рэзкім жэстам паказаў сваім старэйшым братам, што побач з бацькам можа стаяць толькі ён. Што такой дэманстрацыяй сямейнага кляну хацеў паказаць Аляксандар Лукашэнка? Ці людзі ўсьведамляюць, наколькі абсурдна і сярэднявечна выглядае гэтая цырымонія?
П. Усаў: Арганізуючы такія традыцыйныя рытуалы з удзелам сыноў, а асабліва паказваючы публіцы малодшага сына, Лукашэнка пераконвае грамадзянаў, што ён будзе правіць яшчэ доўгі час, а затым перадасьць уладу малодшаму сыну Мікалаю. «Малітва за Беларусь» – гэта, безумоўна, замена «Усебеларускага народнага сходу». Аднак гэта яшчэ і магчымасьць заявіць беларусам, што Лукашэнка зьяўляецца адзіным гарантам спакою. Маўляў, калі беларусы жадаюць жыць пад мірным небам, то яны павінныя яго падтрымаць.
Авіябаза ўсё роўна будзе
У аўторак 6 кастрычніка Лукашэнка зрабіў сэнсацыйную заяву. «Нам не патрэбная расейская вайсковая база» – паведаміў ён падчас наведваньня новапабудаванай Менскай кальцавой аўтадарогі. «Нам патрэбны самалёты, а не базы сёньня. У нас выдатныя лётчыкі» – падкрэсьліў кіраўнік Беларусі. Відавочна, што Лукашэнка спадзяецца рэалізаваць прапанову, якую ён зрабіў Расеі ў красавіку 2013 года. Тады ён папрасіў перадаць беларускай арміі самалёты Су-27, каб замяніць выведзеныя з эксплуатацыі зношаныя машыны. Расейцы не пагадзіліся і запрапанавалі стварыць у Беларусі сваю ўласную авіябазу. Ці ўдасца Лукашэнку «выбіць» у Расеі самалёты задарма? Альбо база пад расейскім камандаваннем усё ж-такі зьявіцца на беларускай зямлі?
П. Усаў: Я ўпэўнены ў тым, што расейская авіябаза зьявіцца ў Беларусі ў 2016 годзе. Словы Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі ня будзе расейскай базы, зьяўляюцца звычайнай перадвыбарчай прапагандай. Цяпер усе дыпляматы й лябісты Менска на Захадзе намагаюцца палепшыць стасункі Лукашэнкі з Эўразьвязам і ЗША. Яны чакаюць моманту, калі з кіраўніцтва Беларусі й Лукашэнкі асабіста будуць зьнятыя санкцыі. А як толькі пройдуць выбары і асноўныя пытаньні ў стасунках з Захадам будуць вырашаныя, то паводзіны Лукашэнкі зьменяцца.
Размаўляў Аляксандар Папко