Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця дасьць больш грошай Менску

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.03.2016 18:09
  • Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця дасьць больш грошай Менску.mp3
Аднак дапамога пойдзе толькі на правядзеньне рэформаў. На іх імітацыю грошай ніхто ня дасьць – кажа аналітык Яраслаў Крывой.
Photo: wikipedia.org

Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця намераны пашырыць сваё супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Пасьля нядаўняга візыту ў Менск віцэ-прэзыдэнта банку Алэна Пію кіраўніцтва міжнароднай фінансавай установы можа аказаць Менску дапамогу ў памеры некалькіх соцень мільёнаў эўра. Пра гэта піша ў сваім нядаўнім артыкуле дырэктар аналітычнага цэнтру Астрагорскага Яраслаў Крывой. На што пойдуць грошы Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця? На гэтую тэму з аналітыкам размаўляе Аляксандар Папко.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця – гэта міжнародная фінансавая ўстанова, заснаваная пасьля падзеньня камунізму з мэтай дапамагчы краінам былога савецкага блёку праводзіць эканамічныя рэформы. Банк дапамагае 33 краінам – ад Альбаніі па Ўзбэкістан – зрабіць свае эканомікі больш эфэктыўнымі, тлумачыць Яраслаў Крывой.

Я. Крывой: Банк працуе, напрыклад, над тым, каб зрабіць камэрцыйнымі паслугі ў камунальным сэктары. Ён дапамагае зрабіць камунальныя паслугі акупляльнымі, каб яны ўтрымліваліся з грошай карыстальнікаў, а не дзяржаўнага бюджэту. Банк дапамагае ў распрацоўцы праграмаў энэргаэфэктыўнасьці й больш ашчаднага выкарыстаньня вады. Таксама ён рэалізуе праекты ў фінансавай сфэры. Напрыклад, часамі ЭБРР купляе некаторую частку акцыяў банку й дапамагае яму прыняць больш сучасныя стандарты ў сваім кіраваньні.

22 сакавіка Беларусь наведаў віцэ-прэзыдэнт ЭБРР Алэн Пію. Ён сустрэўся як з уладамі, так і прадстаўнікамі незалежных дасьледчых цэнтраў. Мэтай сустрэчаў было даведацца, якія праекты банку варта падтрымаць у Беларусі. Раней ЭБРР працаваў выключна з прыватным сэктарам, з-за парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і адсутнасьці свабодных выбараў. Цяпер жа банк прыняў палітычнае рашэньне пачаць супрацоўніцтва з урадам – кажа Яраслаў Крывой.

Я. Крывой: Ідзе гаворка пра тое, каб рэфармаваць дзяржаўную палітыку ў пэўных галінах: напрыклад, дапамагчы ў прыцягненьні інвэстыцыяў ці ўліку інтарэсаў бізнэсу пры прыняцьці дзяржаўных рашэньняў. Такім чынам павялічыцца ня толькі колькасьць праграмаў, у якіх Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця плянуе ўдзельнічаць, але й узровень падтрымкі.

Цяпер банк распрацоўвае стратэгію дзеяньняў у Беларусі на пэрыяд з 2016 да 2020 году. Дакумэнт павінен убачыць сьвет у ліпені. Можна чакаць, што банк значна павялічыць фінансаваньне. Калі ў мінулым годзе ён вылучыў на праекты ў Беларусі толькі 53 мільёны эўра, у гэтым годзе падтрымка можа дасягаць некалькіх сотняў мільёнаў – мяркуе Яраслаў Крывой.

Сродкі Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця могуць быць вельмі істотнай дапамогай у правядзеньні рэформаў. Аднак банк дасьць гэтыя грошы Менску толькі ў тым выпадку, калі беларускі ўрад сапраўды пачне рэформы. Крэдытаў на імітацыю рэформаў і праяданьне грошай ніхто ня дасьць – пераконвае экспэрт.

Я. Крывой: Спачатку Беларусь павінная будзе зрабіць канкрэтныя крокі, і толькі тады атрымае дапамогу ці пэўныя інвэстыцыі, а не наадварот. Такі падыход маюць як віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця, так і кіраўнік беларускага офісу банку. Яны разумеюць, што ўрад можа паспрабаваць пазьбегнуць рэформаў, але атрымаць грошы. Яны паспрабуюць улічыць гэты фактар, каб дапамога пайшла на зьмены ў эканоміцы, а ня проста зьнікла.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця плянуе ў бліжэйшыя пяць гадоў падтрымаць беларускія прыватныя банкі, дапамагчы ў прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Таксама банк плянуе дапамагчы беларускаму ўраду павысіць якасьць і эфэктыўнасьць дзяржаўных паслугаў «пры дапамозе рэформаў заканадаўства і ўвядзеньня камэрцыйных прынцыпаў кіраваньня».

Аляксандар Папко


Беларускую вэрсію артыкулу Яраслава Крывога пад назвай "Ці спрацуе новая стратэгія ЭБРР у Беларусі?" можна знайсці на сайце Ostro.by.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт