Logo Polskiego Radia
Print

72 гады таму немцы забілі да 60 тысяч варшавянаў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 05.08.2016 13:13
  • Разьня на Волі.mp3
У першыя дні Варшаўскага паўстаньня адбылася разьня ў мікрараёне Волі, у якой немцы забілі ад 30 да 65 тысяч мірных жыхароў.
Zdjęcie ilustracyjneZdjęcie ilustracyjneWikipedia/Bundesarchiv, Bild 101I-695-0412-15 / Gutjahr / CC-BY-SA 3.0

5 жніўня мінае 72 гады ад разьні жыхароў варшаўскага мікрараёну Воля. У першыя дні Варшаўскага паўстаньня 1944 году немцы забілі ад 30 да 65 тысяч мірных жыхароў. Дакладная лічба ахвяр застаецца невядомай.

Масавае забойства адбылося ў днях з 5 па 7 жніўня. Гэта быў адзін з самых трагічных момантаў Варшаўскага паўстаньня. Такім чынам гітлераўцы рэалізавалі загад Адольфа Гітлера, які загадаў разбурыць польскую сталіцу й забіць усіх яе жыхароў.

Аддзелы СС і нямецкай паліцыі забівалі людзей у масавых экзэкуцыях. Найбольшыя зь іх адбыліся каля чыгуначных рэек на вуліцы Мачыдла, у фабрыцы «Урсус» і фабрыцы «Франашка» на вуліцы Вольскай. Мірных жыхароў выкарыстоўвалі ў якасьці жывога шчыта, гонячы іх перад нямецкімі танкамі. Немцы забівалі параненых у шпіталях, праводзілі шматлікія гвалты. Палякаў прымушалі разьбіраць барыкады ў агні баёў.

У 2013 годзе, у 69 гадавіну разьні на Волі, падзеі ўзгадваў Ежы Яноўскі, які перажыў разьню.

Е. Яноўскі: Чорная субота 5 жніўня, 7 гадзін. Пачынаецца моцнае наступленьне немцаў, пяхоты й танкаў, якіх папярэдзілі бомбавыя атакі з самалётаў. Пасьля паветраных атакаў вырушыла пяхота й танкі. Па абодвух баках вуліцы Вольскай гарэлі дамы. У вогненным калідоры перад танкамі гналі жанчын і дзяцей, каб здабыць барыкады. Немцы падпальвалі дом за домам. Гарэў цэлы мікрараён.

Разьню на Волі два гады таму ўспамінаў Ежы Закшэўскі, псэўданім «Млотэк» з аддзелу «Хробры 2» Арміі Краёвай. Ён расказваў пра жыхароў Волі, якім удалося пазьбегнуць сьмерці.

Е. Закшэўскі: Я тады быў на вуліцы Таваровай, кіраваў там дружынай. Я памятаю, як многа людзей здолела ўцячы праз Таварову на наш бок. Яна прасілі: прыміце нас, абараняйце нас, бо калі яны прыйдуць, то выражуць нас і па гэтым баку. Гэтыя людзі ўцякаючы пагублялі дзяцей, сем’і. Многія хацелі туды вяртацца, а мы не хацелі іх пускаць, бо там была сьмерць. Гэта было жахліва. Гэта быў адзін вялікі генацыд.

Два гады таму пра падзеі на Волі казаў таксама спадар Часлаў, які падчас разьні страціў многа блізкіх.

Часлаў: З вуліцы Лекцыйнай зьнікла цэлая мая сям’я. Таксама з Вольскай 124. Як за шэсьць дзён можна забіць цэлы горад. 50 тысяч людзей – гэта жыхары аднаго гораду. Я вельмі зьвязаны з гэтым мікрараёнам, бо жыў там да 1943 году. Пасьля бацькі перасяліліся на Макотаў. Дзякуючы гэтаму я выжыў.

У першы дзень разьні на Волі ў Варшаву прыехаў генэрал Эрых фон дэм Бах-Залеўскі, які прыехаў кіраваць сіламі, вызначанымі для падаўленьня паўстаньня. Неўзабаве ён забараніў забіваць жанчын і дзяцей. Таксама ён загадаў зьбіраць жыхароў і накіроўваць іх у Прушкаў, дзе ўзьнікаў часовы лягер, гэтак званы Дулуг 121, адкуль іх перанакіроўвалі ў канцлягеры ці працоўныя лягеры ў Нямеччыне. Поўную забарону забіваць мірных жыхароў генэрал Бах-Залеўскі выдаў толькі 12 жніўня.

Пасьля завяршэньня вайны ніхто з адказных за разьню на Волі ня быў пакараны.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт