Logo Polskiego Radia
Print

Польшча абараняе зямлю ад замежных спэкулянтаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.03.2016 15:11
  • фэрмэр.mp3
Аднак падрыхтаваны кіроўнай партыяй закон не падабаецца апазыцыі.
Photo: pixabay.com

Напрыканцы красавіка заканчваецца пераходны пэрыяд на набываньне іншаземцамі сельскагаспадарчых угодзьдзяў у Польшчы. Палякі дабіліся гэтага пэрыяду падчас перамоваў наконт уступленьня ў Эўразьвяз. Цяпер, каб купіць сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі ў Польшчы, іншаземец павінен атрымаць адпаведны дазвол Міністэрства сельскай гаспадаркі й Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. З 1 траўня, то бок з канцом пераходнага пэрыяду, зямлю ў Польшчы зможа купіць кожны.

Каб прадухіліць небясьпеку выкупу сельскагаспадарчых угодзьдзяў іншаземцамі, улады правых сілаў Польшчы плянуюць увесьці закон, датычны гандлю зямлёй.

Паводле новых правілаў, купіць сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі ў Польшчы змогуць выключна індывідуальныя фэрмэры, то бок асобы, якія маюць фэрмэрскія кваліфікацыі, вядуць гаспадарку ня большую чым 300 гектараў і пражываюць у дадзенай гміне, як мінімум цягам 5 гадоў.

Купленай зямлі фэрмэру нельга будзе прадаць або здаць у арэнду на працягу 10 гадоў з моманту куплі. За парушэньне гэтай забароны зямлю фэрмэра можа выкупіць урадавае Агенцтва сельскагаспадарчай нерухомай маёмасьці.

Улады пераконваюць, што закон дазволіць абараніць польскую зямлю ад замежных спэкулянтаў. Аднак гэтыя зьмены ня ўсім падабаюцца.

Супраць выступаюць апазыцыйныя партыі – „Польская сялянская партыя” й „Грамадзянская плятформа”. Яны пераконваюць, што закон, на самой справе, „замарозіць сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі” у Польшчы і ў выніку давядзе да падзеньня іх цаны. Па гэтай прычыне апазыцыя арганізавала дэманстрацыю ля будынку парлямэнту.

Яраслаў Каліноўскі (поль. Jarosław Kalinowski)ад „Польскай сялянскай партыі” пераконваў, што закон можа заблякаваць перадачу зямлі ў спадчыну.

Яраслаў Каліноўскі: Яны прапануюць такое рашэньне – калі фэрмэр-уласьнік сельскагаспадарчых угодзьдзяў захоча перадаць сваю зямлю дзецям, то ён будзе прымушаны атрымаць на гэта згоду дзяржаўнага чыноўніка, які прызначаны на сваю пасаду па палітычных прычынах. На гэта няма згоды.

Прадстаўнікі „Польскай сялянскай партыі” кажуць, што новыя правілы ня толькі парушаюць права на ўласнасьць, але таксама ўскладняць разьвіцьцё сельскай гаспадаркі. У сваю чаргу „Грамадзянская плятформа” заяўляе, што калі закон будзе прыняты, то партыя накіруе скаргу ў Канстытуцыйны суд.

Паводле сьпікера Сэнату (вышэйшай палаты польскага парлямэнту) Станіслава Карчэўскага (пол. Stanisław Karczewski) ад кіроўнай партыі „Права й справядлівасьць”, арганізатары пратэсту на самой справе не азнаёміліся дакладна з законам, супраць якога пратэстуюць.

Станіслаў Карчэўскі: Я лічу, што прадстаўнікі „Грамадзянскай плятформы” й „Польскай сялянскай партыі” проста не прачыталі закона да канца; не пазнаёміліся зь яго зьместам. Гаворка не ідзе пра „замарожаньне продажу зямлі”. Закон павінен абараняць польскую зямлю. Мы за тое, каб польская зямля была ўласнасьцю палякаў і не дапусьцім да таго, каб яна прадавалася іншаземцам.

Цягам першых 5 гадоў пасьля далучэньня Польшчы да Эўразьвязу сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі ў краіне даражэлі ў сярэднім на 30% у год. Гэта, здаецца, пацьвярджае боязі польскіх уладаў.

Цягам апошніх 10 гадоў Міністэрства ўнутраных спраў дало іншаземцам згоду на куплю 50 тысячаў гектараў сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Аднак, паводле экспэртаў, афіцыйныя дадзеныя заніжаныя. Паводле іх, у заходняй Польшчы іншаземцы здавён купляюць польскую зямлю пры дапамозе падстаўных асобаў. Пра гэта, паводле экспэртаў можа сьведчыць нераўнамернае зацікаўленьне зямлёй у краіне.

Паводле намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Збігнева Бабальскага(поль. Zbigniew Babalski), законапраект дазволіць абараніць польскую зямлю перад спэкулянтамі.

Збігнеў Бабальскі: Паводле інфармацыі, зь якой мы пазнаёміліся, у Польшчы было прададзена каля 200 тысяч гектараў зямлі падстаўным асобам. Гэтая зямля была падрыхтаваная, каб пасьля 1 траўня маглі яе пераняць сапраўдныя пакупнікі, то бок іншаземцы.

Паводле дадзеных Агенцтва рэструктурызацыі й мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя паверхня фэрмэрскай гаспадаркі ў Заходнім Памор’і складзе 30 гектараў, у Вармінска-Мазырскім ваяводзтве – 23 гектары, а у Любускім – амаль 22. Тым часам сярэдняя плошча гаспадаркі па краіне не перавышае 11 гектараў, а ў Малапольскім ці Падкарпацкім ваяводзтвах яна складае каля 4 гектараў.

Сярэдняя цана 1 гектара сельскагаспадарчых угодзьдзяў складае каля 30 тысяч злотых, але на ўскраіне буйных гарадоў зямлю прадаюць нават па чвэрць мільёна злотых за гектар. Адзін гектар зямлі акупаецца фэрмэру ў сярэднім праз 14 гадоў.

Аднак адмыслоўцы зьвяртаюць увагу яшчэ на адну справу – сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі па ўсім сьвеце спыняюць выкарыстоўвацца выключна фэрмэрамі й становяцца інвэстыцыяй.

Паводле дадзеных Сусьветнага банку, з пачатку бягучага стагодзьдзя цэны сельскагаспадарчых угодзьдзяў вырасьлі на 400%. Ужо амаль 60% выпадкаў куплі зямлі мае выключна інвэстыцыйны характар, то бок пакупнікі ня маюць нічога агульнага з фэрмэрствам.

І хоць „Справаздача пра сытуацыю вёскі” сьведчыць пра тое, што цягам апошніх гадоў колькасьць жыхароў вясковых тэрыторыяў расьце ў сярэднім на 30-40% цягам году, то з 10 зь іх толькі 4 утрымліваецца з фэрмэрскай дзейнасьці.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт