Logo Polskiego Radia
Print

Тры стрэмкі ў беларуска-польскіх адносінах

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 09.12.2016 16:26
  • Тры стрэмкі.mp3
Можна вылучыць тры асноўныя перашкоды для беларуска-польскіх адносінаў.


Нягледзячы на некаторыя пазытыўныя тэндэнцыі ў адносінах паміж Беларусьсю й Польшчай, некалькі нявырашаных пытаньняў перашкаджаюць іх поўнай нармалізацыі.

Варшава значна залежыць ад афіцыйнай палітыкі Эўрапейскага зьвязу ў дачыненьні да Менска. Беларускія ўлады з падазрэньнем ставяцца да польскай падтрымкі дэмакратычных сілаў у Беларусі.

У той жа час, кансэрватыўны ўрад Польшчы нядаўна прадэманстраваў большую незалежнасьць ад Брусэля па многіх палітычных пытаньнях. Таксама, на вялікі жаль беларускай апазыцыі, Польшча заўважана скараціла яе падтрымку. Гэта выклікала маўклівую ўхвалу беларускага ўрада.

Тым ня менш, асноўныя прычыны канфлікту ў адносінах дзьвюх краін носяць выключна двухбаковы характар. Беларускі дзяржаўны чыноўнік, які ананімна даў камэнтар Belarus Digest, вылучыў тры асноўныя перашкоды для беларуска-польскіх адносінаў: замкнутасьць памежнага руху, падзеленасьць польскай меншасьці ў Беларусі й карта паляка.

Старшы аналітык Цэнтра Астрагорскага Ігар Губарэвіч кажа, што пытаньне малога памежнага руху ўздымае польскі бок, а беларускі неахвотна ідзе на яго абмеркаваньне.

І. Губарэвіч: Занепакоенасьць беларускага боку зразумелая. Гэта занепакоенасьць найперш эканамічнага характару. Жыхары памежнай зоны будуць актыўна карыстацца малым памежным руках, каб езьдзіць за пакупкамі. Яны будуць пакідаць валюту ў Польшчы, а не ўкладаць яе ў радзімую прамысловасьць. Ёсьць таксама аспэкт бясьпекі. Беларускія ўлады баяцца, што людзі могуць бескантрольна прыяжджаць. Такія боязі выказваюцца. Афіцыйна пра гэта амаль не гаворыцца. Афіцыйная вэрсія – негатовыя памежныя пераходы. І гэта таксама зьяўляецца праўдай.

Другая праблемная кропка ў адносінах Польшчы й Беларусі – гэта карта паляка. Беларускі ўрад заўсёды з насьцярогай ставіўся да карты паляка, разглядаючы яе як спосаб умяшальніцтва Польшчы ва ўнутраныя справы Беларусі. Ігар Губарэвіч адзначае, што ў пытаньні карты паляка пад увагу трэба браць таксама два аспэкты – пытаньне бясьпекі й эканамічны бок справы.

І. Губарэвіч: Эканамічны складнік заключаецца ў тым, што польскія ўлады падрыхтавалі шмат льготаў і прапановаў для ўладальнікаў карты паляка. Зь ёй можна прасьцей атрымаць від на жыхарства, а потым і грамадзянства. Беларускія ўлады баяцца, што такія прапановы могуць выкарыстаць эканамічна актыўныя беларусы й пераехаць у Польшчу. Беларускія ўлады ня хочуць уцечкі мазгоў. Другі аспэкт – бясьпека. Прыняцьце карты паляка прадугледжвае прыняцьце прысягі на вернасьць польскай нацыі тымі, хто яе атрымлівае. Што кепска ўспрымаецца беларускімі ўладамі.

Чарговая праблема – існаваньне двух Саюзаў палякаў. Беларусь і Польшча ўжо распачалі перамовы пра ўзьяднаньне двух саюзаў польскай меншасьці ў Беларусі – праўладнага й апазыцыйнага. Паводле Ігара Губарэвіча, справа абʼяднаньня польскай меншасьці ў адну арганізацыю ня мае на дадзены момант пэрспэктываў.

І. Губарэвіч: Непрызнаваны СПБ ня хоча ісьці на перамовы з ляяльным уладам саюзам. Афіцыйны саюз гаворыць пра гатоўнасьць абʼядноўвацца, але ад іх мала што залежыць, паколькі яны цалкам падпарадкоўваюцца ўраду. Тут шмат момантаў. Я ня думаю, што Польшча, якая хацела б абʼяднаць два саюзы, можа нешта дыктаваць СПБ. Тэма абмяркоўваецца падчас усіх сустрэч, праблема цягнецца гадамі. Цяжка пабачыць нейкія станоўчыя пэрспэктывы на вырашэньне гэтага пытаньня.

Ці можна выцягнуць гэтыя стрэмкі?

Сярод трох асноўных праблемаў толькі пытаньне аб памежным руху можа быць вырашана ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Аднак гэта патрабуе фінансаваньня з боку Эўрапейскага зьвяза. Таксама дапаможа справе паступовая адаптацыя беларускіх сілавых структур да большай адкрытасьці краіны.

Польскі ўрад не зачыніць і ня зьменіць праграму карты паляка. Таксама вельмі малаверагодна зьяўленьне моцнага саюза палякаў, які будзе прызнаны, але не падкантрольны беларускаму ўраду.

Тры стрэмкі можна будзе небалюча выцягнуць або праігнараваць толькі тады, калі Беларусь здолее зьдзейсьніць рэформы на шляху да эканамічна моцнай і дэмакратычнай краіны – піша ў сваім артыкуле Ігар Губарэвіч.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт