Logo Polskiego Radia
Print

Сыстэма аховы псыхічнага здароўя палякаў пакідае жадаць лепшага

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.05.2017 16:33
  • ПСЫХІАТРЫЯ.mp3
У панядзелак у Варшаве адбыўся Кангрэс псыхічнага здароўя, які закончыўся шэсьцем да Міністэрства здароўя.
www.pixabay.com

Каля 8 млн. палякаў хаця б раз у жыцьці будуць мець гэтак званы псыхічны крызіс. Гэтае акрэсьленьне не азначае, што чалавек ужо псыхічна хворы, але што яму патрэбная дапамога псыхіатра альбо псыхоляга. У дадзенай статыстыцы не бяруцца пад увагу дзеці і моладзь. Калі б палічыць усе псыхічныя крызісы, то, паводле дадзеных Інстытуту псыхіатрыі і нэўралёгіі, дапамога была б патрэбная 12 мільёнам палякаў на працягу іх жыцьця.

Такім чынам, амаль кожны трэці жыхар Польшчы калісьці павінен пашукаць падтрымкі і кансультацыі псыхіатра. І, у ідэале, павінен яе знайсьці. Але толькі ў ідэале, паколькі сыстэма псыхіатрычнай дапамогі пакідае жадаць лепшага, у яе неабходна тэрмінова ўводзіць зьмены, каб пацыенты атрымлівалі дапамогу хутчэй і бліжэй месца жыхарства.

У панядзелак у Варшаве адбыўся Кангрэс псыхічнага здароўя, які закончыўся шэсьцем да Міністэрства аховы здароўя. У маршы ішлі псыхіатры, псыхолягі, прадстаўнікі неўрадавых арганізацый, а таксама пацыенты, іх блізкія і сябры. Удзельнікі шэсьця перадалі намесьніку міністру здароўя пэтыцыю з патрабаваньнем правесьці рэформу псыхіатрычнай апекі ў Польшчы. Адна з праблем – стэрэатыпы на тэму псыхічных растстройстваў. Існуе меркаваньне, што псыхічна хворыя могуць быць небясьпечныя для акружэньня, таму найлепш лячыць іх у закрытых бальніцах, хаця дасьледаваньні паказваюць, што так не павінна быць, - гаворыць псыхіатар, былы міністар аховы здароўя Марэк Баліцкі.

М. Баліцкі: Пра гэта, між іншым, ішла гаворка на Кангрэсе – як грамадзтва бачыць асоб з псыхічнымі расстройствамі. Людзі часьцей за ўсё баяцца псыхічна хворых, ім здаецца, што яны могуць быць небсьпечнымі, і таму грамадзтва хацела б, каб такіх асоб лячыць у закрытых лячэбных установах, найлепш дзесьці далёка ад горада. Кангрэс стараецца перамагчы гэты стэрэатып, растлумачыць людзям, што трэба мяняць падыход да лячэньня. Вопыт і польскіх, і эўрапейскіх лекараў паказвае, што найлепшыя эфэкты прыносіць лячэньне непадалёк ад месца жыхарства пацыента. Дарэчы, падтрымка і часам лячэньне патрэбнае ня толькі пацыененту, але і ягонай сям'і. А прасьцей за ўсё такую падтрымку аказаць на месцы. Лепш не ізаляваць, а даць шанец быць нармальным грамадзянінам, каб можна было хутка вярнуцца на працу або гэтай працы ня страціць.

Лекары ды ўсе асобы, якія займаюцца псыхічным здароўем палякаў, хочуць аказаць ціск на палітыкаў, каб яны зьмянілі падыход да сыстэмы лячэньня псыхічных захворваньняў.

М. Баліцкі: Каб хворых лячыць не ў вялікіх шпіталях на правінцы, а ў малых цэнтрах хуткай псыхічнай дапамогі на месцы, у гарадах. Дарэчы, гэта была б больш ашчадная сыстэма. Цяпер каля 70% сродкаў прызначаецца на дарагое шпітальнае лячэньне. А ў некаторых краінах Эўропы на шпіталі прызначаецца менш за 10% усіх сродкаў, якія ідуць на псыхіатрыю. Важна разьвіваць цэнтры дзённай дапамогі, дзе пацыенты знаходзяцца толькі некалькі гадзін у суткі, месцы, дзе праводзіцца лячэньне праз розныя працоўныя заняткі. Калі б мы пазванілі цяпер у варшаўскія клінікі, то аказалася б, што асоба з псыхічным расстройстваў будзе прынятая толькі праз 2-3 месяцы. Уявіце сабе, што чалавек, які зламаў руку, трапіць да доктара толькі праз два месяцы. А псыхічная траўма бывае больш сур'ёзная, чым фізычная. У сваю чаргу, нельга адразу такога чалавека закрыць у шпіталі, бо гэта выклікае іншыя шкоды.

Ня толькі псыхіатры разумеюць, што сыстэму лячэньня псыхічных захворваньняў неабходна мяняць. Таксама кіруючыя сілы прадпрымалі крокі на шляху зьменаў, была прынятая Нацыянальная праграма псыхічнага здароўя, але, на жаль, чамусьці не ўдаецца рэалізаваць прынятых прадпасылак. Праверку правяла Вышэйшая кантрольная палата, якая дала адназначны загаловак свайму дакладу: «Фіяска праграмы аховы псыхічнага здароўя». Удзельнікі ўчарашняга кагнрэсу псыхічнага здароўя спадзяюцца, што на гэты раз нешта ўдасца зьмяніць і хаця б крыху дагнаць Эўропу ў падыходзе да лячэньня псыхічных расстройстваў. Дарэчы, з-за шматгадовай нядбайнасьці ў гэтай галіне маладыя лекары вельмі неахвотна ідуць на псыхіатрыю, псыхіатраў не хапае, асабліва дрэнна сытуацыя выглядае ў дзіцячай і моладзевай псыхіатрыі. А маладыя людзі ўсё часьцей не спраўляюцца з тэмпам жыцьця і штодзённым стрэсам, многім таксама патрэбная дапамога псыхіатраў або псыхолягаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт