Logo Polskiego Radia
Print

Карчэўскі: Візыт у Беларусь быў патрэбны й важны

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.12.2016 14:50
  • Карчэўскі Візыт у Беларусь.mp3
Старшыня Сэнату (вышэйшай палаты польскага парлямэнту) падсумаваў сваю паездку ў Беларусь.
Сьпікер польскага Сэнату Станіслаў Карчэўскі.Сьпікер польскага Сэнату Станіслаў Карчэўскі.Wojciech Kusinski/Polskie Radio

Парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы на чале са сьпікерам Сэнату (вышэйшай палаты польскага парлямэнту) Станіславам Карчэўскім (Stanisław Karczewski) 4-6 сьнежня пабывала ў Беларусі з рабочым візытам, які праходзіў па запрашэньні Савета Рэспублікі, то бок верхняй палаты парлямэнта Беларусі.

У Менску польскі палітык сустрэўся, між іншым, зь лідарам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, са старшынём Савета Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам, старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, з галавой Каталіцкага касцёла ў Беларусі арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, а таксама з прадстаўнікамі польскай дыяспары й беларускай апазыцыі.

Падсумоўваючы афіцыйную паездку ў Беларусь у Першай праграме грамадзкага Польскага радыё, Станіслаў Карчэўскі падкрэсьліў, што гэта быў патрэбны й важны візыт.

Станіслаў Карчэўскі: Гэта быў вельмі патрэбны й важны візыт, хоць не магу сказаць, што ён меў пераломнае значэньне.

Усё ж старшыня Сэнату спадзяецца, што паездка прычыніцца да зьмены адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсью, у тым ліку таксама паўплывае на сытуацыю палякаў у гэтай краіне.

Станіслаў Карчэўскі: Я спадзяюся, што так будзе, паколькі мы пра гэта размаўлялі вельмі прынцыпова ў тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам і з Міхаілам Мясьніковічам – старшынём Савета Рэспублікі, які зьяўляецца аналягам польскага Сэнату. Падчас гэтых размоваў мы закраналі, між іншым, праблемы, якія неабходна вырашыць. Гэта былі складаныя пытаньні, датычныя ў тым ліку палякаў у Беларусі, магчымасьці вяшчаньня ў Беларусі тэлеканалаў „Polonia” і „Kultura”.

Пры нагодзе старшыня польскага Сэнату абверг чуткі пра тое, што за доступ польскіх тэлеканалаў у беларускія кабельныя сеткі Польшча гатовая ахвяраваць тэлеканалам „Белсат”.

Станіслаў Карчэўскі: Гэта выключна чуткі, гэта няпраўда. Не было ніякіх размоваў на гэтую тэму. Не было ніякага палітычнага гандлю. Гэта няпраўда. Усе журналісты пра гэта ў мяне пыталіся.

Станіслаў Карчэўскі нагадаў, што падчас сваёй паездкі ён сустрэўся таксама з польскай абшчынай у Беларусі.

Станіслаў Карчэўскі: Гэта была значная й вельмі кранальная сустрэча. Дарэчы, для мяне, як старшыні Сэнату, гэтыя сустрэчы з палякамі зьяўляюца важным пунктам замежных візытаў. Мы шмат пра што размаўлялі. Тамтэйшыя палякі маюць свае праблемы, маюць свае спадзяваньні. Перш за ўсё яны чакаюць нашай падтрымкі. Тым ня менш, асноўнай мэтай майго візыту былі палітычныя размовы, а нагодай ратыфікацыя дамовы аб супрацоўніцтве ў галіне асьветы. Гэта важная дамова, датычная абмену настаўнікамі, вучнямі, студэнтамі, навукоўцамі. Нагадаю, адбылося падпісаньне важнай дамовы паміж кіраўнікамі ПАН Беларусі й Польшчы. Я лічу, што гэта важны падмурак для супрацы паміж Польшчай і Беларусьсю.

„Мы закраналі таксама міжнародныя пытаньні”,- дадаў Станіслаў Карчэўскі.

Станіслаў Карчэўскі: Мы размаўлялі таксама пра геапалітычную сытуацыю й пра тое, у якім напрамку накіроўваецца Беларусь. Добра, што гэтая краіна ідзе таксама ў эўрапейскім накірунку, хоча супрацоўнічаць з Эўразьвязам. Гэта вельмі важна як для беларускіх, так і для польскіх інтарэсаў, у тым ліку бясьпекі нашай краіны.

Нагадаем, падчас свайго візыту ў Беларусь польская дэлегацыя пабывала на паседжаньні сэсіі Савета Рэспублікі, наведала Нацыянальную акадэмію навук Беларусі.

Прадстаўнікі Польшчы сустрэліся са студэнтамі й выкладчыкамі філялягічнага факультэта БДУ, прадстаўнікамі сярэдніх школ Менска, у якіх вывучаецца польская мова, наведалі Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі й імуналёгіі й палацава-паркавы ансамбль музэя-запаведніка „Нясьвіж”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт