У Рыё-дэ-Жанэйра працягваюцца Паралімпійскія гульні. Паралімпійскі спорт узьнік у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя, як рэакцыя нязгоды многіх людзей на якасьць жыцьця пры наяўнасьці ў чалавека інваліднасьці. Першыя летнія Паралімпійскія гульні адбыліся ў 1960 годзе, а зімовыя ў 1976.
Швайцарац Roger Bolliger падчас мужчынскай язды на ровары на дыстанцыі 20 км.
Паралімпійскія гульні нарадзіліся ў выніку невялікай сустрэчы брытанскіх вэтэранаў ІІ сусьветнай вайны ў 1948 годзе, каб пазьней стаць адным з найбуйнейшых міжнародных падзей пачатку ХХІ стагодзьдзя. Паралімпійцы імкнуцца, каб да іх ставіліся на роўні з алімпійскімі спартсмэнамі. Усё ж існуе вялікая розьніца ў фінансаваньні алімпійскіх і паралімпійскіх спартсмэнаў. Акрамя гэтага да нядаўняга часу Паралімпійскія гульні карысталіся значна меншай увагай з боку СМІ, гледачоў і заўзятараў. З году ў год сытуацыя паволі мяняецца. Сёлетнія гульні асьвятляе рэкордная колькасьць СМІ з усяго сьвету. У сваю чаргу паралімпійцы паказваюць найвышэйшы спартыўны ўзровень.
Нягледзячы на гэта, ня ўсе разумеюць, у чым заключаецца спэцыфіка паралімпійскага спорту. Зьяўляюцца натуральныя пытаньні, чаму ў адной дысцыпліне спорту спаборнічаюць вельмі розныя спартсмэны; ці справядліва, калі за адзін мэдаль змагаецца асоба без двух рук і асоба з адной рукой. На гэтае пытаньне адказвае старшыня Польскага паралімпійскага камітэту Лукаш Шэліга.
Л. Шэліга: Паралімпійскі спорт абапіраецца на прынцыпах звычайнага спорту. Ён выводзіцца з тых дысцыплін, якія, як правіла, ёсьць у алімпійскім спорце. Зразумела, ёсьць выключэньні, напрыклад, у выпадку футбола для невідучых ці галболу, якіх няма на алімпійскіх гульнях. Катэгорыі й стартавыя клясы, прыпісаныя да віду інваліднасьці, выроўніваюць умовы саперніцтва. Інваліднасьць дзеліцца паводле іх, каб спаборніцтвы былі справядлівымі й роўнымі. У некаторых алімпійскіх дысцыплінах таксама ёсьць катэгорыі, каб выраўняць шанцы, напрыклад, у цяжкой атлетыцы. Вядома, што асоба з вагай 50 кг ня можа спаборнічаць з удвая цяжэйшым спартсмэнам. Аднак у выпадку паралімпійскага спорту мы вельмі часта не разумеем таго, што бачым. Часамі асоба бяз рук плыве разам з асобай без адной рукі ці нагі. Гэта асаблівыя катэгорыі спорту, якія ўсё ж сумяшчальныя й даюць магчымасьць справядлівага спаборніцтва.
Кітаец Yang Ge здабыў залаты мэдаль у мужчынскім адзіночным разрадзе - Class 10.
Вы зьяўляецеся прыхільнікам ідэі інтэграцыі абодвух відаў спорту. Ці алімпійцы й паралімпійцы інтэгруюцца, робяць нешта разам?
Л. Шэліга: Ёсьць шмат супольных пунктаў. Кожны алімпіец і паралімпіец, у прынцыпе, працуе з такой жа групай спэцыялістаў. Ужо не хапае аднаго трэнэра, якія ведае на тэму ўсё. Патрэбныя фізіятэрапэўты, біямэханікі, спэцыялізаваныя сэрвісныя тэхнікі. Аднак ёсьць некалькі розьніц паміж гэтымі відамі спорту. Калі ўзяць трэнэра, які зьяўляецца дасканалым прафэсіяналам, напрыклад, у алімпійскай лёгкай атлетыцы, то ён павінен будзе вывучыць некаторую спэцыфіку паралімпійскага спорту. Спартсмэны, якія штурхаюць ядро, робяць гэта са спэцыяльнага сядзеньня. Іх тэхніка ў параўнаньні з асобамі, якія штурхаюць стоячы, іншая. Гэтая тэхніка выпрацоўваецца пры дапамозе найбольш эфэктыўнага й магчымага спосабу, які можна атрымаць пры канкрэтнай інваліднасьці. І гэта адрозьненьне ад алімпійцаў.
Для многіх паралімпійцаў спорт зьяўляецца не дапаўненьнем іх штодзённага жыцьця, а галоўным заняткам. Іх спартыўныя вынікі сьведчаць пра высокі ўзровень падрыхтоўкі. Увесь сьвет казаў пра вынік бегу паралімпійцаў на 1500 мэтраў, дзе чатыры спартсмэны прабеглі хутчэй, чым алімпійскі чэмпіён.
Л. Шэліга: Прафэсіяналізм паралімпійцаў мае вельмі высокі ўзровень і зьяўляецца выраўнаваны. Калі вырашальным для першага месца ў штурханьні ядра зьяўляецца адзін сантымэтар, то гэта сьведчыць аб тым, што спартыўны ўзровень вельмі высокі й выраўнаваны. У іншых дысцыплінах вельмі падобна. Маратонцы на вазках, дыстанцыя 42 км 195 мэтраў, амаль да самага канца трымалі падобны тэмп, а вырашальнымі былі апошнія сотні мэтраў.
Julio Braz з Бразыліі й Zak Madell з Канады падчас рэгбі на інвалідных вазках.
Польская паралімпійская зборная на сёньняшні дзень здабыла 23 мэдалі – 5 залатых, 11 срэбных і 7 бронзавых. У агульнай клясыфікацыі Польшча займае 16 месца. Перад ёй, на 15 месцы, знаходзіцца Беларусь. Беларуская паралімпійская зборная заваявала агулам 8 мэдалёў – 6 залатых і 2 бронзавыя.
ав
Валейбольны матч паміж зборнымі Ўкраіны й Ірану