Logo Polskiego Radia
Print

Г. Канапацкая: Некалькі калег на мяне пакрыўдзіліся

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 15.09.2016 11:14
Ганна Канапацкая мяркуе, што калі б выбары былі сапраўды сумленныя, то яна ў іх без сумневу перамагла.
radyjo.net

«Некалькі калег на мяне пакрыўдзілася», – кажа ў інтэрвію выданьню «Dziennik Gazeta Prawna» новаабраная дэпутатка ад апазыцыі Ганна Канапацкая.

Дэпутатка прызнае, што аб сумленным падліку галасоў гаворка не вядзецца. Пры гэтым Ганна Канапацкая дадае, што калі б выбары былі сапраўды сумленныя, то яна ў іх без сумневу перамагла б. «Я размаўляла з людзьмі, мы ішлі з адчыненым забралам. На маіх выбарчых улётках быў напісаны мой нумар тэлефону. Многія мне званілі й віншавалі з перамогай», – расказвае апазыцыянэрка. Ганна Канапацкая адзначае, што прыватна перамогу яна ўспрыняла з болем галавы. «Я толькі пачынаю разумець, што маё жыцьцё памянялася. Усе сямейныя й прафэсійныя справы я адкладвала на панядзелак пасьля выбараў. А цяпер аказалася, што пасьля выбараў ня будзе лягчэй. Эмоцыі былі вельмі розныя, ад поўнага недаверу, што гэта магчыма, па страх, што я ня спраўлюся. А некалькі калег з партыі на мяне абразіліся», – расказвае Канапацкая.

Дэпутатка адзначыла, што ў першай чарговасьці яна хацела б заняцца зьменай выбарчага заканадаўства, каб яе партыйныя калегі маглі ў сумленнай выбарчай гонцы перамагаць у мясцовых выбарах праз два гады. Чарговыя справы – гэта паніжэньне падаткаў для прадпрымальнікаў, адмена закону аб дармаедах, вызначэньне празрыстых правіл для бізнэсу, адмова ад выбарачных ільготаў (льготы павінны быць альбо для ўсіх, альбо для нікога) ды стварэньне незалежнай судовай сыстэмы.

На пытаньне, ці Захад павінен прызнаць новы парлямэнт легітымным, Ганна Канапацкая адказала: «Не. Мэтай нашай кампаніі было прыцягненьне прыхільнікаў. Адсутнасьць сумленнага падліку галасоў не дае нам магчымасьці ацаніць, на колькі гэта ўдалося. Але мы ўсе працавалі, колькі маглі». На наступнае пытаньне, ці яна будзе дэпутатам у непрызнаным парлямэнце, апазыцыянэрка сказала: «Я буду дэпутатам у парлямэнце, якому ўлада не дала магчымасьці быць прызнаным на міжнароднай арэне. Аднак незалежна ад гэтага, я буду спрабаваць падымаць яго статус у краіне й за мяжой».

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт