Алімпіяда ў Рыa-дэ-Жынэйра, як кожныя важныя спартовыя змаганьні,  выклікае вялізныя эмоцыі. Алімпійскія спаборніцтвы заўсёды зьвязаныя са  спадзяваньнямі, радасьцю ад перамог і горыччу паразаў. У панядзелак польская спартсмэнка Аніта Ўладарчык  здабыла залаты мэдаль у кіданьні молата. Пры нагодзе яна пабіла  сусьветны рэкорд па гэтай дысцыпліне спорту. А мы пагаворым з псыхолягам  пра тое, якім чынам падрыхтаваць выдатнага спартоўца.
Самую  вялікую радасьць на алімпіядзе, ды і ня толькі, выклікаюць, канешне,  мэдалі, найлепш залатыя. Спаборніцтвы ў Бразыліі ўжо пакрысе набліжаюцца  да канца, польскія спартоўцы здабылі некалькі мэдалёў, у тым ліку самую  вялікую радасьць сваім суайчыньнікам дала лёгкаатлетка Аніта Ўладарчык, якая ўчора заваявала залаты мэдаль у кіданьні молата, і пры нагодзе пабіла ўласны сусьветны рэкорд.
У 21-ым стагодзьдзі ў спартыўных спаборніцтвах часта выігрываюць нават доляй сэкунды. Падрыхтоўка, як тактычная, так і фізычная прадстаўнікоў розных дзяржаў, вельмі падобная. Таму часта вырашальнае значэньне мае не фізычная сіла, а псыхічная ўстойлівасьць, сіла мэнтальнасьці, ці спартовец у стане паказаць на спаборніцтвах тое, што было напрацаванае  падчас трэніровак. А такая падрыхтоўка ў прафэсійным спорце пачынаецца  ўжо з самых маладых гадоў, – гаворыць спартыўны псыхоляг, трохразовая  чэмпіёнка Польшчы па кёрлінгу і аўтарка кніжак пра спорт Катажына Сэльвант.
К. Сэльвант: У прафэсійным спорце,у такіх дысцыплінах, як артыстычная гімнастыка, тэніс, фігурнае катаньне, падрыхтоўка пачынаецца ва ўзросьце 5-6 гадоў, а  нават раней. На пачатку гэта, зразумела, форма гульні, але праз пару  гадоў пачынаюцца першыя турніры, паразы і перамогі. Калі нехта мае  слабую псыхіку, не спраўляецца з паразамі, з прэсінгам акружэньня, тады  яму вельмі патрэбны мэнтальны трэнінг.
Здавалася б, навошта спартоўцам псыхоляг. Трэба падрыхтавацца фізычна, шмат трэніравацца, а  посьпехі павінны прыйсьці, калі ў кагосьці, канешне, ёсьць задаткі на  выдатнага спартоўца. Аднак псыхоляг сапраўды можа падрыхтаваць чэмпіёна.  Дзеля чаго псыхалёгія ў спорце?
К. Сэльвант:  Псыхоляг патрэбны, каб была добрая атмасфэра. Гэта, канешне, жарт, але  сапраўды здараецца, што псыхоляг дапамагае падрыхтаваць калектыўны  настрой дзеля перамогі ў такіх відах спорту, дзе гуляе каманда. Таксама ў  індывідуальных дысцыплінах вельмі важная мэнтальная сіла. Спартоўцы  кажуць, што перамагаюць галавой. Я поўнасьцю з гэтым згодная. Спорт  21-га стагодзьдзя зраўняў падрыхтоўку – тактычную, фізычную, таксама  тэхніка ўсюды падобная. Застаецца пытаньне, ці мы сумеем скарыстацца той  псыхічнай сілаю, якая ўнутры нас. І ці тое, чаго мы дасягнулі падчас  трэніроўкі ў ідэальных умовах, мы зможам паказаць пазьней на  спаборніцтвах.
А як выглядае такая псыхалягічная падрыхтоўка? Раскажыце, калі ласка, коратка, у чым яна заключаецца?
К. Сэльвант: Гэта трэнінг павышэньня матывіроўкі, упэўненасьці ў сабе, у сваіх магчымасьцях, паніжэньня ўзроўню стрэсу, а  таксама канцэнтрацыі, рэгуліроўкі ўзбуджанасьці. Гэта рэчы, якімі можна  навучыцца кіраваць. Як правіла людзі не нараджаюцца з гэтымі  здольнасьцямі, але можна над імі працаваць, трэніравацца. Напрыклад, у  агрэсіўных відах спорту, зьвязаных з барацьбой, неабходна штучна  ўзбудзіць у сабе агрэсію. Чым старэйшы чалавек, тым цяжэй гэта зрабіць,  але можна навучыцца рэгуляваць узровень агрэсіўнасьці. А пазьней  неабходна супакоіцца, і гэтаму таксама вучым. З такімі здольнасьцямі не  нараджаюцца, іх здабываюць праз трэніроўку.
А ці ёсьць спартоўцы, якім зусім не патрэбная такая псыхалягічная падтрымка?
К. Сэльвант: Ёсьць спартоўцы, у якіх вельмі ўстойлівая псыхіка, ёсьць таксама такія,  каму патрэбная дапамога толькі зрэдку, па нейкіх канкрэтных пытаньнях.  Калі я бачу, што чалавеку практычна не патрэбная псыхалягічная  падрыхтоўка, то, зразумела, я ніколі яму не прапаную, каб такі трэнінг  прайшоў. Бывае таксама, што ідэальным псыхолягам зьяўляецца трэнэр  спартоўца, і яго падтрымкі хапае. Што цікава, некаторым спартоўцам  патрэбная дапамога тады, калі ім ужо ўдалося заняць высокае месца. Можна  раз заваяваць мэдаль, але як узысьці на вяршынi другі раз?
У спорце важная ўпэўненасьць у сабе. А ў Польшчы гэта рыса, над якой рэдка працуюць як бацькі, так і настаўнікі ў школе. У польскай культуры ня прынята хваліцца сваімі дасягненьнямі,  як, скажам, у ЗША, дзе, дарэчы, спартоўцы заваёўваюць найбольш мэдалёў.  І таму псыхоляг часта вельмі патрэбны польскім спартоўцам. А пра  псыхалягічную дапамогу ў спорце распавядала псыхоляг Катажына Сэльвант.
I Пр. ПР/нг