Logo Polskiego Radia
Print

Падзелы ў беларускіх уладных структурах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.10.2015 14:53
  • rzad.mp3
Хто ўвойдзе ў новы ўрад, ці гэта будзе Савет Міністраў рэфарматараў, ці кансэрватараў?

/

Беларускі ўрад падаў у адстаўку. Гэта фармальны крок пасьля выбараў прэзыдэнта Беларусі. У адпаведнасьці заканадаўству дзяржавы, новы ўрад будзе прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам пасьля яго афіцыйнага ўступленьня на пасаду кіраўніка краіны. Хто ўвойдзе ў новы ўрад, ці гэта будзе Савет Міністраў рэфарматараў, ці кансэрватараў?

Дзейны ўрад прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова быў прызначаны менш за год таму. У вялікай ступені Лукашэнка трактуе сваіх міністраў і дарадчыкаў як хлопчыкаў для біцьця, на якіх можна звальваць віну за праблемы эканомікі. А эканоміка краіны рухаецца ў дрэнным напрамку – Сусьветны банк прагназуе, што сёлета беларускі ВУП упадзе на 3,5%, адна трэцяя беларускіх прадпрыемстваў фіксуе страты, падаюць даходы дзяржавы. Ураду вельмі патрэбныя рэфарматары, якія былі б здольныя пераканаць кіраўніка дзяржавы ў неабходнасьці рэформаў. Такія людзі ёсьць, але й старая савецкая намэнклятура трымаецца вельмі моцна. Гэта ўжо канфлікт пакаленьняў, – мяркуе аналітык з Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня.

Р. Астапеня: Падзел каштоўнасны, генэрацыйны, які паказвае, што маладыя людзі настроеныя больш лібэральна, прыхільна да Захаду, ахвотныя да рэформаў, а старэйшае пакаленьне больш савецкае, накіраванае на захаваньне сёньняшняй мадэлі. Тут няма пераможцаў ці прайграўшых. Лукашэнку патрэбныя людзі, які разумеюць мэханізмы працы эканомікі, але, з іншага боку, савецкая намэнклятура складае касьцяк ягонай каманды, ён патрабуе іх падтрымкі.

На думку нашага суразмоўцы, ва ўрадзе застануцца верныя людзі прэзыдэнта, прадстаўнікі «савецкай намэнклятуры», як Мар’яна Шчоткіна, якая абараняе закон аб дармаедзтве. Але рэфарматары таксама патрэбныя ва ўрадзе. Ёсьць у атачэньні Лукашэнкі людзі, якім блізкія каштоўнасьці свабоднага рынку, якія атрымалі заходнюю адукацыю або працавалі за мяжою ды імкнуцца пераканаць кіраўніка дзяржавы ў неабходнасьці рэфармаваньня эканомікі.

Р. Астапеня: Гэтыя людзі значна адрозьніваюцца ад ранейшай эліты. Яны маладзейшыя, маюць прыязнае стаўленьне да лібэральных рэформаў, хацелі б прасоўваць іх у Беларусі, станоўча ставяцца да Захаду, бо яны або навучаліся на Захадзе, як Кірыл Руды, Васіль Мацюшэўскі, або працавалі там, як Латушка. Можна сказаць часткова, што яны больш прыхільныя да нацыянальнай ідэнтычнасьці. Павел Латушка размаўляе па-беларуску, Мацюшэўскі апранаў майкі з Пагоняй.

Многія аналітыкі прадбачвалі, што пасьля выбараў і прэзыдэнт, і, адпаведна, падначалены яму ўрад пачнуць прымаць непапулярныя рашэньні, у тым ліку згортваць сацыяльную дзяржаву. Магчыма, будзе праведзена пэнсійная рэформа, павышаны ўзрост выхаду на пэнсію. Згортваньне сацыяльнай дзяржавы ўжо назіраецца, – кажа Рыгор Астапеня.

Р. Астапеня: Гэта ўжо адбываецца. У нас няма льготаў, прымаюцца вар’яцкія законы па дармаедзтве, не ідзе павелічэньне сацыяльных выплатаў па беспрацоўю, хаця эканоміка падае, а беспрацоўе расьце. Наадварот, адбываецца згортваньне сацыяльнай палітыкі. Калі раней казалі, што ў нас дзяржава для народу, то цяпер кажуць, што людзі павінны ахвяраваць сабою для дзяржавы, для агульнага дабра. І пра пэнсійную рэформу Лукашэнка часта кажа, хаця сьцьвярджае, што людзі да гэтага не гатовыя. Магчыма, стан эканомікі паставіць яго ў сытуацыі бяз выбару, неабходна будзе падымаць пэнсійны ўзрост.

Дзеяньні Нацбанку, ураду сьведчаць аб тым, што ў Беларусі ўжо адбываюцца зьмены ў эканоміцы. Наколькі далёка яны зойдуць, залежыць ад кіраўніка дзяржавы. Магчыма, ён будзе прымушаны прымаць непапулярныя рашэньні ды ўводзіць глыбокія рэформы, паколькі схіліць яго да гэтага стан беларускай эканомікі. Расея ўжо ня можа фінансаваць Беларусь, таму без рэформаў краіну чакае сур’ёзны крызыс.

Прапануем таксама вашай увазе артыкул Р. Астапені на тэму падзелаў у беларускім урадзе на «Беларусь Дайджэст».

http://belarusdigest.com/story/who-will-get-positions-new-government-conservatives-or-reformists-23483

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт