«Апошняя дыктатура Эўропы», «амаль Расея», «запаведнік СССР» – заходнеэўрапейская моладзь мае даволі абмежаваныя і нэгатыўныя стэрэатыпы пра Беларусь. Мала хто ўсьведамляе, што Беларусь – гэта лідар па вытворчасьці кампутэрных праграмаў на душу насельніцтва, сусьветны лідар па колькасьці ўладальнікаў шэнгенскіх візаў, краіна, якая мае высокаадукаваную моладзь. Які патэнцыял мае Беларусь і як будзе выглядаць яе эканоміка праз дзесяць гадоў? На гэтыя пытаньні спрабавалі адказаць беларускія экспэрты, запрошаныя на дыскусію ў Эўрапейскі каледж у Варшаве.
«Беларусь: ад «Апошняй дыктатуры» да World of Tanks» – так называлася дыскусія, арганізаваная студэнтамі Эўрапейскага каледжу ў Варшаве. Навучэнцы ўстановы, якая рыхтуе будучых функцыянэраў Эўрапейскага зьвязу, маюць даволі абмежаваныя веды пра Беларусь – кажа адна з арганізатараў сустрэчы Мальвіна Карпцова.
Мальвіна Карпцова
М. Карпцова: Пра Беларусь у людзей даволі абмежаваныя веды. Калі я прыехала ў Каледж, мне задавалі вельмі шмат пытаньняў. Некаторыя лічылі, што жыцьцё ў Беларусі такое ж, як у Паўночнай Карэі. Калегі былі зьдзіўленыя, што я ўвогуле магу выяжджаць за мяжу. У людзей ёсьць цікавасьць да Беларусі, яны хочуць наведаць краіну, аднак калі даведваюцца, што трэба атрымаць візу й прайсьці празь бюракратычныя працэдуры, то ахвота крыху згасае.
Мэта дыскусіі – вывесьці навучэнцаў элітарнай навучальнай установы па-за рамкі зьбітых нэгатыўных стэрэатыпаў. Экспэрты ня толькі стараліся растлумачыць чаму краіну 22 гады ўзначальвае нязьменны аўтарытарны кіраўнік, але й распавялі, чаму ў Беларусі актыўна разьвіваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналёгіі.
Беларусь мае патэнцыял для эканамічнага скачка. І заключаецца ён у высокаадукаваных людзях – лічыць галоўны рэдактар часопіса «Ідэя» і аналітык дасьледчага цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня.
Рыгор Астапеня
Р. Астапеня: Эканамічны патэнцыял заключаецца ў ІТ-сфэры, а таксама ў прамысловых прадпрыемствах. Яны хоць і знаходзяцца ў заняпадзе, але могуць стаць базай для новых вытворчасьцяў. Калі параўнаць структуру экспарту Беларусі й Расеі, то акажацца, што Беларусь яшчэ вельмі індустрыялізаваная краіна. І гэты патэнцыял усё адно захоўваецца.
Эканоміка Беларусі не настолькі вялікая, каб прыцягнуць значныя заходнія інвэстыцыі. Аднак Беларусь вельмі цікавая як пляцоўка для перамоваў, дыпляматычнага ўрэгуляваньня шматлікіх узброеных канфліктаў на постсавецкай прасторы. Так лічыць Дзяніс Кольга – кіраўнік Менскага прадстаўніцтва сеткі НДА Global Shapers Community, створанай Глябальным эканамічным форумам. У гэтым годзе ён прадстаўляў Беларусь на сусьветным эканамічным форуме ў Давосе.
Дзяніс Кольга
Д. Кольга: Пэрспэктывы ў нас перадусім палітычныя. Трэба разумець, што доля Расеі ў сусьветнай эканоміцы да крызысу складала ўсяго 3%. Цяпер жа – каля 1,5%. А доля Беларусі – менш за 0,1%. Таму мы можам зацікавіць сусьветную супольнасьць толькі палітычнай павесткай дня. Беларусь цікавая як перамоўная пляцоўка й сродак узьдзеяньня на Расею. Таксама наш рэгіён цікавіць замежны бізнэс як транзытная зона. Мы знаходзімся на паўночным адгалінаваньні новага Шаўковага шляху, які будуе Кітай. У гэты праект заходнія бізнэсмэны гатовыя інвэставаць.
Такім чынам, што павінныя ведаць замежнікі пра Беларусь? «Краіна паволі, але зьмяняецца», – кажа палітоляг Рыгор Астапеня.
Р. Астапеня: Трэба ведаць, што Беларусь – гэта дыктатура. Але мы бачым, што адбываюцца зьмены ў бюракратыі, прыходзяць новыя людзі. Мы бачым, што адбываюцца зьмены ў мысьленьні людзей, усё больш узмацняецца беларуская ідэнтычнасьць. Мы бачым, што зьмены адбываюцца нават у беларускім войску – яно ўсё менш залежыць ад Расеі ў пляне вытворчасьці зброі. Трэба памятаць, што Беларусь дыктатура, але нават у крывавай дыктатуры адбываюцца зьмены, і часта яны пазытыўныя.
Як будзе выглядаць эканоміка й грамадзтва Беларусі праз 10 гадоў? На гэтае пытаньне надзвычай цяжка адказаць – кажа Рыгор Астапеня. Напэўна многія дзяржаўныя прадпрыемствы, якія дасталіся ў спадчыну ад СССР, проста перастануць існаваць. Зь іншага боку, зьявяцца новыя, зьвязаныя не з машынабудаўніцтвам ці нафтахіміяй, а з інфармацыйнымі тэхналёгіямі. Сытуацыя ў Беларусі вельмі залежыць ад пераменаў на глябальных рынках і ў міжнароднай палітыцы – падкрэсьлівае экспэрт.
Такім чынам, у непрадказальным эканамічным і палітычным асяродзьдзі ў Беларусі застаецца адзіны галоўны козыр – гэта чалавечы патэнцыял. Толькі адукаваныя актыўныя людзі могуць дапамагчы Беларусі стварыць новую эканоміку. Гэта той патэнцыял, у які ўлады Беларусі павінныя інвэставаць, незалежна ад палітычнага курсу.
Аляксандар Папко