Logo Polskiego Radia
Print

Кантралёры правялі праверку ў роддамах Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.08.2016 17:27
Вынікі несуцяшальныя: практычна ўсюды парушаюцца стандарты апекі над жанчынамі ды іх дзецьмі.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com

Вышэйшая кантрольная палата Польшчы падрыхтавала даклад на тэму праверкі акушэрска-гінэкалягічных аддзяленьняў у польскіх бальніцах. У дакумэнце сьцьвярджаецца, што стандарты апекі над рожаніцамі і правы жанчын парушаюцца практычна ва ўсіх бальніцах краіны.

У дакладзе закранаюцца самыя розныя аспэкты апекі над рожаніцамі: тэхніка ў гінэкалягічных аддзяленьнях, камфорт палатаў, у якіх ляжаць жанчыны перад і пасьля родаў, недахоп мэдычнага пэрсаналу, рост колькасьці Кесаравых сячэньняў ды многае іншае, напрыклад, пачуцьцё годнасьці і пашана інтымнасьці жанчын. Аказваецца, што нідзе не былі поўнасьцю ўведзеныя стандарты апекі над рожаніцамі, якія рэкамэндавала бальніцам Міністэрства здароўя краіны. Гаворыць старшыня фундацыі «Нараджаць па-чалавечаму» Яанна Петрусевіч.

Я. Петрусевіч: На 70-ці старонках дакладу гаворыцца пра шматлікія парушэньні. Фундацыя зьвяртае ўвагу перш за ўсё на вялікую мэдыкалізацыю родаў і рост адсотка Кесаравых сячэньняў. Дарэчы, стандарты апекі былі ўведзеныя міністэрствам, каб зьменшыць колькасьць Кесаравых сячэньняў, а адбылося якраз наадварот. Такая сытуацыя назіраецца, паколькі стандарты былі ўведзеныя толькі на паперы, яны зусім не спрацоўваюць. Паводле рэкамэндацый, некаторыя працэдуры, як эпізыятомія або індукцыя родаў, павінны выкарыстоўвацца ў выключных сытуацыях, а даклад сьведчыць аб тым, што гэта стандартная практыка.

У дакладзе таксама шмат увагі прысьвячаецца становішчу мэдычнага пэрсаналу ў гінэкалёгіі. Выснова: кадраў катастрафічна не хапае. Сытуацыю дасканала ведае старшыня Прафсаюзу мэдсясьцёр і акушэрак у Сьвентакшыскім ваяводзтве Агата Сэмік.

А. Сэмік: Нельга забываць, што рожаніцам патрэбная інтэнсіўная апека, асабліва калі роды адбываюцца праз Кесарава сячэньне. А чым больш кесаравых, тым больш працы для акушэрак. Мы шмат гадоў змагаемся за тае, каб канкрэтная колькасьць мэдсясьцёр і акушэрак была зафіксаваная ў кантракце дадзенай клінікі з Нацыянальным фондам здароўя. Да гэтае пары нам не ўдалося гэтага дабіцца. Шкада, бо дзякуючы такім нормам рожаніцы былі б ахопленыя лепшай апекай, і павысіліся б паказчыкі працаўладкаваньня акушэрак.

Віцэ-старшыня Вышэйшай кантрольнай палаты Войцех Кутыла адзначае, што для кантралёраў палаты былі важныя самыя розныя аспэкты праверкі.

В. Кутыла: Мы кантралявалі як бясьпеку пацыентак, так і якасьць мэдычнай апекі, якую атрымліваюць пацыенткі ды іх дзеці. Цікавілі нас таксама іншыя пытаньні – час працы мэдычнага пэрсаналу, абсталяваньне ў родавых і пасьляродавых аддзяленьнях, колькасьць мэдычных працэдур, часам непатрэбных. Мы казалі пра Кесарава сячэньне – у Польшчы значна часьцей роды заканчваюцца гэтай апэрацыяй, чым, скажам, у Скандынаўскіх краінах. Так што мэдыкалізацыя родаў у нас павышаная. Аказалася таксама, што стандарт многіх памяшканьняў у аддзяленьнях парушае юрыдычныя нормы. Іншая справа, што многія лекары працуюць на часовым кантракце, які не абмяжоўвае часу працы. Час ад часу паяўляюцца ў СМІ паведамленьні, што дактары робяць памылкі, часам вельмі небясьпечныя, з-за таго, што яны надта стомленыя празьмернай працай.

Кантралёры Вышэйшай кантрольнай палаты правялі праверку ў 24 родавых аддзяленьнях у Польшчы. У справаздачы яны не пакінулі сухой ніткі на роддамах. Аказалася, што шпіталі ў абсалютнай большасьці не прытрымліваюцца стандартаў апекі над рожаніцамі. Стандарты былі ўведзеныя 4 гады таму чыноўнікамі Міністэрства аховы здароўя. Аднак да гэтага часу невядома, хто павінен сачыць за тым, каб яны не парушаліся. І таму большасьць рэкамэндацый застаецца толькі на паперы. Нават калі кантралёры фіксуюць парушэньні ў роддамах, то дастаткова напісаць праграму, у якой шпіталь бярэ на сябе абавязак празь нейкі час увесьці стандарты, і ён можа далей працаваць па-старому.

Меркаваньнем юрыстаў, галоўная праблема ў тым, што Мінздароўя не прадбачыла ў сваім распараджэньні пакараньня за невыкананьне рэкамэндацый. Самі шпіталі кажуць, што галоўная прычына невыкананьня стандартаў у недахопе грашовых сродкаў на сучаснае абсталяваньне. Тым ня менш, даклад сьведчыць аб тым, што шмат залежыць ад жаданьня пэрсаналу, прафэсійных курсаў ды лепшага абмену інфармацыяй паміж мэдсёстрамі ды лекарамі, а таксама ад ведаў саміх рожаніц.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт