Logo Polskiego Radia
Print

Беларускае МУС у эпіцэнтры чарговых скандалаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.12.2016 12:54
700 беларускіх даішнікаў прайшлі праверку на паліграфе, адна трэцяя з іх будуць звольненыя з працы.
foto: tv.sb.by

Зьбіваньне і катаваньне затрыманых, злоўжываньне алькагольнымі напоямі – беларускае Міністэрства ўнутраных спраў ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў эпіцэнтры чарговых скандалаў – чытаем у выданьні «Gazeta Wyborcza».

Тыдзень таму п’яны начальнік дарожнай аўтаінспэкцыі з Баранавіч Андрэй Ваўкавыцкі зьбіў на дарозе на сьмерць жанчыну. Міліцыянт быў звольнены са службы, яму пагражае 7 гадоў турмы. Гэта першы выпадак, калі рэакцыя ўладаў была такой рашучай. Экспэрты зьвязваюць паказны працэс Ваўкавыцкага з хваляй абурэньня на дэмаралізацыю беларускай міліцыі. Цягам апошняга году ў Беларусі было шмат скандалаў з удзелам міліцыянтаў.

18 жніўня АМАП затрымаў у Менску п’яных падлеткаў, у машыне іх жорстка зьбівалі. У Століне міліцыянт пабіў 9-гадовага хлопца, у Жодзіне ў сьледчым ізалятары памёр жорстка зьбіты 37-гадовы Ігар Барбашынскі. Беларускія СМІ пісалі пра гэтыя ды іншыя выпадкі. Супольнае ў іх адно – ніводзін міліцыянт ня быў пакараны за свае ўчынкі. Больш таго, ахвяры міліцыі, калі спрабавалі шукаць справядлівасьці, былі абвінавачаныя ў правапарушэньні або злачынстве.

На думку міністра Ігара Шуневіча, апазыцыя спрабуе дыскрэдытаваць уладу і МУС, гэта інфармацыйная вайна супраць міліцыі. У сваю чаргу меркаваньнем старшыні Руху за свабоду Юрыя Губарэвіча, перакананьне міліцыянтаў у тым, што справы супраць іх замінаюцца, павінна ўтрымаць міліцыю ў поўнай гатоўнасьці далей закручваць гайкі. Тым ня менш, апошні выпадак прымусіў Шуневіча дзейнічаць. Ён выдаў загад праверыць усіх супрацоўнікаў ДАІ на паліграфе – дэтэктары хлусьні. Вядома, што міліцыянтаў пытаюць пра тое, ці яны бяруць хабар, ужываюць алькаголь на працы. Міністар заявіў, што да гэтага часу было праверана 700 чалавек, адна трэцяя не прайшла праверкі і будзе звольнена з працы. Дарэчы, сам Шуневіч вядомы сваёй любоўю да сталінскіх часоў. На парад 9 траўня ён зьявіўся ў форме НКВД.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт