Logo Polskiego Radia
Print

Нават 40-50% ракавых пухлін можна прадухіліць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.02.2017 09:00
  • rak.mp3
Шмат ракавых захворваньняў можна было б пазьбегнуць, калі б людзі зьмянілі свой стыль жыцьця.
www.pixabay.com

Калісьці людзі баяліся заразных хвароб, эпідэмій, а цяпер самы вялікі жах выклікаюць анкалягічныя захворваньні. У мінулую суботу адзначаўся Сусьветны дзень барацьбы з анкалягічнымі захворваньнямі. Гэта добрая нагода, каб прыгадаць усім, наколькі важная прафіляктыка і адпаведны стыль жыцьця ў прадухіленьні ракавых пухлін.

На думку лекараў, каля паловы ракавых захворваньняў можна было б пазьбегнуць, калі б людзі зьмянілі свой стыль жыцьця. Гэтыя зьмены як правіла даюцца нам з вялікімі цяжкасьцямі, але чым больш мы маем вакол сябе інфармацыі, як правільна жыць, што трэба рабіць, тым большая верагоднасьць, што ўдасца нечага дасягнуць. А спэцыялісты кажуць, што заходнія грамадзтвы ахоплівае ўжо эпідэмія ракавых захворваньняў, – адзначае доктар мэдычных навук Януш Мэдэр.

Я. Мэдэр: Грамадзтвы старэюць, чым чалавек старэйшы, тым большая верагоднасьць рака. Але нельга забываць, што нават палову анкалягічных захворваньняў можна прадухіліць, калі людзі згодзяцца зьмяніць стыль жыцьця. Галоўнае – табакакурэньне, неабходна кінуць курыць. Вельмі важная таксама барацьба з атлусьценьнем, асабліва празьмерным слоем тлушчу на жываце. Атлусьценьне на жываце можа стаць прычынай такіх небясьпечных хвароб, як рак грудзі ў жанчын, рак прастаты ў мужчын, рак кішэчніка. Наступнае – празьмернае спажываньне алькагольных напояў, забруджаньне навакольнага асяродзьдзя. Дзяржава павінна рабіць усё магчымае, каб абмежаваць забруджаньне паветра, вады, зямлі і ахаваць грамадзян ад хвароб.

Апошнім часам шмат гаворыцца пра смог, забруджаньне паветра, ад якога памірае некалькі дзесяткаў тысяч чалавек у год у Польшчы. На забруджаньне паветра мы маем невялікі ўплыў, але шмат можам зрабіць для свайго здароўя, калі зьменім дыету, якая таксама мае вялізны ўплыў на прафіляктыку ракавых захворваньняў.

Я. Мэдэр: Дыета, багатая садавінай, гароднінай, рыбай, мінімальная колькасьць чырвонага мяса. Адным словам, рацыянальнае здаровае харчаваньне, але пры гэтым неабходна штодзённа рухацца. Важна, каб мы штодзённа нешта для сябе рабілі – нават паўгадзінная прагулка па лесе або парку, але штодзённа. Кожны можа выбраць такі спорт, які яму падабаецца.

Сёлета пры нагодзе Сусьветнага дня барацьбы з ракам шмат гаворыцца таксама пра падрыхтоўку нацыянальных праграм прышчэпак, якія таксама зьяўляюцца элемэнтам прафіляктыкі анкалягічных хвароб.

Я. Мэдэр: Праграма прышчэпак ад віруснага гепатыту В, праграма вакцынацыі падлеткаў ад віруса папіломы. Трэба сказаць, што прышчэпка ад папіломы прадухіляе ня толькі ракавыя захворваньні шыйкі маткі ў жанчын, але таксама рак ротавай поласьці, гартані, горла, прамой кішкі, унутраных палавых органаў, паколькі існуе аральны і анальны сэкс. Ёсьць ужо добрыя прышчэпкі трэцяй генэрацыі, якія даюць амаль поўную ахову. І гэта заклік да дзяржаўных чыноўнікаў, каб яны заняліся праблемай. У нас шмат гаворыцца пра барацьбу з ракам, але менш думаюць пра прафіляктыку, як прадухіляць хваробы, каб людзі як мага даўжэй жылі ў добрым здароўі. Амэрыканскія адмыслоўцы падлічылі: калі ўкласьці ў прафіляктыку 10 трыльёнаў даляраў, то ў будучыні гэта прынясе ашчаднасьці ў 10 разоў большыя – каля 100 трыльёнаў даляраў!

Магчыма, праблема заключаецца ў тым, што польская служба аховы здароўя мае хранічны недахоп сродкаў, і тут думаюць толькі пра бягучае гашэньне пажараў, а не пра будучыню. Тым ня менш, ёсьць у польскіх навукоўцаў і выбітныя дасягненьні ў гэтай галіне. Напрыклад, нядаўна ўсе СМІ паведамлялі аб тым, што палякі стварылі прышчэпку ад рака. Можа, слова «прышчэпка» тут не зусім падыходзіць, але прынцып дзейнасьці вынаходніцтва падобны да вакцыны, – распавядае кіраўнік групы навукоўцаў, якая працавала над прышчэпкай – прафэсар Яцэк Емеліты (Jacek Jemielity).

Я. Емеліты: Наша вынаходніцтва пабуджае імунную сыстэму, вучыць яе шукаць ракавыя клеткі, што павінна адбывацца ў здаровым арганізьме. Закончылася ўжо першая фаза клінічных дасьледаваньняў, ёсьць зацікаўленьне фармацэўтычных кампаній, без удзелу якіх немагчыма было б правесьці другую і трэцюю фазу дасьледаваньняў. Прэпарат, калі ўдасца яго ўвесьці ў масавае карыстаньне празь некалькі гадоў, будзе служыць асобам, якія ўжо захварэлі на рак, але пазьней можна будзе падумаць таксама пра прафіляктычнае выкарыстаньне леку, асабліва калі ў дадзенай асобы назіраецца генэтычная схільнасьць да ракавай пухліны.

Рак выклікае страх, многія нават не ідуць на аналізы, каб не даведацца, што ў іх – анкалёгія. Аднак лекары кажуць, што ракавыя пухліны паступова стануць хранічнымі хваробамі, як многія іншыя захворваньні, а не сьмяротнымі.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт