Logo Polskiego Radia
Print

Палякі стварылі больш паўтысячы грамадзкіх архіваў

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 20.05.2016 15:27
  • Машына часу.mp3
Ужо пяты год разьвіцьцём руху грамадзкай архіўнай справы ў Польшчы займаецца цэнтар “Карта”.
archiwa.org

У Польшчы ствараюцца грамадзкія архівы для таго, каб не дазволіць загінуць каштоўным гістарычным дакумэнтам, фотаздымкам, успамінам і прадметам. З гэтай мэтай дзяржава праводзіць курсы па архіўнай справе для краязнаўцаў і аматараў гісторыі, дапамагае зьбіраць калекцыі й рабіць іх агульнадаступнымі дзякуючы аблічбоўцы й разьмяшчэньню ў інтэрнэце.

Ужо пяты год разьвіцьцём руху грамадзкай архіўнай справы ў Польшчы займаецца цэнтар “Карта”. Гэтая ўстанова займаецца зборам, апрацоўкай і захаваньнем дакумэнтаў па найноўшай гісторыі Польшчы. Большасьць польскіх грамадзкіх архіваў – гэта лякальныя ініцыятывы, якімі займаюцца пасіянарыі й валанцёры. Тэматыка іх працы не заўсёды цікавіць дзяржаўныя архівы, але для гісторыі лякальных супольнасьцяў іх калекцыі бясцэнныя. Распавядае каардынатарка грамадзкіх архіваў цэнтра “Карта” Агнешка Кудэлка.

Агнешка
Агнешка Кудэлка

Агнешка Кудэлка: Тэрмін “грамадзкі архіў” пакуль яшчэ не існуе ў польскім заканадаўстве й польскім мэнталітэце: ён толькі пачынае ўваходзіць у нашу сьвядомасьць. Калі казаць у некалькіх словах, то гаворка пра групу людзей, у якіх ёсьць хобі – зьбіраць дакумэнты на цікавую тэму альбо наконт цікавай падзеі ці групы іншых людзей. Часьцей за ўсё гэта тэмы, пра якія раней не гаварылася, якія раней замоўчваліся й якіх проста не існавала ў грамадзкай прасторы.

Да нядаўняга часу сямейныя й грамадзкія архівы існавалі самі па сабе, а пасьля сьмерці іх уладальніка гінулі. Цэнтар “Карта” ў 2012 годзе пачаў рэалізаваць праект па каардынацыі архіўных ініцыятываў у краіне.

Агнешка Кудэлка: Цэнтар “Карта” ўжо пяць гадоў вядзе запіс грамадзкіх архіваў. Гэта нескладана. Мы шукаем людзей, якія гэтым займаюцца, зьбіраем пра іх інфармацыю: эдрас электроннай пошты, тэлефоны. Мы дасылаем ім анкеты й спрабуем дазнацца больш пра іх працу: чым яны займаюцца, якія ў іх калекцыі. Мы стварылі базу грамадзкіх архіваў – archiwa.org. Там ёсьць таксама польскія архівы ў замежжы. На дадзены момант там каля 100 архіваў польскай дыяспары. Спадзяюся, што дзякуючы нашай размове іх будзе больш. Заклікаю зьвяртацца да нас у цэнтар “Карта”.

На курсах цэнтра “Карта” па грамадзкай архівістыцы пабывала ўжо паўтысячы прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і бібліятэк. Курсы адбываюцца ў стацыянарнай форме й вэрсіі он-лайн. Пасьля курсаў стваральнікі архіваў атрымліваюць бясплатнае праграмнае забясьпячэньне для апрацоўкі фондаў і адукацыйныя матэрыялы. Супрацоўнікі “Карты” таксама дапамагаюць грамадзкім архівістам ствараць сайты сваіх калекцый.

Агнешка Кудэлка: Мы ахавотна шукаем людзей, якія гэтым займаюцца, але ў той жа час мы заахвочваем новых людзей ствараць грамадзкія архівы. Мы вельмі просім зьвяртацца ў такія ўстановы як цэнтар «Карта». Мы ахвотна дапаможам, пакажам і навучым, як можна спраўна такія архівы ствараць, каб ад самага пачатку не рабіць памылак. Шкада пазьней марнаваць час на дапрацоўкі, на дэталі, якія вельмі важныя. Пазьней можа быць вельмі цяжка знайсьці нанова сьведкаў гісторыі.

/


Агнешка Кудэлка распавяла, што вельмі часта людзі не зьвяртаюць увагу на здымкі, прадметы, дакумэнты сваіх дзядоў, блізкіх і лічаць, што яны не ўяўляюць ніякай каштоўнасьці. З-за такой абыякавасьці вельмі часта беззваротна гінуць унікальныя гісторыі.

Агнешка Кудэлка: Кожная гісторыя важная: у кожнай ёсьць інфармацыя, памяць, якая цікавая таксама й дасьледчыкам, сацыёлягам, архівістам і гісторыкам. Гэта своесаблівыя пазлы, якія навукоўцы пазьней інтэрпрэтуюць, апрацоўваюць і перадаюць наступным пакаленьням. Трэба адмовіцца ад эгаістыстычнага мысьленьня й падумаць пра сваіх унукаў і праўнукаў ды пакінуць ім гісторыю.

На старонцы archiwa.org на дадзены момант ёсьць ужо каля 500 архіваў з Польшчы й 100 архіваў палякаў замежжа. Іх колькасьць увесь час павялічваецца дзякуючы, як кажа Агнешка Кудэлька, падтрымцы польскай дзяржавы. Рэгулярныя экспэдыцыі па аблічбоўцы грамадзкіх архіваў ладзіць Цэнтар “Карта”.

Агнешка Кудэлка: Мы бярэм у заплечнік сканэр і едзем, на месцы яго дастаем і старанна скануем. У кожнага з нас у “Карце” ёсьць за плячыма праект па зборы дакумэнтаў. Я сама запісвала сьведкаў гісторыі па Скайпе. Ёсьць адмысловыя праграмы, якія запісваюць нашую размову. Таму сёньня неабавязкова недзе ехаць, каб запісаць нечыю гісторыю. Потым такі запіс можна адпаведна апрацаваць і архівізаваць. Сёньня тэхналёгія дазваляе нам дакрануцца да кожнай гісторыі. Межы гэтаму – не перашкода. Варта гэтым займацца. Нашыя дзяды паміраюць. Я вельмі шкадую, што не пасьпела запісаць сваю бабулю. Трэба лавіць апошні момант і магчымасьць, бо потым будзе позна й мы будзем моцна аб гэтым шкадаваць.

Цэнтар “Карта” дапамагае грамадзкім архівістам ня толькі ў Польшчы: два гады таму польскія дасьледчыкі распачалі працу стварэньні Міжнароднага беларускага архіва. Там сабраныя архіўныя матэрыялы як з прыватных фондаў, так і з фондаў разнастайных арганізацый і інстытуцый.

Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт