Logo Polskiego Radia
Print

А.Квасьнеўскі: Я ня думаю, што палякі чакаюць нашага вяртаньня

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.04.2017 16:56
Newsweek запрасіў на гутарку двух былых прэзыдэнтаў Польшчы
Лех Валэнса і Аляксандар КвасьнеўскіЛех Валэнса і Аляксандар КвасьнеўскіNewsweek/screen

Newsweek запрасіў на гутарку двух былых прэзыдэнтаў Польшчы і ў мінулым гарачых палітычных праціўнікаў Леха Валэнсу і Аляксандра Квасьнеўскага. Палітыкі абмяркоўваюць актуальную сытуацыю ў краіне. Абодвух аб’ядноўвае крытычнае стаўленьне да кіраваньня краінай Яраславам Качыньскім.

Лех Валэнса: Нават, калі б я вырваў Качыньскаму Польшчу, то каму яе аддаць? Я мог бы вярнуцца ў палітыку, але я надта стары. Аляксандар Кваснеўскі адзначае: Я ня думаю, што палякі чакаюць нашага вяртаньня.

Намесьнік прэм’ер-міністра Матэвуш Маравецкі лічыць, што ПіС будзе кіраваць Польшчай да 2031 году.

Аляксандар Квасьнеўскі камэнтуе: Пэрспэктыва 2031 году для мяне страшная, з увагі на мой узрост. Аднак я спадзяюся, што адзін тэрмін стане дастатковым выпрабавальным пэрыядам, і палякі зразумеюць, што тое, куды нас вядзе ПіС, для краіны некарысна. Я веру ў розум палякаў, бо як двойчы абраны імі прэзыдэнт не магу ня верыць у іх розум.

Лех Валэнса: Дзякуючы двум тэрмінам Квасьнеўскага ў палітыку прыйшоў Яраслаў Качыньскі.

Аляксандар Квасьнеўскі: Гэта вы ўвялі яго (Качыньскага- рэд.) у палітыку, паклікаўшы на пасаду кіраўніка сваёй Прэзыдэнцкай канцылярыі.

Лех Валэнса: Праўда, я ўвёў, але ён ня быў бы тым кім ёсьць, калі б Аляксандар Квасьнеўскі ў выбарчай кампаніі хітра не зьнішчыў мне другога тэрміну прэзыдэнцтва. Мой другі тэрмін упарадкаваў бы палітычныя і эканамічныя справы і дапамог бы вывесьці Качыньскіх з палітыкі, так як я вывеў савецкія войскі з Польшчы.

Newsweek: Людзі, якія ня хочуць галасаваць за ПіС, часта кажуць, што «апазыцыя не дае ніякая сэнсоўнай прапановы. Няма за каго галасаваць».

Экс-прэзыдэнт Квасьнеўскі лічыць, што плятформай аб’яднаньня апазыцыі можа быць Эўропа, а менавіта тое, што 60% палякаў падтрымаюць лёзунг «Не дазволім вывесьці Польшчы з Эўрапейскага Зьвязу».

Вялікае інтэрвію з экс-прэзыдэнтамі Польшчы Лехам Валэнсам і Аляксандрам Квасьнеўскім друкуе тыднёвік Newsweek.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт