Logo Polskiego Radia
Print

Рэвалюцыя ў фармацэўтычнай галіне зьмяце аптэчныя сеткі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.11.2016 15:18
Дэпутаты прапануюць, каб аптэчнай справай маглі займацца толькі фармацэўты або сумесныя кампаніі.
www.pixabay.com

«Puls Biznesu» нагадвае, што група дэпутатаў кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» падрыхтавала законапраект, які азначае рэвалюцыйныя зьмены на рынку аптэк у Польшчы. Дэпутаты прапануюць, каб аптэчнай справай маглі займацца толькі фармацэўты або сумесныя кампаніі, ва ўправе якіх ёсьць фармацэўты. Праект прадбачвае таксама, што аптэка павінна прыходзіцца на як мінімум 3 тыс. жыхароў у вялікіх гарадах, а ў малых мясцовасьцях адлегласьць паміж імі не павінна быць большай чым 1 кілямэтар. Аўтары праекту адзначаюць, што падобныя нормы дзейнічаюць у буйных краінах Эўрапейскага Зьвязу, напрыклад, Францыі ці Нямеччыне. І спадзяюцца, што законы расправяцца з паталёгіяй на аптэчным рынку, прадухіляць яго манапалізацыю вялікімі сеткамі.

У сваю чаргу прадстаўнікі вялікіх аптэчных сетак кажуць, што калі дэпутацкі праект уступіць у сілу, то праз нейкі час многія аптэкі, якія ўваходзяць у сеткі, пачнуць банкрутаваць. Прадпрымальнікі ня змогуць прадаць сваіх фірмаў, іх спадкаемцы ня змогуць атрымаць іх у спадчыну. Гэта прысуд супраць аптэчных сетак, якія будуюць у пераважнай ступені польскія прадпрымальнікі.

Міністэрства аховы здароўя пакуль што толькі прыглядаецца сытуацыі, але не ўмешваецца. Прэс-сакратар мінздароўя Мілена Крушэўска адзначае, што зьмены на аптэчным рынку неабходныя, паколькі цяпер назіраецца шмат паталягічных сытуацый, што нэгатыўна ўплывае на абслугоўваньне пацыентаў. Таму міністэрства рыхтуе ўласны законапраект, які павінен вярнуць аптэцы ролю пляцоўкі аховы здароўя, якая павінна быць істотным элемэнтам у галіне апекі над пацыентам.

Puls Biznesu/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт