Logo Polskiego Radia
Print

Чарговыя намінацыі Трампа выклікаюць сумневы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.12.2016 14:31
Найбольшы шанец заняць пасаду дзяржсакратара ЗША мае прыхільнік Расеі.
PAP/EPA/ALESSANDRO DELLA BELLAPAP/EPA/ALESSANDRO DELLA BELLAPAP/EPA/ALESSANDRO DELLA BELLA

Насуперак ранейшым паведамленьням былы мэр Нью-Ёрку Рудалф Джульяні ня стане новым дзяржсакратаром ЗША. Шмат сьведчыць пра тое, што адну з найважнейшых пасадаў у ЗША зойме Рэкс Тылерсан (Rex Wayne Tillerson). 64-гадовы прадпрымальнік зьяўляецца кіраўніком адной з найбуйнейшых у сьвеце нафтагазавых кампаніяў і ніколі не скрываў сваіх блізкіх кантактаў з Расеяй, паведамляе выданьне „Polska The Times”.

Рэкс Тылерсан з самага пачатку крытыкаваў санкцыі, уведзеныя супраць Расеі за анэксію Крыму. У 2012 годзе ён быў узнагароджаны расейскім Ордэнам дружбы, які яму асабіста ўручыў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.

Амэрыканскі бізнэсмэн утрымлівае таксама блізкія адносіны з кіраўніком кампаніі „Роснефть” Ігарам Сечыным, які лічыцца адным з найбольш уплывовых людзей у Расеі й які з моманту анэксіі Крыму знаходзіцца ў амэрыканскім „чорным сьпісе”.

Гэта чарговыя трывожныя паведамленьні з-за акіяну. Нагадаем, паводле ранейшых паведамленьняў, апублікаваных штодзёнкай „The Washington Post”, сакрэтная справаздача ЦРУ сьведчыць пра тое, што Расея ўмешвалася ў выбарчую кампанію ў ЗША не для таго, каб дэстабілізаваць выбарчы працэс, але для таго, каб дапамагчы Дональду Трампу перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах.

„Тыя ж самыя людзі (гаворка пра ЦРУ- рэд.) пераконвалі, што Садам Хусэйн валодае зброяй масавага зьнішчэньня”, - такім чынам на гэтыя абвінавачваньні адказаў новаабраны прэзыдэнт Дональд Трамп, паведамляе выданьне „Polska The Times”.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт