Logo Polskiego Radia
Print

Зьява сэксуальнага насільля большая чым раней меркавалася

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.08.2016 14:51
Пра гэта сьведчыць жахлівыя вынікі справаздачы, праведзенай Фондам Стырно „Пераламаць табу”.
Photo: Ira Gelb/flickr.com/Commercial use allowed

Усяго 9% жанчынаў, якім больш за 15 гадоў, не закранула ніякая форма сэксуальнага дамагальніцтва. Пра гэта сьведчыць справаздача Фонду Стырно „Пераламаць табу”(STER "Przełamać tabu"), вынікі якой на сваіх старонках публікуе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Да гэтага часу, паводле розных зьвестках, маштаб насільля ў адносінах да жанчын у Польшчы ацэньваўся прыкладна на 25%, то бок з сэксуальным насільлем сутыкалася кожная чацьвёртая полька. Дык адкуль гэткі вялікі рост? Паводле Агнешкі Гжыбэк (Agnieszka Grzybek), адной з аўтарак справаздачы, да гэтай пары ў рамках дасьледаваньняў жанчынаў пыталі выключна пра агульны досьвед насільля. Апытаныя часта не лічылі насільлем некаторых яго праяваў.

Таму прадстаўнікі Фонду Стырно „Пераламаць табу” пыталі пра канкрэтныя выпадкі, якія ў ранейшых дасьледаваньнях ня браліся пад увагу. Напрыклад, калі нехта ў грамадзкім месцы распранаўся перад жанчынай ці рабіў непрыстойныя прапановы, распавядаў анэкдоты й рабіў заўвагі інтымнага характару.

Асобна аўтары справаздачы пыталіся ў жанчынаў пра гвалт й іншыя сэксуальныя дзеяньні, у тым ліку пацалункі або дакрананьне да інтымных месцаў.

Больш за 60 адсоткаў жанчынаў, якія прынялі ўдзел у апытаньні, заявілі, што яны прынамсі раз былі сьведкамі, калі нехта распрануўся ў грамадзкім месцы. Больш за палову апытаных чула абразьлівыя заўвагі наконт свайго цела. 60% сталі ахвярай непажаданай сэксуальнай актыўнасьці як, напрыклад, спроба пацалунку або спроба дакрануцца да іх інтымных месцаў. Кожная пятая апытаная жанчына спазнала гвалт.

„Сэксуальнае дамагальніцтва - гэта любое дзеяньне сэксуальнага характару, якое выклікае ў чалавека пачуцьцё небясьпекі й якога ён ня хоча”, - тлумачыць псыхатэрапэўт, зьвязаны зь Інстытутам па прадухіленьні гвалту, Міхал Тройнар (Michał Trojnar). Ён дадае, што мужчыны карыстаюцца свайго роду імунітэтам па перасячэньні межы інтымнасьці жанчын, які вынікае з культуры й традыцыі.

„Мы хочам памяняць сьвядомасьць для таго, каб жанчыны былі ў стане сказаць «стоп» паводзінам, якія ўспрымаюцца як дамагальніцтва, і каб мужчыны паважалі вызначаную жанчынамі мяжу”, - зазначае суаўтарка справаздачы Агнешка Гжыбэк у размове з выданьнем „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт