Logo Polskiego Radia
Print

«Беларусь ня «здраджвае Расеі», а ўзмацняе сваю незалежнасьць»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.08.2016 18:48
  • Беларусь не «здраджвае Расеі», а ўзмацняе сваю незалежнасьць.mp3
Чаму Менск дыстанцуецца ад Крамля і як далёка зойдзе гэты працэс – тлумачаць аўтары новага дасьледаваньня Цэнтру Астрагорскага.
thekievtimes.ua

Пасьля крызысу ва Ўкраіне Беларусь аддаляецца ад Расеі – канстатуюць аўтары дакладу, падрыхтаванага дасьледчым Цэнтрам Астрагорскага. Дыстанцыя паміж Менскам і Масквой пашыраецца ў эканамічнай, палітычнай і вайсковай сфэрах. Чым выклікана гэтае аддаленьне і як далёка можа сысьці Менск? Ці скарачэньне расейскіх уплываў у палітыцы й эканоміцы стане прадвесьнікам рынкавых рэформаў і дэмакратызацыі? На гэтыя тэмы мы размаўляем з аўтарамі дакладу «Беларуска-расейскія дачыненьні на фоне канфлікту ва Ўкраіне» Рыгорам Астапеням і Дзьмітрыем Балкунцом.

«Эўрамайдан, анэксія Крыму і вайна ў Данбасе істотна зьмянілі дачыненьні паміж Масквой і Менскам […]. Па шматлікіх крытэрыях Беларусь і Расея аддаляюцца адна ад адной», – пішуць аналітык цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня і дасьледчык маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі Дзьмітры Балкунец. Прычынаў гэтага аддаленьня дзьве. Па-першае, беларускае кіраўніцтва пачало ўспрымаць Расею як магчымую крыніцу ваеннай пагрозы. Па-другое, разьвіцьцю эканамічных адносінаў не спрыяе крызыс у Расеі.

Хіба што самым красамоўным прыкладам дыстанцыяаваньня зьяўляецца адмова Менску разьмясьціць у Беларусі расейскую авіябазу. Пасьля пачатку вайны ў Данбасе беларускае кіраўніцтва ўзмацніла вайсковае супрацоўніцтва з іншымі партнэрамі – Украінай і Кітаем, зазначае Рыгор Астапеня.

Р. Астапеня: Беларусь ня толькі адмовілася ад разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы. Яна зьменшыла колькасьць беларускіх курсантаў, якія навучаюцца ў расейскіх вайсковых навучальных установах. Беларусь пачала актыўна супрацоўнічаць з Украінай і Кітаем – што бачна на прыкладзе сумеснага беларуска-кітайскага ракетнага комплексу «Палянэз».

Акрамя таго, расейска-беларускія вучэньні сталі менш маштабнымі – зазначае Рыгор Астапеня. Калі ў вучэньнях «Захад 2013» прынялі ўдзел 12 тысячаў вайскоўцаў, то ў вучэньнях «Захад 2015» іх было толькі 8 тысячаў.

Ня бачна паглыбленьня і эканамічнай інтэграцыі. З моманту стварэньня Эўразійскага эканамічнага зьвязу колькасьць бар’ераў для свабоднага руху тавараў не паменшылася, а аб’ём гандлю паміж Расеяй і Беларусьсю ўпаў больш чым на траціну.

Р. Астапеня: Стварэньне Эўразійскага эканамічнага зьвязу не прывяло да большай інтэграцыі. Тыя ж выключэньні са свабоднага руху тавараў, якія існавалі ў Мытным зьвязе, перайшлі ў ЭАЭЗ. Для Беларусі найбольш істотным зьяўляецца той факт, што са свабоднага гандлю выключаныя энэргарэсурсы. Лібэралізацыя гэтага рынку наступіць толькі ў 2025 годзе – калі ўвогуле наступіць.

Пасьля таго, як Расея анэксавала Крым, заходнія краіны пачалі ўспрымаць кіраўнікоў Крамля як значна большую праблему, чым аўтарытарны рэжым у Менску. Гэта дазволіла беларускім уладам наладзіць адносіны з Эўрапейскім Зьвязам і ня толькі. У 2015 годзе кіраўнікі Беларусі сустракаліся з дыпляматамі з Кітаю і Эўразьвязу часьцей, чым з прадстаўнікамі Расеі – пішуць аўтары дакладу.

Расейскае кіраўніцтва назірае за зьнешняй палітыкай Аляксандра Лукашэнкі са зьдзіўленьнем і абурэньнем – кажа выкладчык Вышэйшай школы эканомікі Дзьмітры Балкунец. Спробы дыстанцыявацца ад Масквы ўспрымаюцца як здрада й жаданьне перайсьці на бок праціўніка ў геапалітычным супрацьстаяньні.

Д. Балкунец: Масква вельмі насьцярожана ставіцца да так званага развароту Беларусі на Захад. Варта зазначыць, што расейскім фондам фактычна забаронена працаваць у Менску. Расея прадстаўлена ў Беларусі толькі адным фондам. У той жа час у апошні год у Менску пасьпяхова распачаў працу фонд Конрада Адэнаўэра – пры падтрымцы Ўладзімера Макея. Гэта выклікае заклапочанасьць Масквы, бо гэтыя працэсы могуць мець далёка ідучыя наступствы для самой рэспублікі.

Масква дарэмна падазрае Аляксандра Лукашэнку ў жаданьні «сысьці на Захад» – лічыць Рыгор Астапеня. Беларускае кіраўніцтва намагаецца ўсімі сіламі падкрэсьліць сваю незалежнасьць. Аднак занадта далёка ад Расеі Менск не ўцячэ. Гэтаму перашкаджаюць прычыны эканамічнага, палітычнага і вайсковага характару.

Р. Астапеня: Беларусь ня мае магчымасьці выйсьці з інтэграцыйных аб’яднаньняў з Расеяй, такіх як Эўразійскі эканамічны саюз, АДКБ альбо Саюзная дзяржава. Беларусь застаецца вельмі залежнай ад Расеі ў эканамічным, палітычным ды і ў вайсковым пляне. Магчыма, аддаленьне будзе працягвацца, але межы гэтага аддаленьня ёсьць.

Ніякага збліжэньня з Захадам насамрэч не назіраецца – кажа Рыгор Астапеня. Можна казаць пра нармалізацыю адносінаў, але не пра збліжэньне. З беларускага кіраўніцтва зьнялі санкцыі, аднак Менск так і не атрымаў доўгачаканага крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду, а кантакты ў палітычнай і вайсковай сфэры застаюцца на нізкім узроўні.

Тыя, хто чакаў, што пацяпленьне адносінаў з Эўразьвязам прынясе дэмакратызацыю і эканамічныя рэформы, расчаруюцца. Рэформаў не прадбачыцца – кажа Рыгор Астапеня.

Р. Астапеня: Усё залежыць ад таго, наколькі сам Аляксандар Лукашэнка гатовы да рэформаў. Захад, як мы бачым, ня надта моцна націскае на Аляксандра Лукашэнку, каб ён дэмакратызаваў палітычную сыстэму ці лібэралізаваў эканоміку.

Зразумела, паляпшэньне адносінаў Менска з Эўразьвязам бянтэжыць Крэмль. Расейскае кіраўніцтва ўпершыню апынулася ў сытуацыі, калі яно знаходзіцца пад санкцыямі Захаду, а кіраўніцтва Беларусі – не, зазначае Рыгор Астапеня.

«Нармалізацыя дачыненьняў з буйнымі геапалітычнымі акторамі ці эканамічная дывэрсыфікацыя – гэта не барацьба Беларусі супраць Расіі, а толькі дзяржаўная эмансыпацыя». Такім сьцьвярджэньнем аналітыкі Цэнтру Астрагорскага завяршаюць свой даклад. Назіраецца не разварот Менска на Захад а «працэс самастанаўленьня Беларусі, які ідзе паволі ад аднаўленьня незалежнасьці ў 1991 годзе», – падсумоўвае Рыгор Астапеня.

Аляксандар Папко

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт