Logo Polskiego Radia
Print

Праваабаронцы: чачэнскія дзеці застаюцца на берасьцейскім вакзале

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.10.2016 18:50
  • Праваабаронцы чачэнскія дзеці застаюцца на берасьцейскім вакзале.mp3
З наступленьнем халадоў на вакзале застаюцца дзесяткі бежанцаў з дзецьмі. Вяртацца ім проста няма куды.
pixabay.com

Міграцыйны крызыс на польска-беларускай мяжы ня вырашаны – сьцьвярджаюць польскія праваабаронцы, якія некалькі дзён таму вярнуліся зь беларускага Берасьця. Пасьля надыходу халадоў колькасьць выхадцаў з Чачні, якія спрабуюць атрымаць прытулак у Польшчы, зьменшылася. Аднак на вакзале ў Берасьці на працягу некалькіх месяцаў застаюцца дзесяткі сем’яў зь дзецьмі. Некаторыя ня маюць цёплай вопраткі й нават ежы. Як цяпер выглядае сытуацыя на мяжы? Што павіны зрабіць польскія й беларускія ўлады, і чым могуць дапамагчы звычайныя людзі? На гэтыя пытаньні адказалі экспэрты, якія прынялі ўдзел у дыскусіі «Чаму людзі ўцякаюць з Чачні?», арганізаванай у Варшаве парталам Eastbook.eu, асацыяцыяй «За свабодную Расею» й фондам «Projekt: Polska».

Выкраданьні, пазасудовыя расправы й катаваньні, якія ўчыняюць сілавікі, сталі штодзённасьцю ў Чачні. Прычынаў, з-за якіх чалавека могуць выкрасьці ці забіць – безьліч. Ад крытыкі кіраўніка рэспублікі Кадырава ў сацсетках да адмовы ехаць «дабравольцам» на вайну ў Данбасе. Адказнасьць за непадпарадкаваньне кладзецца на цэлую сям’ю. Тэрор, пры дапамозе якога Кадыраў утрымлівае непадзельную ўладу ў Чачні, узмацніўся. Таму бежанцаў становіцца ўсё больш – тлумачыць сябра расейскай праваабарончай арганізацыі Камітэт супраць катаваньняў Ільля Хоршаў.

/

Ільля Хоршаў: На наш погляд, росту колькасьці ўцекачоў паспрыяла ўзмацненьне неабмежаванай улады галавы Чачні, а таксама зьмена ўнутрыпалітычнай сытуацыі ва ўсёй Расеі. Уцекачы з Чачні не просяць прытулку ў самой Беларусі з-за саюзьніцкіх адносінаў, якія існуюць паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй. Як паказвае нашая практыка, спробы гэтых людзей знайсьці прытулак у самой Расейскай Фэдэрацыі заканчваюцца беспасьпяхова. Тых, хто хаваецца ад рэальнай пагрозы, раней ці пазьней знаходзяць, таму, што чачэнскія дыяспары шчыльна пражываюць амаль ва ўсіх рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі.

Чачэнцы ўцякаюць на Захад празь Беларусь. Як кажуць праваабаронцы, толькі гэты шлях дазваляе бежанцам пазьбегнуць кантакту з расейскімі памежнікамі, якія могуць паведаміць пра іх месцазнаходжаньне ўладам Чачні. Людзі, зь якімі размаўлялі праваабаронцы, сьцьвярджаюць, што ніколі не пакінулі б радзімы, калі б не рэальная пагроза іх жыцьцю і свабодзе. Яны былі вымушаныя пакінуць нядаўна збудаваныя дамы, у многіх дзеці нядаўна пайшлі ў школу.

Пасьля наступленьня восеньскай сьцюжы на берасьцейскім вакзале засталіся жыць дзесяткі чачэнскіх сем’яў, якія прыехалі яшчэ летам. Гэта людзі, якім дарогі назад проста няма – расказвае Марыя Ксёнжак з Польскага цэнтру рэабілітацыі ахвяраў катаваньняў.

Марыя Ксёнжак: Сям’і з пяці чалавек (а менавіта столькі ў сярэднім налічвае чачэнская сям’я якая «жыве» на вакзале) павінна выдаваць 40 эўра толькі на штодзённыя спробы патрапіць цягніком у Польшчу. Грошы ў гэтых сем’яў хутка заканчваюцца. Яны ня могуць здымаць жытло, таму застаюцца на вакзале. Дзеці ня ходзяць у школу, некаторыя ня маюць цёплых рэчаў і нават ежы. Польскія грамадзяне зьбіраюць грошы, дзякуючы якім мы можам дапамагаць бежанцам. Нашая валянцёрка ўвесь час знаходзіцца на вакзале ў Берасьці, размаўляе зь дзецьмі, малюе, сьпявае, корміць – робіць усё, каб дзеці маглі дачакацца пераезду ў Польшчу ў менш траўматычнай абстаноўцы.

Штодзённа на працягу некалькіх месяцаў сотні ўцекачоў сядаюць у цягнік і адпраўляюцца ў польскі горад Тэрэспаль. Там польскія памежнікі зьбіраюць бежанцаў разам і апытваюць іх. У выніку гэтай працэдуры на Захад прапускаюць толькі дьве-тры сям’і. Іншых вяртаюць у Берасьце, заяўляючы, што яны ня маюць падставаў прасіць прытулку ў Польшчы.

Чачэнцы баяцца расказаць памежнікам, што прымусіла іх уцячы з радзімы. Чаму? Апытаньне адбываецца ў агульнай залі, у прысутнасьці натоўпу, у якім могуць знаходзіцца агенты Кадырава – тлумачыць супрацоўніца польскага Хэльсінскага фонду правоў чалавека Марта Шчэпанік.

Марта Шчэпанік: Першае, што мы павінны зрабіць – гэта даць замежнікам магчымасьць расказаць пра свае праблемы. Адна кароткая размова з памежнікам часта вырашае пытаньне жыцьця й сьмерці чалавека. Закон кажа, што для таго, каб чалавека прапусьцілі праз мяжу, дастаткова яго вуснай просьбы аб прытулку. Працэдура сэлекцыі, якую праводзяць памежнікі, ды яшчэ ў такіх умовах, зьяўляецца незаконнай. Рашэньне аб тым, даць чалавеку прытулак ці дэпартаваць яго, прымае не памежная служба, а ўпраўленьне па справах замежнікаў. На маю думку, кіраўніцтва памежных пераходаў атрымала загад не прымаць уцекачоў, таму памежнікі проста не прымаюць ад іх заяваў аб прытулку. Працэдура павінна праходзіць у адпаведнасьці з законам і з павагай да правоў чалавека.

Журналісткі
Журналісткі й праваабаронцы - удзельніцы дыскусіі "Чаму людзі уцякаюць з Чачні?"


Што трэба зрабіць каб вырашыць міграцыйны крызыс на польска-беларускай мяжы? Польскі ўрад павінен прыняць палітычнае рашэньне забраць уцекачоў – кажа Марта Шчэпанік.

Праблемы існуюць і па беларускім баку. Беларуская дзяржава ня мае досьведу вырашэньня міграцыйных крызысаў – кажа праваабаронца Марыя Ксёнжак. З наступленьнем халадоў дзеці пачалі масава хварэць. Адказнасьць за іх здароўе лягла на невялікую групу лекараў берасьцейскага вакзалу. Таксама бракуе памяшканьня, дзе дзеці маглі б жыць ці ўкрыцца ад холаду. Звычайныя беларусы й нават берасьцейскія гарадзкія чыноўнікі дапамагаюць прыватна, але сыстэмнай дапамогі пакуль няма – кажа Марыя Ксёнжак.

Праваабаронца заклікала гарадзкія ўлады прадставіць уцекачам памяшканьне, а жыхароў Берасьця паглядзець на ўцекачоў «са звычайнай чалавечай пэрспэктывы». «Культура чачэнцаў не дазваляе ім жабраваць. Тыя, хто быў на вакзале ў Берасьці, напэўна заўважылі, што дзеці ня просяць міласьціну нават калі яны галодныя. Таму варта мець спачуваньне. Калі вы бачыце дзяцей у летнім абутку й вопратцы, галодных – зрабіце нешта, каб дапамагчы», – раіць Марыя Ксёнжак.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт